Першую беларускую музычную прэмію ў эміграцыі «Uwaga!» далі 13 красавіка ў варшаўскім клубе «Scena Chmielna», дзе сабралася паўсотні беларусаў.
Прэмію выдалі ў 11 намінацыях.
«Песня года» – «Emigrant Song» Leibonik-а (Сяргея Башлыкевіча). Пераможца не змог асабіста прысутнічаць на прэміі, але выступіў праз відэасувязь з Нідэрландаў. Намінавалі таксама песню «Я вернусь домой» гурта «Дай дарогу!»
«Альбом года» – альбом «Там» Leibonik-а. Намінавалі таксама іншыя альбомы ў самых розных жанрах, ад «Музыка сфер» рэгі-гурта «Botanic Project» да «Зямля пад чорнымі крыламі: Кроў» блэк-мэтал-гурта «Dymna Lotva».
«Гурт года» ў эміграцыі – «Дай дарогу!»
«Выканаўца года» – галасы падзялілі па-роўнаму Аляксандр Памідораў і Кетэван, дык прэмію далі абодвум.
«Адкрыццё года» – «Kurwadziki». Намінавалі таксама праект «Эмігранты» гурта «Volski», праект «ДСП» ад «Разбітага сэрца пацана», гурты «Nochy» і «Rodvaloth», Анастасію Рыдлеўскую, Pan-а Savyan-а, а таксама традыцыйныя канцэрты-джэм па серадах на «Сцэне хмельнай».
«Пераадкрыццё года» ў эміграцыі – Сяргей Пукст (разам з яго альтэр-эга, Георгіем Дабро). Намінантаў было шмат: «Atesta», «N.R.M.», «:B:N:», «Irdorath», Аляксандр Памідораў.
«Прыз глядацкіх сімпатыяў» – «Naviband». Яны не змаглі наведаць прэмію асабіста, запісалі да гледачоў відэазварот. Намінантаў тут не было: усім ахвочым перад прэміяй прапанавалі назваць любога выканаўцу ў сацсетках і праз онлайн-форму. Часта называлі таксама Свету Бень, гурты «Dzieciuki», «Сіндром самазванца» і «Botanic Project».
«Падзея года» ў эміграцыі – фэст «Варушняк».
«Дабрачыннасць года» – марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно», у якім бралі ўдзел у тым ліку і беларускія музыкі. Змагалася ў намінацыі таксама паездка Піта Паўлава з канцэртамі для беларускіх ваяроў ва Украіне і «Дом творцаў» Сержука Доўгушава.
«Клуб года» – варшаўская «Scena Chmielna», дзе і ўручалі ўзнагароды. Клуб перамог іншыя пляцоўкі нават пры тым, што чальцоў журы, звязаных з клубам, пакінулі без голасу ў намінацыі.
«Арганізатар года» – «Wild Beat Sound».
Кожны пераможца атрымаў дыплом і «камплемент» ад бару.
З акустычнымі праграмамі выступілі Юрый Стыльскі (лідар гурта «Дай дарогу!»), Алесь Францішак-Мышкевіч (лідар «The Superbullz») і гурт «Atesta». Песня Стыльскага «Экстрэміст» спантанна перарасла ў спеў «Муры» ўсёй залай. На «afterparty» для наведнікаў граў Сяргей Пукст.
Вядоўцы прэміі – прадзюсар і сузаснавальнік клубу «Scena Chmielna» Віталь Броўка і радыёвядоўца, суагранізатарка прэміі Марына Савіцкая. Таксама суарганізатарам прэміі выступіў былы дырэктар менскага паба «Графіці» Аляксей Ажогін.
Ажогін, Броўка і Савіцкая ўвайшлі ў склад журы. Таксама ў журы былі галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў, прадзюсар Павел Юрцэвіч, музычныя журналісты Вячаслаў Радзівонаў і Аляксандр Чарнуха, арганізатарка канцэртаў Інэс Сянкевіч.
Пакуль атрымалася прэмія найперш для беларускай сцэны ў Польшчы і Варшаве ў прыватнасці. Прэмія, казаў «Белсату» Ажогін, яшчэ маленькая, яе робяць два чалавекі без інвестараў і на голым энтузіязме. Але ў наступным годзе, спадзяецца ён, пашырыцца і каманда, і склад удзельнікаў, бо беларускія музыкі-эмігранты цяпер жывуць не толькі ў Польшчы і не толькі ў Еўропе.
Hавiны
Ці можа штучны інтэлект напісаць «Тры чарапахі»? Мы праверылі, атрымалі чатыры варыянты
2024.04.09 20:58
Алесь Наваборскі belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS