Каманда «BELPOL» распавяла гісторыю рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі «Усход», дзе прапісаныя ягоныя сыны, нявесткі і ўнукі. Паводле аўтараў расследавання, ЖК «Усход» (афіцыйная назва рэзідэнцыі па дакументах) стаў самым вялікім хабарам, які атрымліваў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі.
Упершыню аб будаўніцтве гэтай рэзідэнцыі паведаміла газета «Наша Ніва» у 2011 годзе.
Зямельны ўчастак, на якім размешчана рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі «Усход», спачатку займаў плошчу больш за 7,075 гектара – яго кадастравы кошт цяпер ацэньваецца амаль у $ 3 мільёны. Потым Менаблвыканкам выдзеліў у бестэрміновае карыстанне яшчэ 10,5 гектара зямлі ў прыродаахоўнай зоне побач з папярэднім участкам.
Рэзідэнцыя «Усход» знаходзіцца пад кантролем Службы бяспекі Лукашэнкі, якая забяспечвае прапускны рэжым для персаналу абслугоўвання. У дакументах КДБ рэзідэнцыя на Менскім моры праходзіць як абʼект «Усход». Туды праведзена лінія ўрадавай сувязі.
Самы буйны з жылых дамоў рэзідэнцыі «Усход» – дом Лукашэнкі агульнай плошчай 1157,7 квадратных метра. Гэта трохпавярховы будынак з бруса з трыма тэрасамі, фантанам, унутраным абліцоўваннем з мармуру і граніту. На тэрыторыі рэзідэнцыі ёсць зона для барбекю, лазневы комплекс, фізкультурна-аздараўляльны цэнтр, пляцоўкі для гульні ў міні-футбол, баскетбол, тэніс, батут і персанальны пляж у прыбярэжнай зоне.
Як зазначаюць аўтары расследавання, за рэзідэнцыю Лукашэнкі была адказная кампанія Dana Holdings. Асноўнымі ўладальнікамі Dana Holdings лічацца сербскія бізнесмены браты Багалюб і Драгамір Карычы, з якімі Лукашэнка добра знаёмы яшчэ з канца 90-х.
Паводле «BELPOL», пасля таго як Dana Holdings перайшлі правы на забудову «Менск Сіці» (цяпер – «Менск Свет»), кампанія братоў Карычаў у якасці дадатковай «сацыяльнай нагрузкі» атрымала і рэзідэнцыю «Усход». Фактычна Dana Holdings стала гаманцом рэзідэнцыі і яе інвестарам. У буйных праектах на тэрыторыі «Усходу» (напрыклад, капітальны рамонт будынкаў) падрадчыкам заўсёды выступае Dana Holdings у асобе даччынай кампаніі Dana Astra. У тым ліку кампанія Карычаў замаўляла для галоўнага дому рэзідэнцыі італьянскую мэблю Provasi ручной працы з драўніны каштоўных парод: агульны кошт мэблі склаў 148 500 еўра. Плюс 2900 еўра на транспартныя расходы, бо мэблю дастаўлялі з Італіі.
Як сцвярджае «BELPOL», абслугоўваючы рэзідэнцыю «Усход», бізнес братоў Карычаў разлічваецца з Лукашэнкам за выдзяленне ім спецыяльным указам (без правядзення аўкцыёну) больш за 300 гектараў менскай зямлі пад забудову і за беспрэцэдэнтныя льготы – шматгадовае вызваленне ад падатку на прыбытак, правядзенне працаў па падрыхтоўцы тэрыторыі, будаўніцтва камунікацыяў і добраўпарадкавання за кошт бюджэту Менску. Частка ад атрыманых Карычамі звышпрыбыткаў і ідзе на ўтрыманне рэзідэнцыі «Усход».
Гісторыі
Як у «Беларускіх латарэяў» прасілі фінансаваць бульбасховішча Лукашэнкі, самбістаў і Талая
2024.04.14 20:03
Глеб Нержын belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS