A A+ A++

Выбары былі безальтэрнатыўнымі – Станіслава Гліннік, якая працуе памочніцай Святланы Ціханоўскай, зрабілася віцэ-спікеркай Каардынацыйнай Рады трэцяга склікання. Актывістка крытыкуе Раду, якой яна была апошні год, але верыць у саму ідэю інстытуцыі. Пра хібы ў Радзе і сваю ў ёй ролю Станіслава расказала «Белсату».

Станіслава Гліннік, памочніца Святланы Ціханоўскай. Вільня, Літва. 22 ліпеня 2024 года.

Фота: Белсат

– Падчас працы Каардынацыйнай Рады другога склікання інтарэс да інстытуцыі моцна ўпаў, а ў час апошніх выбараў у яе бок гучала шмат крытыкі. Што вас матывавала ўсё-ткі далучыцца да Рады?

– У мяне хіба застаўся незакрыты гештальт з другой Каардынацыйнай Рады. Спачатку я прымала ў ёй актыўны ўдзел, але пасля слуханняў перад Радай Пераходнага кабінету перастала ёй займацца. Мне было балюча, калі пасля справаздачы Паўла Латушкі аб працы па выкрыцці кейсаў вывазу ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі, першае пытанне, якое яму задалі, было: «Чаму вы спазніліся на 15 хвілін?». Уразіў таксама «допыт» Азарава. Але ў сам праект, у саму ідэю я верыла і веру. Я бачыла хібы, якія можна выправіць, а паколькі ў мяне ёсць бачанне таго, як іх выправіць, я пагадзілася. Мне цікава ўсё, што тычыцца дэмакратычных працэсаў у Беларусі і таго, як будзе выглядаць нашае жыццё пасля перамен.

Інтэрв’ю

Старшыня КР Анжаліка Мельнікава: Хачу даказаць, што ў канцы кадэнцыі выбарнікаў будзе ў 10 разоў больш

2024.07.25 08:00

– Вы казалі, што Каардынацыйная Рада – унікальны праект. Чаму?

– Мы летась шукалі прыклады протапарламенцкіх структураў, іншых урадаў за мяжой – іх няма, у такім фармаце дакладна. Спробы стварыць іх былі, але кожны раз усё хутка заканчвалася, так што якой бы Каардынацыйная Рада не была, з усіх сусветных прыкладаў яна найбольш устойлівая. У нас не было магчымасці атрымаць досвед парламенцкай дзейнасці, апазіцыйных палітыкаў у Беларусі ніколі паўнавартасна да гэтага не дапускалі, а ў Каардынацыйнай Радзе акурат рыхтуюцца актары будучай дэмакратыі. Да таго ж гэта пляцоўка, дзе па пэўных правілах дыскусіі можна выказваць розныя думкі, шукаць розныя падыходы, абмяркоўваць розныя канцэпты – вельмі важна вучыцца паміж сабой размаўляць і шукаць кампрамісы. Думаю, неўзабаве мы зоймемся пераглядам праектаў дакументаў, якія рыхтавалі і Офіс, і Кабінет, і іншыя структуры, кшталту праектаў рэформаў ці Канстытуцыі. У Каардынацыйнай Рады другога склікання была спроба зрабіць па іх слуханні, але яны не былі адкрытымі. Працэс трэба паўтарыць, адкрыта і празрыста, каб людзі разумелі, куды мы ідзем – шмат хто не ведае, што існуе нейкае бачанне гэтага. Пасля абмеркавання існуючых дакументаў трэба пачаць рыхтаваць дакументы, якіх яшчэ няма, і прайсці праз слуханні вострых тэмаў. У гэтым і сэнс Каардынацыйнай Рады – каардынацыя поглядаў, сумесных дзеянняў, нашага бачання.

– Ці праўда, што праца віцэ-спікеркі абсалютна бясплатная?

– Абсалютна. На сённяшні дзень у Каардынацыйнай Радзе заробак, нават не на поўную стаўку, маюць толькі супрацоўнікі сакратарыята, два ці тры чалавека. Сакратар не мае заробку, дэлегаты не маюць, спікер і віцэ-спікер таксама. Думаю, таму нас столькі пытаюць, чаму мы гэтым займаемся: цяжка сабе ўявіць, што 280 чалавек пры публічным хэйце, атрымліваючы крымінальныя справы ў Беларусі, балатаваліся на 80 неаплочваемых месцаў працы.

Станіслава Гліннік памочніца Святланы Ціханоўскай. Вільня, Літва. 22 ліпеня 2024 года.

Фота: Белсат

– А якую нематэрыяльную выгаду працы ў Каардынацыйнай Радзе вы для сябе бачыце?

– Безумоўна, атрыманне досведу. Таксама гэта папросту цікавы працэс – мне цікава гэтым займацца, удзельнічаць у дыскусіі са столькімі паважанымі беларусамі, трапіць у чат з такімі людзьмі. Хаця мне б, канешне, хацелася павышэння ўзроўню камунікацыі, думаю, мы будзем над гэтым працаваць цягам нашага тэрміну, бо бачым, што як толькі градус дыскусій зніжаецца, выкрысталізоўваецца вынік, кампраміс.

– А гэтыя хібы камунікацыі, якія вы заўважаеце, – гэта нешта агульнабеларускае ці, можа, адсутнасць досведу?

– Гэта не толькі беларуская праблема, паглядзець хоць бы, як біліся ва ўкраінскай Вярхоўнай Радзе, у брытанскім парламенце ўвогуле для дэлегатаў прадугледжаныя розныя захады, каб яны не біліся паміж сабой. На фоне некаторых палітыкаў мы вельмі прыстойна сябе паводзім, тым больш мы не ведаем, як адбываецца камунікацыя ўнутры, якія чацікі ў брытанскага парламенту. Пытанне, ці аб’яднанне, гэта калі ўва ўсіх аднолькавыя пазіцыі і думкі. Я лічу, што не, аб’яднанне – гэта пошук на пэўны перыяд супольных пунктаў, а там, дзе вы не сыходзіцеся, кампрамісаў. Мы павінныя менавіта ў такім сэнсе аб’яднацца – не трэба аднолькава ўяўляць будучую краіну, але Рада павінна адлюстроўваць пазіцыю ўсіх і даваць шанец усім выказаць свае ідэі.

– Па якіх асноўных пытаннях узнікаюць разыходжанні?

– Наконт узаемадзеяння паміж Офісам, Кабінетам і Каардынацыйнай Радай. Паводле аднаго падыходу, гэтыя структуры працуюць у адным кірунку і на розных узроўнях дзеляць паміж сабой абавязкі. А ёсць падыход, паводле якога Каардынацыйная Рада ўсталёўвае баланс, каб не было ўмоўнай «тыраніі» Ціханоўскай. Год таму я падтрымлівала ідэю Андрэя Ягорава, што Каардынацыйная Рада мусіць кантраляваць і балансаваць, у нас быў год, каб убачыць вынік – такі падыход не спрацаваў, працэсы ў Радзе замкнуліся на сабе, адносіны з партнёрамі сапсаваліся, адбылася маргіналізацыя. Зараз мы спрабуем аднавіць камунікацыю.

– У чым заключаецца вашая роля віцэ-спікеркі, калі патлумачыць простымі словамі?

– У першую чаргу – падтрымліваць у працы спікерку Анжаліку Мельнікаву. Нашая з ёй задача – наладзіць унутраныя працэсы, напрыклад, дамагчыся функцыянальнага сакратарыяту, зрабіць працу празрыстай і на розных узроўнях камунікаваць ад імя Рады, прадстаўляючы пазіцыі розных бакоў. Класна, што і ў мяне, і ў Анжалікі ёсць выдатны менеджарскі досвед, мы зможам без лішніх эмоцый зрабіць працу ў Радзе больш сістэмнай.

– Што пераважае ў вашай супрацы з Анжалікай Мельнікавай – сістэрхуд ці канкурэнцыя, бо вы належыце розным структурам?

– Ніякай канкурэнцыі я не адчуваю, амбіцыяў на пасаду спікера я не мела, калі шчыра, і на віцэ-спікера таксама. Мы ніколі не працавалі разам дагэтуль, але на сёння я б сказала, гэта абсалютны сістэрхуд.

– Ці дадатковая занятасць паўплывае на вашую працу ў офісе Святланы Ціханоўскай?

– Пакуль што я паспяваю займацца і тым, і тым, пагляджу, як будуць разгортвацца падзеі. Мая асноўная праца ў Офісе, я хацела б максімальна дапамагаць Святлане, так доўга, як гэта будзе магчыма, бо я веру ў тое, што яна робіць. А ў Радзе, нагадваю, праца валанцёрская. Так, я працую значна больш, чым 8 гадзін у дзень. Шчыра скажу, апошнія чатыры гады беларускі рух у розных працэсах, арганізацыях, актыўнасцях займае ўсё маё жыццё. Я прачынаюся а сёмай раніцы і іду спаць а першай ночы – амаль увесь гэты час за рэдкімі выключэннямі я займаюся чымсьці звязаным з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

– Як тое, што вы зараз знаходзіцеся ў дзвюх структурах, можа вам дапамагчы ў працы і як перашкодзіць?

– Дапамагчы можа ў камунікацыі: у мяне больш просты доступ да розных актараў нашых працэсаў, праз гэта ўсё робіцца прасцей і хутчэй. Увесь мінулы год было так: «мы не падпісалі пагадненне, таму што тыя яго блакуюць» – «не, тыя яго блакуюць!». Зараз людзі, якія і там, і там, могуць бачыць, у якой кропцы праблема, і дапамагчы яе вырашыць. Што мне можа перашкодзіць – тэарэтычна, калі на мяне хтосьці пачне ціснуць, каб я прасоўвала пэўную пазіцыю. Спадзяюся, такога не будзе.

Станіслава Гліннік памочніца Святланы Ціханоўскай. Вільня, Літва. 22 ліпеня 2024 года.

Фота: Белсат

– Вы крытыкуеце Каардынацыйную раду другога склікання – якія асноўныя хібы вы бачыце і як сённяшняя каманда і вы асабіста будзеце іх выпраўляць?

– У першую чаргу нам трэба пазбавіцца папулісцкіх заяваў. Была, напрыклад, практыка спехам рэгістраваць працоўную групу з класнай назвай, якая праз дзень станавілася мёртвай. Ува ўсіх справаздачах тым не менш пісалася, што ёсць такая працоўная група. Трэба маніторыць сапраўдную дзейнасць, і калі штосьці застапарылася, шукаць знешніх экспертаў альбо людзей унутры Каардынацыйнай Рады, якія маглі б перахапіць працэс. Па-другое, трэба наладзіць празрыстасць нашай працы – гэта рэгулярныя справаздачы, механізмы зваротнай сувязі, трансляцыі паседжанняў. Урэшце нам трэба зрабіць так, каб дэлегаты не гублялі час на вырашэнне тэхнічных пытанняў, а ведалі, як атрымаць доступ, дзе ляжаць дакументы, як унесці пытанне на парадак дня.

– Каардынацыйная Рада мае адлюстроўваць запыты беларускага грамадства – што гэта зараз за запыты?

– Калі мы паглядзім на праграмы, якія прадстаўлялі спісы, відавочна, што галоўных запытаў чатыры. Ёсць агульны – што рабіць і калі гэта скончыцца? Ёсць запыт на паляпшэнне адносінаў з украінскім бокам – у гэтым кірунку мы, канешне, будзем працаваць, тут у нас хапае экспертызы, ваяры, ветэраны, блізкія ім арганізацыі ўвайшлі ў склад Каардынацыйнай Рады. Ёсць запыт на мабільнасць беларусаў – гэта для нас шматкрокавае пытанне, спачатку трэба пабудаваць адносіны з парламенцкімі групамі іншых краін, каб яны былі нашым голасам у мясцовых урадах. Анатоль Лябедзька, які займаецца сеткай парламенцкіх груп сяброў Беларусі, пагадзіўся дапамагчы з кантактамі. І ёсць запыт на пазіцыю ў пытанні палітзняволеных. Гэта вострая тэма. Дзве асноўныя пазіцыі прадстаўленыя ў Радзе – блізкія палітзняволеных схіляюцца да таго, што мы мусім саступаць у любых пытаннях, калі гэта паспрыяе вызваленню, былыя палітзняволеныя кажуць, маўляў, не, я не хацеў бы, каб мной гандлявалі, мы павінны ціснуць на рэжым і прымушаць выпускаць палітзняволеных. У пытанні палітычных зняволеных хіба будзе новы віток дыскусій. Акурат у гэтым пытанні павінна быць актыўна задзейнічанае ўсё грамадства.

Інтэрв’ю

«Думаю паспрабаваць «нармальную» працу». Рэжысёр Максім Швед – аб прафесійным крызісе і шанцах ізноў зняць поўны метр

2024.07.20 09:23

Размаўляла Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułMistrzowie Internetu – Zamach na Andrzeja Dudę
Następny artykułWarszawa będzie Swiftie. Przedsiębiorcy liczą na żniwa życia podczas koncertów Taylor Swift