Калі верыць водгукам журналістаў і ўдзельнікаў, то ў мінулыя выхадныя наваколлі Браслава ўцягнулі ў сябе гэтак 40 000 беларусаў (і не толькі). Прынамсі, рэкорд мінулага году быў відавочна пабіты. Сонца паліла на ўсю моц, дождж (часам) ліўся ракой – разам з рознымі ахаладжальнымі напоямі. Ну і, галоўнае: грымелі канцэрты, палохаючы хатнюю (і не толькі) скаціну, а таксама жыхароў навакольных вёсак.
Вечарына, якая расцягнулася на два дні, відавочна ўдалася. Народ адцягнуўся па поўнай. І ўсё б нічога, але ў недружалюбных сацыяльных сетках, то тут, то там, чуецца гоман: «Гэта як жа так? У нас жа накшталт вайна, палітвязні, барацьба за “Новую Беларусь” 24 гадзіны ў содні? А яны, а гэтыя! Эх… Забыліся, здраднікі!»
Увогуле, выкарыстоўваюцца ў гэтае месца вельмі моцныя словы, вельмі грубыя выразы. Дык што: забыліся? Здраднікі? Не згодны. Дакладней, мне вельмі не хочацца з гэтым згаджацца. Мяркую, мы маем справу з зусім іншай з’явай.
Свядомасць нармальнага чалавека не можа пастаянна знаходзіцца ў стане ўзбуджэння, яна прывыкае. Прывыкае да ўсяго, да ўсіх вонкавых умоваў і перастае рэагаваць. Асабліва ў тых зонах, вобласцях, на якія сам чалавек не мае прамога ўплыву.
Спытай у кожнага з маладых, яркіх, энергічных наведвальнікаў гэтага фестывалю: «Вы за вайну ці супраць? Вы б хацелі, каб заўтра ўсе палітвязні апынуліся на волі?» Пераважная большасць адкажа: «Так! Вядома! Што трэба зрабіць?» І калі гэта патрэбнае будзе ў іх сілах, на ўзроўні «кінуць бюлетэнь у скрыню» альбо ахвяраваць пасільную суму грошай, яны абавязкова гэта зробяць.
Чаму я ў гэтым упэўнены? Дык не «Славянскі базар» жа! Гэта там усё па лінеечцы, ідэалагічна выверана і мёртвыя людзі на сцэне (тыпу Грышы Лепса) спяваюць такім жа мёртвым людзям у зале пра… пра нешта патрыятычнае, вельмі і вельмі важнае. А «Viva, Braslav!», ён жа пра іншае – пра адчуванне свабоды ўласнага выбару.
Ну, пачакайце, не кідайце ў мяне камянямі. Або патрацьце час і выберыце пабуйней. Так, гэта «дазволены фестываль», і вы там не ўбачыце ні захаваўшых самапавагу (беларускіх і расейскіх) гуртоў, артыстаў, ні іншых слядоў 2020 году. Але чамусьці мне здаецца, што паміж Клавай Кокай, якая «пакінула чат», разам з Лёшам Свікам, які падміргвае «Малінавым святлом», і афіцыйнай беларускай эстрадай зазор гадоў так у 40. І гэта я яшчэ не ўспамінаю пра невядомых мне герояў з TikTok, якіх разрываў натоўп у ваколіцах Браслава.
Мяне не кранаюць фота, відэа з гэтага фестывалю. Я не хачу, каб людзі пакутавалі там, дзе яны могуць гэтага не рабіць. Калі ўжо мы прапагандуем свабоду як вышэйшую чалавечую каштоўнасць, то дзіўна было б патрабаваць яе абмяжоўваць толькі прыемнымі нам асабіста перформансамі.
Турбуе мяне тут іншае. Гэта было цалкам і цалкам свята расейскай папсы. І вось гэта – бяда.
Культурны зігзаг у рэжыму атрымаўся выбітны. Спачатку трэба было зачысціць уласнае музычнае поле так, каб нават на афіцыйных мерапрыемствах выбар абмяжоўваўся вечназялёным Ярмоленкам, белазубым Саладухам ды сёстрамі Груздзевымі, якіх добраахвотна слухаць можна толькі ў змененым спецрэчывамі стане свядомасці.
Тым, хто жадае паспрачацца з такім становішчам справаў, нагадаю, што гэдлайнерамі афіцыйнага канцэрту да адной урачыстай даты былі Павалій, Кадышава ды Газманаў, да іншай (канцэрт ля Стэлы) – хор Турэцкага з нададзенымі ў яго распараджэнне Пелагеяй і Дзянісам Майданавым.
Пасля захопу песеннага рынку Ганнай Сялук (яна ж нявестка Лукашэнкі!) неяк у нас адкрыта жыдкавата стала з эстрадаю. Няма кім заканчваць афіцыйныя канцэрты. Ну нельга ж сабе сур’ёзна ўявіць, што цвярозы глядач ірване ў скокі пад эпічны хіт «Ах, Аляксандр!».
Так зачыстка палітычнага поля ад іншадумства прывяла, з усёй відавочнасцю, да чарговага этапу каланізацыі Беларусі. І людзі, гледачы тут не вельмі й прычым. Для гэтага трэба было моцна папрацаваць там, наверсе.
А ці магло быць па-іншаму, спытае мяне чытач, які ўмее разважаць. Бо мы, аб’ектыўна, як не вельмі вялікая нацыя, знаходзімся на арбіце больш магутнай культуры – куды ж нам цягацца з гэтым уплывам?
Тут я павінен нагадаць чытачу, які дабраўся да гэтага месца, што 10-мільённая Швецыя пастаянна пастаўляе на сусветны эстрадны рынак вельмі моцныя калектывы і індывідуальных выканаўцаў. Там гэта канвеер і памер тэрыторыі альбо насельніцтва ніяк іх не бянтэжыць. ABBA, Ace Of Base, Roxette, Army Of Lovers і многія-многія іншыя.
Кажуць, там асаблівая ўвага надаецца дзіцячым музычным школам, а яшчэ там 500 дарослых хораў, у якіх спяваюць 600 000 чалавек – ну, вось так яны забаўляюцца. А яшчэ ўрад, у які прарваліся прыхільнікі року, праз Нацыянальны савет па культуры выдзяляе штогод 1 млрд шведскіх крон (больш за $ 100 млн) толькі на гранты мясцовым маладым музыкам, каб яны маглі займацца выключна творчасцю. Жудасныя норавы на гэтым Захадзе, праўда?
Не хочацца ёрнічаць, ды і летні камерцыйны фестываль тут па вялікім рахунку і ні пры чым. Але калі б атрымальнікамі бюджэтных ганарараў былі не Лепс з Кадышавай, а сапраўды маладыя таленавітыя беларускія артысты… не, не такія, што спяваюць песні Анны Сялук у аранжыроўках 1972 году, а нармальныя. Хоць бы тыпу Клавы Кокі, я ўжо не кажу пра ABBA… Магчыма, тады з культурнай незалежнасцю краіны было б крыху інакш.
А ці была ў нас свая ABBA? Вядома! Мулявінскія «Песняры» былі зʼявай ніяк не меншага памеру. Былі.
P. S. У тыя выходныя, калі грымеў «Браслаў», мне пашанцавала наведаць «Летуцень» у Кракаве. І было выдатна! Фестываль таксама расце: хай не 40 000, але 3-4 тысячы гледачоў таксама нядрэнна правялі час з беларускімі майстрамі, артыстамі, кухняй. Паслухалі беларускіх блогераў і патанцавалі пад «Разбітае сэрца пацана» і Leibonik. І гэта таксама было пра свабоду. Свабоду выбару.
/ ІР
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS