«Белсат» расказвае пра палітычна матываваныя прысуды, затрыманні і арышты, якія без перапынку адбываюцца ў нашай краіне.
Палітвязня Вячаслава Малейчука збіраюцца ў трэці раз судзіць за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. Вячаслаў асуджаны да 23 гадоў калоніі. Але ў лютым 2023-га яго зноў прызналі вінаватым паводле арт. 411 і дадалі адзін год калоні. Пазней, ужо ў калоніі №9, прайшоў чарговы суд, дзе яму дадалі яшчэ два гады па ч. 2 арт. 411 КК. 7 жніўня ў судзе Мазырскага раёна Вячаславу могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.
26 ліпеня ў Менскім гарадскім судзе пачаўся працэс над Надзеяй Каранкевіч паводле двух крымінальных артыкулаў: арт. 361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») і арт. 361-3 («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце»). Дзяўчыну затрымалі восенню 2023 года.
У Менскім гарадскім судзе пачаўся працэс па справе аб «падрыхтоўцы тэракту ў Дзень Перамогі пад куратарствам Кіева». На лаве падсудных апынуліся Валер Водзін, Андрэй Грыгор’еў, Вікторыя Волчак, Ганна Савачкіна і яе маці Таццяна Русак. У віну ім ставяцца адразу шэсць артыкулаў, сярод якіх такія, як «Здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «Акт тэрарызму» (ч. 2 арт. 289 КК). Працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме.
Сілавікі прымусілі менчука звесці татуіроўку «А.С.А.В.». На «пакаяльным відэа» мужчына сцвярджае, што яму стала дрэнна на вуліцы і ён звярнуўся па дапамогу да міліцыянтаў. Тыя адвезлі яго ў бальніцу, дзе заўважылі ў яго «экстрэмісцкую татуіроўку». У відэа гаворыцца, што пазней мужчына прыйшоў у ГУБАЗіК і паказаў, што перабіў гэтае тату.
Інфармацыйная прадукцыя YouTube-канала «Дай Дарогу!» прызнаная судом «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гэта адбылося па заяве пракурора Бешанковіцкага раёна.
Менскага музыку і вядоўцу святаў Паўла Пашкевіча будуць судзіць 30 ліпеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Менска. Яго абвінавачваюць паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Паўла затрымалі ў канцы траўня за татуіроўку, на якой лацінкай напісана «Žyvie Biełaruś».
У Беларусі 7 новых палітвязняў: Ігар Жывалун, Наталля Левая, Юрый Лагадзюк, Таццяна Францкевіч, Наталля Лабацэвіч, Алеся Дзернакоўская, Аляксандр Сырыца.
У Гомельскім абласным судзе праходзіць працэс супраць Антона Лісічкіна, якога судзяць паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») Крымінальнага кодэкса.
Праўладны тэлеграм-канал паведаміў аб затрыманні беларуса, які ў 2020 годзе браў удзел у пратэсных акцыях у Берасці. На відэа, знятым сілавікамі, малады чалавек кажа, што яго завуць Уладзіслаў Вітальевіч. Ён «сазнаецца» на камеру, што браў удзел у пратэстах у 2020 годзе. Яго затрымалі пры вяртанні з Польшчы на радзіму.
Грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, асуджанага да расстрэлу ў Беларусі, унеслі ў спіс «экстрэмістаў». Ягонае прозвішча з’явілася ў «экстрэмісцкім» спісе МУС ад 26 ліпеня.
Праваабаронцы «Вясны» падлічылі агульную лічбу затрыманняў за другі квартал 2024 года. З 1 красавіка па 31 чэрвеня ў Беларусі было зафіксавана 1756 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (ператрусы, выклікі на допыты, суды і г.д.), з якіх 450 – гэта затрыманні.
Сілавікі затрымалі жыхара Горадні, які зняў чаргу ў аддзяленне ДАІ, дзе ставяць на ўлік аўтамабілі. Сілавікі прымусілі мужчыну запісаць відэа, у якім ён «раскайваецца» ў тым, што выклаў ролік, і просіць прабачэння ў супрацоўнікаў ДАІ за «выкліканыя нязручнасці».
Раман Шавель belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS