A A+ A++

Ці можна працаваць на ноўтбуку на пляжы пад сонцам? А тэлефанаваць са смартфона падчас навальніцы? Як глабальнае пацяпленне, з наступствамі якога сёлета Беларусь сутыкнулася напоўніцу, уплывае на працу інжынерна-тэхнічных прыладаў і збудаванняў і ці можа прывесці да катастрофаў? Шукаем адказы на пытанні разам з навукоўцам-хімікам, футуролагам, экспертам у грамадзянскай бяспецы Сяргеем Бесарабам.

Дождж у Менску. Гарадскія камунікацыі не ўсюды спраўляюцца з плынню вады, таму ў некаторых частках гораду ўтварыліся вялікія лужыны і патопы. Менск, Беларусь. 6 ліпеня 2022 года.

Фота: Белсат

Пры якіх умовах можа загарэцца смартфон?

Смартфон ад высокіх тэмператураў можа перагрэцца і адмовіцца працаваць, кажа Сяргей Бесараб:

«У іх убудаваныя тэмпературныя датчыкі, і ў выпадку крытычнага перагравання тэлефон вам паведаміць. У такім стане прылада – смартфон ці ноўтбук – запавольваецца, у яе зніжаецца частата працы працэсара, яна можа сыходзіць у спячы рэжым».

У радыёэлектроннай тэхнікі ёсць рэкамендаваны тэмпературны рэжым, пры перавышэнні якога не гарантуецца стабільная праца прылады. Пры пераграванні пачынаецца тротлінг працэсара – дынамічнае зніжэнне тактавай частаты.

«Надзейнасць радыёэлектронных прыбораў экспаненцыйна зніжаецца з ростам тэмпературы», – зазначае навуковец.

Калі пераграванне працягнецца, можа пачаць плавіцца прыпой, здарацца кароткія замыканні – «і на тэхніцы можна ставіць крыж», кажа Сяргей Бесараб.

Пажару ад перагравання паўправадніковых элементаў – крэмніевых чыпаў – не здарыцца. Аднак у смартфонах ёсць яшчэ літыевыя акумулятары, якія якраз і могуць загарэцца.

«Літыевыя акумулятары пры высокіх тэмпературах хутка выходзяць з ладу, паскараецца іх старэнне. Пры 25 °С ёмістасць акумулятара зніжаецца на 85 % праз год. Пры 60 °С такі ўзровень дасягаецца ўжо праз тры месяцы, – тлумачыць навуковец. – Калі чалавек пакінуў тэлефон чорнага колеру на вуліцы пад сонцам, і ён нагрэўся да 200 °С, ёсць імавернасць, што акумулятар загарыцца, не кажучы ўжо, што тэрмін яго працы скароціцца вельмі сур’ёзна».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.

Фота: Белсат

Як абараніць тэлефоны і ноўтбукі ад спёкі?

Ноўтбукі больш уразлівыя да высокіх тэмператураў, зазначае суразмоўца:

«У ноўтбуку больш металу, таму тэмпература хутчэй распаўсюджваецца, чымся ў смартфоне, дзе шмат пластыку, у якога меншая цеплаправоднасць. Акрамя таго, ноўтбукі часцей фарбуюць у чорныя колеры, што таксама спрыяе награванню».

Каб пазбегчы перагравання тэхнікі, адмысловец раіць:

  • набыць док-станцыю з прымусоваю вентыляцыяй– адмысловую падстаўку для ахалоджвання;
  • у красавіку – траўні, пакуль спёка яшчэ не пачалася, пачысціць вентыляцыю, змазаць кулер, калі ён ёсць;
  • пазбягаць награвання тэхнікі беспасярэднім сонечнымі прамянямі;
  • наклеіць на ноўтбук адмысловую вінілавую плёнку срэбнага ці іншага светлага колеру – яна будзе адлюстроўваць сонечныя прамяні, асабліва калі прылада стаіць у сонечным месцы ці вы шмат часу праводзіце з ёю на дварэ;
  • для чорнага смартфона набыць футарал белага ці жоўтага колеру.

Разбор

«Будзе ўсё больш экстрэмальных з’яваў надвор’я». Чым змяненне клімату пагражае Беларусі?

2024.07.21 17:17

Як спёка ўплывае на колькасць ДТЗ?

Вельмі высокія тэмпературы змяняюць структуру дарожнага пакрыцця, плавяць асфальт. У выніку змяншаецца счапленне апонаў з дарогаю, робіцца даўжэйшы тармазны шлях. Але гэта больш уласціва краінам з трапічным кліматам, зазначае Сяргей Бесараб:

«Напрыклад, з Кувейту ўвесь час прыходзяць навіны, што там праз спёку «паплылі» дарогі, тратуары, асфальт на іх, бо нагрэўся да 100 °С. На паркінгах плавяцца пластыкавыя дэталі».

У краінах сярэдняй паласы, у прыватнасці ў Беларусі, спёка ўплывае на рух транспарту найперш праз чалавека як самае слабое звяно ланцуга, адзначае навуковец:

«Хуткасць рэакцыі пры павелічэнні тэмпературы да 30 °С памяншаецца на 30 %. Зніжаецца адэкватнасць рашэнняў, здараецца тэрмічны, асматычны стрэс, асабліва калі чалавек мала п’е. Арганізм на ўсё гэта рэагуе стомай. У выніку на 15–20 % павялічваецца колькасць ДТЗ».

Але ёсць і тэхнічныя акалічнасці. Пры высокай тэмпературы зніжаецца эфектыўнасць гідраўлічнай тармазной сістэмы. Тармазная вадкасць кіпіць пры 200 °С. У звычайных умовах такія лічбы недасяжныя.

«Але калі гэтая вадкасць рэдка змяняецца, старэе, акісляецца, у яе трапляюць кавалачкі металу, солі, якія выступаюць у якасці ўмоўнага каталізатара старэння, кропка кіпення зніжаецца. Старэнне тармазной вадкасці зніжае тэмпературу кіпення нават да 100 °С. Гэта моцна памяншае эфектыўнасць працы тармазоў і павялічвае тармазны шлях», – тлумачыць Сяргей Бесараб.

Суразмоўца не раіць у моцную спёку садзіцца за стырно, у той час як «у нас усё наадварот: як толькі спякотнае надвор’е – усе некуды едуць».

Навуковец прыгадвае невідавочныя наступствы спёкі ў вялікіх гарадах: выпадкі, калі «шкляныя» хмарачосы выступаюць у ролі лінзы – факусуюць сонечнае святло і могуць ім штосьці падпаліць.

«Памятаеце, як у дзяцінстве мы запальвалі лінзамі травінкі і падобнае? Адзін з самых вядомых прыкладаў – хмарачос «Walkie-Talkie» ў Лондане. Ён на адлегласці плавіць пакеты, пластыкавыя вёдры, лесвічныя парэнчы ў дамах вакол, люстэркі ў машынах, – распавядае Бесараб. – Такі будынак-лінза ёсць у Лас-Вэгасе – гатэль «Vdara». Ён так факусаваў сонечныя прамяні, што асобам у басейнах падпальваў валасы, апякаў спіны, камусьці расплавіў станік».

БелАЭС.

Крыніца:  Minenergo_by / Telegram

Ці можа спёка прывесці да аварыі на АЭС?

Паводле Сяргея Бесараба, усе збудаванні ў Беларусі не разлічаныя на глабальнае пацяпленне: існыя будаўнічыя і інжынерныя нормы не ўлічваюць змяненняў клімату, з якімі нашая краіна сутыкаецца.

«Паводле старых нормаў будуецца ўсё, у тым ліку трансфарматары, ЛЭП, ТЭЦ. Таму не дзіўна, калі пры павышэнні тэмпературы гэта ўсё пачынае перагравацца, вылятаць і выгараць», – зазначае навуковец.

Што датычыць атамных станцыяў, іх спынялі, напрыклад, у Францыі ў 2022 годзе падчас моцнай спёкі. Але не таму, што самым станцыям пагражала небяспека, а каб пазбегчы цеплавога забруджвання асяроддзя:

«Падчас працы АЭС скідваюць рэшткі цяпла ў наваколле. Найчасцей – у вадаёмы: рэкі, мора, ахаладжальныя сажалкі. АЭС, пабудаваныя ля рэк, выкарыстоўваюць праматочнае ахалоджванне: бяруць ваду з ракі, праганяюць праз збудаванні станцыі і скідваюць ужо крыху нагрэтую ваду ў раку ніжэй па плыні».

Чым вада халаднейшая, тым эфектыўней працуе АЭС. Калі вада цёплая, эфектыўнасць зніжаецца, зазначае эксперт. Нічым іншым такая сітуацыя атамнай станцыі не пагражае, у адрозненне ад навакольнай экасістэмы:

«Падчас спёкі АЭС павялічваюць цеплавое забруджванне. Гэтая тэма пакуль недастаткова раскрытая эколагамі і навукоўцамі. Калі ў АЭС паступае ўжо даволі цёплая вада, на выхадзе яна яшчэ больш нагрэтая, што літаральна «варыць» рыбу, расліны, змяняе мікраклімат і экалогію. І гэта ў дадатак да кліматычных зменаў. Таму падчас анамальнай спёкі шмат якія АЭС скідваюць магутнасці ці нават прыпыняюць блокі, каб не пераграваць рэк».

Гэта менш датычыць АЭС, пабудаваных на беразе мора, ці закрытага ахаладжальнага цыклу, у якіх цяпло праз градзірні перадаецца атмасферы, а не вадзе з ракі, а астатняе зноў ідзе ў контур ахалоджвання, тлумачыць навуковец. Да такога тыпу адносіцца БелАЭС, якая, хоць і падсілкоўваецца з Вяллі, аднак бярэ меншы аб’ём, чымся патрэбны для праматочнага ахалоджвання.

«Але праз глабальнае пацяпленне сток Вяллі памяншаецца, і гэта ў сваю чаргу можа зрабіць тэхналагічна складанейшым функцыянаванне БелАЭС, – зазначае эксперт. – Сапраўднай жа праблемай для АЭС можа стацца поўная адсутнасць вады, як гэта пагражала Запарожскай АЭС. Калі, напрыклад, сток Вяллі агулам знікне, могуць пачацца праблемы».

А што з электрасеткамі?

Электрасеткі цярпяць найперш праз тэмпературныя аберацыі і як вынік – пашырэнне матэрыялаў, тлумачыць навуковец. І найбольшую ролю тут грае не сам нагрэў, а амплітуда нагрэў – ахалоджванне, асабліва калі яна рэзкая.

«Гэта ўласціва кантынентальнаму клімату – спякотна ўдзень, а ўначы тэмпература падае. Тады металічныя канструкцыі сціскаюцца і так паступова разбураюцца, – кажа Сяргей Бесараб. – Глабальнае пацяпленне ў Беларусі будзе выяўляцца менавіта ў падвышэнні кліматычнай амплітуднасці, калі хвалі моцнай спёкі будуць чаргавацца з хвалямі холаду і ападкамі. І гэтыя амплітуды будуць уздзеяць на неразлічаныя на іх металёвыя канструкцыі, у тым ліку ЛЭП».

Паводле суразмоўцы, беларускія ЛЭП уразлівыя да такіх з’яваў, бо старыя і зношаныя:

«Пра гэта казалі яшчэ падчас будаўніцтва АЭС, што патрэбныя новыя ЛЭП, а на іх няма грошай. Выкарыстанне старых прывядзе да абрываў і павялічыць выдаткі на рамонт».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.

Фота: Shantanu Kumar / Pexels

Ці можна карыстацца тэхнікаю падчас навальніцы?

Можна – на свой страх і рызыку, кажа навуковец. Найперш небяспеку ўяўляе статычная электрычнасць. Нават далёкі разрад маланкі генеруе магутны ток у правадніках: асабліва ўразлівыя тут даўгія кабелі і антэны, але працяглыя праваднікі ёсць таксама ў смартфонах.

«Раней заўсёды кабель адключалі ад тэлевізара, і часам у момант набліжэння навальніцы можна было ўбачыць іскры з яго, нават калі маланак яшчэ як такіх не было відаць, – адзначае эксперт. – Так, збой электратэхнікі здараецца адначасова з разрадам маланкі. Але разрад можа быць далёка ад назіральніка, незаўважным, нават у хмары. Гэты эфект можа здарыцца задоўга да сапраўднай навальніцы. Таму ў вёсках казалі, што электроніка згарае перад навальніцаю. Насамрэч яна згарае, калі недзе у аблоках утвараецца іскра – маланка, якую мы не заўсёды можам бачыць».

Тэхніка вельмі ўразлівая да статычнай электрычнасці, зазначае навуковец і прыводзіць прыклады, калі камп’ютар уключаецца, калі чалавек заходзіць у пакой, ці перазагружаецца, калі чалавек падымаецца з-за стала:

«У мяне быў прыклад: калонкі пішчалі, калі я здымаў швэдар. У свеце былі выпадкі, калі жорсткія дыскі пачыналі павальней працаваць праз чалавечы крык ці выходзілі з ладу пра пэўную песню».

Захавальнік і дэтэктар статычнага зараду – гэта тачскрын у смартфоне, ён вельмі чулліва рэагуе на змену напружанасці электрычнага ці электрастатычнага поля праз навальніцу. Гэта можа выяўляцца ў, напрыклад, выпадковых уключэннях дадаткаў.

Ці можа маланка трапіць у смартфон?

Акрамя статычнай электрычнасці, ёсць і іншая небяспека – траплянне маланкі ў ЛЭП.

«І гэта вельмі непрыемная штука, – зазначае  Сяргей Бесараб. – Маланка – гэта жывая энергія. Гэта 5 гігаджоўляў энергіі, сціснутай у дзясятак мікрасекундаў. Магутнасць – да 500 тэраватаў. У той час як БелАЭС генеруе 1 гігават, то бок розніца – паумільена разоў. Калі маланка трапляе ў ЛЭП, то выпальвае ўсё на сваім шляху, пакуль не сцячэ ў зямлю. У такія моманты ў навакольных дамах «выгарае» ўся тэхніка. Гэта можа прывесці да пажараў. Таму людзі ўсталёўваюць громаадводы, разраднікі на трансфарматарных падстанцыях, дахах».

Ад маланкі найлепш абараняюць «старыя дзедаўскія плаўкія засцерагальнікі» – керамічныя цыліндры з невялікімі дратамі, кажа навуковец:

«Яны выкарыстоўваюцца з пачатку ХХ стагоддзя і вельмі надзейныя. Калі трапляе маланка, сучасны «аўтамат» не паспявае спрацаваць, ён спякаецца ў кроплю металу. А старыя засцерагальнікі паспяхова разрываюць лінію, і ў выніку дом абаронены».

Траплянне маланкі беспасярэдне ў тэхнічныя прылады, тыя ж смартфоны, малаімавернае, запэўнівае Сяргей Бесараб:

«Маланка б’е туды, дзе назбіраўся нейкі зарад. Таму кажуць не хавацца пад вялікімі дрэвамі, бо на верхавіне збіраецца зарад. Калі чалавек стане ў полі, падыме ўверх смартфон, на ім збярэцца статычная электрычнасць, то, вядома, маланка туды пальне. А ў кватэры, напрыклад, гэта выключана».

Пры карыстанні смартфонам на дварэ падчас навальніцы трэба памятаць пра статыку, якая можа прывесці да пашкоджання прылады, нагадвае эксперт:

«Але вас гэта не заб’е. Большая імавернасць, што маланка ўдарыць у вышку сотавай сувязі, чымся ў чалавека, які яе выкарыстоўвае, калі размаўляе».

Каб абараніць сябе і тэхніку ад маланкі, Сяргей Бесараб раіць зрабіць наступнае:

  • набыць датчык маланкі – гэта схема з убудаваным чыпам, які рэгіструе электрамагнітны імпульс ад навальнічнай актыўнасці і разлічвае адлегласць ад 1 да 40 кіламетраў, на якой ёсць успышка, так можна самастойна бачыць прыбліжэнне буры і падрыхтавацца;
  • карыстацца онлайн-сэрвісамі, якія паказваюць, на якой адлегласці маланкі, і іхную магутнасць;
  • пракантраляваць, ці стаяць на вашых дамах і электралініях разраднікі, ці працуе (і агулам існуе) дастатковае зазямленне.

Ганна Ганчар belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułKolejna nieudana próba eksmisji zbuntowanych mnichów z góry Athos
Następny artykułWielopak Weekendowy – Dowody, że facet zdradził