Цягам апошняга месяца афіцыйны Менск пайшоў на шэраг крокаў і агучыў мэсіджы, якія сведчаць пра намер наладзіць кантакт з Захадам для нармалізацыі стасункаў і аслаблення санкцыйнага ціску. Аднак пакуль нішто не ўказвае на тое, што гэтыя дзеянні даюць эфект. Ці наважыцца Аляксандр Лукашэнка на больш сур’ёзныя крокі – напрыклад, далейшае вызваленне палітычных вязняў?
Менск змяняе наратывы
Прыкметы карэктавання тактыкі афіцыйнага Менску на міжнароднай арэне пачалі назірацца з канца мінулага месяца.
27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка змяніў кіраўніка МЗС: замест Сяргея Алейніка быў прызначаны Максім Рыжанкоў. Паводле Паўла Латушкі, перад тым Рыжанкоў адказваў за непублічныя кантакты з Парыжам, якія актыўна вяліся апошнім часам і нібыта ўключалі ў сябе таемны візіт у Беларусь адмысловага прадстаўніка прэзідэнта Францыі. Адначасова Лукашэнка прызначыў кіраўніком сваёй адміністрацыі Дзмітрыя Крутога, а першаю намесніцаю кіраўніка – Наталлю Пяткевіч, якая займала тую ж пасаду ў перыяд так званай лібералізацыі 2009–2010 гадоў. Некаторыя назіральнікі ўспрынялі гэтыя прызначэнні як прыкмету ўзмацнення цывільнай наменклатуры ў супрацьвагу сілавікам (раней адміністрацыю ўзначальваў кадэбіст Ігар Сергеенка).
Каментар
Апошнія прызначэнні Лукашэнкі: тасаванне старой калоды
2024.06.27 22:09
2 ліпеня Лукашэнка заявіў, што неўзабаве могуць выйсці на волю некаторыя цяжкахворыя праціўнікі рэжыму. На наступны дзень з-за кратаў выйшлі 18 палітвязняў, сярод іх – хворы на рак былы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Паводле звестак «Белсату», дакументы на вызваленне прынамсі часткі палітвязняў пачалі рыхтаваць у калоніях прыкладна за тыдзень да дзяржаўнага Дня незалежнасці. То бок рашэнні пра вызваленне асобных палітзняволеных і кадравыя перастаноўкі прымаліся паралельна.
Каментар
«Палітычная гульня з Захадам». Ці пойдзе Лукашэнка на шырокую амністыю палітвязняў?
2024.07.22 16:26
4 ліпеня Лукашэнка на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацы ў Астане сустрэўся з генеральным сакратаром ААН Антонью Гутэрышам. Паводле прэс-рэлізу ААН, падчас перамоваў Гутэрыш выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. У прэс-рэлізе беларускага боку пра гэтую заўвагу згадак не было, але гаварылася пра «неабходнасць пачаць шырокі міжнародны дыялог».
Аналітыка
ІПСА, якая ледзь не выйшла з-пад кантролю. Чаму Лукашэнка адвёў войскі ад мяжы з Украінай?
2024.07.15 17:38
13 ліпеня Лукашэнка заявіў пра ліквідацыю напружанасці на мяжы з Украінаю, загадаў адвесці войскі і падкрэсліў, што з украінцамі трэба дамаўляцца. Раней, у канцы чэрвеня, афіцыйны Менск абмяняў пяцёх палітзняволеных грамадзянаў Украіны. Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны ў справе правоў чалавека Дмытро Лубінец, каментуючы гэтую навіну, зазначыў, што цяпер у іх ёсць «канал камунікацыі з беларускім бокам».
Пэўнае зніжэнне напружанасці фіксавалася на мяжы з ЕЗ: цягам апошняга месяца заўважна ўпала актыўнасць і агрэсіўнасць нерэгулярных мігрантаў на мяжы з Польшчаю. 15 ліпеня міністр Рыжанкоў заявіў, што Беларусь гатовая да дыялогу з Польшчаю: «Мы гатовыя прыняць любую польскую дэлегацыю, любых польскіх экспертаў, адмыслоўцаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва, каб разам паглядзець сітуацыю на мяжы». У той жа дзень часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павел Шыдлоўскі заявіў, што Менск гатовы да канструктыўнага дыялогу з Вашынгтонам.
16 ліпеня Лукашэнка апавёў, што хоча ўрэгуляваць стасункі з Польшчай і Літвой. На наступны дзень пастанавіў увесці бязвізавы рэжым для грамадзянаў 35 краінаў Еўропы. А 22 ліпеня на нарадзе пра развіццё прамысловасці заявіў, што Беларусі трэба ісці па шляху супрацы з Еўразвязам. Напярэдадні старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала заявіў у эфіры БТ, што могуць быць памілаваныя некаторыя палітвязні.
Цяжкасці інтэрпрэтацыі
Ні адна з гэтых навінаў сама па сабе не ёсць ні сенсацыйнаю, ні прарыўною. Кропкавае вызваленне палітычных вязняў, дээскалацыя на мяжы, заявы пра дыялог – усё гэта паасобку можна было назіраць і ў перыяд 2021–2023 гадоў. Аднак цяпер ёсць падстава казаць пра тэндэнцыю. Імаверна, адбываецца самая сур’ёзная пасля падзеяў 2020 года спроба афіцыйнага Менску прарваць міжнародную ізаляцыю. Аднак пакуль неэфектыўная.
Захад на сігналы Лукашэнкі рэагуе максімальна стрымана. ЕЗ і ЗША віталі памілаванне групы палітвязняў, але адразу нагадалі, што за кратамі застаюцца яшчэ каля 1400 асобаў. З асобнаю заяваю выступіла МЗС Францыі, заклікаўшы ўлады Беларусі працягнуць рух у кірунку вызвалення палітзняволеных. Ніякіх афіцыйных публічных сустрэчаў з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі з таго часу не адбылося. Заяваў пра гатовасць сесці за стол перамоваў з боку краінаў Захаду таксама не прагучала.
Праблема ў тым, што ЕЗ і ЗША словам Лукашэнкі ўжо даўно не вераць, а рэальныя крокі афіцыйнага Менску несуразмерны маштабу праблемаў. Больш за тое, улады Беларусі не здольныя «прадаць» сваіх дзеянняў такім чынам, каб у шчырасць намераў хтосьці паверыў.
Паказальная гісторыя з вызваленнем палітычных вязняў 3 ліпеня. У інтарэсах уладаў Беларусі было зрабіць гэтую падзею максімальна гучнай, публічнай і празрыстай. Аднак чамусьці ўсё адбывалася таемна, імёны памілаваных нідзе не публікаваліся. Ніхто не ведае, паводле якога прынцыпу выбіралі асобаў для вызвалення. Ніхто не ведае, чаму Лукашэнка абяцаў адпусціць цяжкахворых, а фактычна былі вызваленыя ў асноўным тыя, хто не меў аніякага дачынення да гуманітарнага спісу і ў каго тэрміны пакарання падыходзілі да завяршэння.
Адзін з еўрапейскіх дыпламатаў, які працуе ў Менску, праз тыдзень пасля вызвалення групы палітычных вязняў на ўмовах ананімнасці апавёў «Белсату», што ў іх дасюль бракуе інфармацыі пра гэтую падзею: у прыватнасці яны ведаюць толькі 6 з 18 імёнаў памілаваных і не разумеюць, на якіх умовах адпускалі людзей. Дэфіцыт інфармацыі ў сваю чаргу не дазваляе рабіць высноваў наконт сур’ёзнасці намераў Лукашэнкі. «Ці варта чакаць наступныя крокі ў вызваленню палітвязняў? Мы проста не разумеем», – канстатаваў дыпламат.
Сітуацыю пагаршае той факт, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыніліся і не былі нават сцішаныя на час палітычнай гульні з Захадам. Падкантрольныя спецслужбам Telegram-каналы працягваюць ледзь не кожны дзень апавядаць пра новыя арышты «змагароў», а Менскі абласны суд нядаўна вынес смяротны вырак грамадзяніну Нямеччыны Рыку Крыгеру. Цалкам магчыма, што Крыгера асудзілі на смерць толькі для таго, каб Лукашэнка яго потым мог памілаваць і нешта за гэта выгандляваць. Аднак такі беспрэцэдэнтны вырак у вачах Еўропы ў значнай ступені дэвальвуе папярэднія сігналы Менску наконт адкрытасці і дыялогу.
Каментар
Для каго Лукашэнка ўвёў бязвіз: для Захаду, Крамля, Кітаю?.. Наўрад ці проста для турыстаў
2024.07.19 21:04
Момант праўды
Рэжым Лукашэнкі за час свайго існавання ўжо некалькі разоў паспяхова праходзіў цыкл «замаразкі – адліга». У 2008 і 2015 гадах памірыцца з ЕЗ было дастаткова проста, бо палітвязняў тады можна было пералічыць на пальцах, масавыя рэпрэсіі не былі сістэмаўтваральным элементам унутранай палітыкі, а Беларусь не запляміла сябе суўдзелам у расейскай агрэсіі. Паўтарыць гэты трук цяпер амаль немагчыма. Таталітарная трансфармацыя, якую самаабвешчаны кіраўнік Беларусі распачаў у 2020-м, зрабіла рэжым фактычна не падлеглым «адлізе». У адкаце да сярэдняга аўтарытарызму ўзору 2015–2019 гадоў Лукашэнка бачыць экзістэнцыйную пагрозу для сябе: любая кіраваная «адліга» цяпер рызыкуе пераўтварыцца ў некантраляваную «перабудову».
То бок на поўнае вызваленне палітвязняў і згортванне рэпрэсіяў пры Лукашэнку разлічваць не выпадае. Аднак лакальная разрадка ўсё-ткі не выключаная.
Праўда, пакуль нават для лакальнай разрадкі не склаліся ўмовы. Спачатку Захад мусіць пераканацца ў сур’ёзнасці намераў афіцыйнага Менску. Імаверна, Лукашэнка гэта разумее, таму і агучвае вуснамі Сукалы тэзісы пра памілаванне некаторых палітвязняў. Цалкам магчыма, што расцягнутае ў часе вызваленне некалькіх групаў палітзняволеных – гэта не імправізацыя, а першапачатковая задума. Лукашэнку важна, каб ні сілавікі, ні Крэмль не ўспрынялі ягонай гульні як сімптом змены курсу, як сведчанне перагляду палітыкі бязлітаснага тэрору, якую ён праводзіць апошнія чатыры гады.
Разам з тым чым больш Лукашэнка руцінізуе гэты працэс, тым менш будзе эфекту ў стасунках з Захадам. Паўтор схемы памілавання 3 ліпеня не ссуне працэсу з мёртвага пункту. Для прагрэсу патрэбныя выразныя жэсты: напрыклад, рэальнае вызваленне ўсіх цяжкахворых або памілаванне групы топавых палітвязняў (праваабаронцаў, журналістаў і г. д.), якіх добра ведаюць на Захадзе.
Польшча вельмі выразна сфармулявала тое, якіх дзеянняў чакае ад Лукашэнкі: спыненне гібрыдных атак на мяжы, выдача забойцы польскага жаўнера і вызваленне журналіста Анджэя Пачобута. Толькі развязанне гэтых праблемаў будзе ўспрынятае як рэальны крок насустрач, падкрэсліваюць у Варшаве. Паводле медыяў, 23 ліпеня Польшча распачала новы этап перамоваў з Беларуссю наконт вызвалення Пачобута. У выпадку адмоўнага выніку перамоваў польскі бок разглядае магчымасць поўнага закрыцця памежных пераходаў.
Ці наважыцца Лукашэнка на рэальныя крокі насустрач Захаду? На гэтае пытанне няма адказу. Сітуацыя з роўнай імавернасцю можа павярнуцца як у адзін бок, гэтак і ў другі. Нельга выключаць, што сігналы пра гатовасць да дыялогу раптам могуць ізноў змяніцца мілітарысцкай рыторыкай і ядравым шантажом.
Глеб Нержын belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS