Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, выезду з Беларусі ў краіны ЕЗ цяпер чакае 515 легкавікоў і 25 аўтобусаў. Чэргаў няма толькі на беларуска-літоўскай мяжы, у астатніх пунктах пропуску што ў адзін, што ў другі бок даводзіцца чакаць амаль содні, калі ехаць машынаю. Аўтобусамі выходзіць шпарчэй.
У Берасці ў чарзе на выезд у Польшчу – 300 легкавых аўтаў, паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт. У Telegram-чатах пішуць, што на ўсё пра ўсё патрабуецца ад 16 да 19 гадзінаў. Пры гэтым сам дагляд хуткі, хваляць польскіх службоўцаў:
«Палякі сёння прыгажуны. Працуе шэсць каналаў. 10 хвілінаў – і выехалі».
У Тэрэспалі цяпер – прыкладна такая ж чарга, каля 300 легкавікоў, затое чакаюць крыху даўжэй: 22 гадзіны. На шляху дадому, як сведчаць падарожнікі, «палякі багаж не глядзелі, беларусы дасталі ўсё, але не прыдзіраліся».
У чарзе ў бок Польшчы, паводле Памежнага камітэту, 21 аўтобус. Пасажыры скардзяцца, што пакутуюць на мяжы сама меней 12 гадзінаў, нехта затрымаўся ажно на 18.
У спадзевах мінуць мяжу хутчэй падарожнікі спрабуюць розныя варыянты: напрыклад, едуць з Менску да Берасця на цягніку, потым на таксоўцы да тэрміналу і шукаюць месца ў найбліжэйшым да шлагбаума аўтобусе.
«У выніку ўся мяжа 9,5 гадзіны, і гэта з улікам таго, што мы ўлезлі ў першы бусік перад шлагбаумам», – падзяліліся адпаведным досведам у чаце.
Аўтобуснай чаргі ў Тэрэспалі ў бок Беларусі амаль няма. Паводле польскіх службаў, час чакання афармлення – каля гадзіны, аднак гэта толькі пачатак «прыгодаў». У чатах сцвярджаюць, што абедзве мяжы плюс «душэўныя размовы» спецслужбаў з украінцамі і некаторымі беларусамі агулам даюць каля 14 гадзінаў чакання.
Агляд
Што робіцца на мяжы пасля забароны ўезду ў Латвію на беларускіх нумарах?
2024.07.16 20:18
У «Беняконях» на мяжы з Літвою – 115 легкавікоў. Сярэдні час чакання – 16-18 гадзінаў. У «Шальчынінкаі» ў бок Беларусі – каля 20 аўтаў: 7 гадзінаў – і ўдома.
Аўтобуснай чаргі няма, што ў адзін, што ў другі бок на афармленне патрабуецца каля дзвюх гадзінаў.
У чарзе ў «Каменным Лозе» – 100 легкавых машынаў. Выезду ў Літву падарожнікі аддаюць 16-18 гадзінаў жыцця. Скардзяцца на літоўскіх службоўцаў:
«Уся замінка і працяглае чаканне на ўсіх этапах з увагі на мытню Літвы. Увесь час працаваў або не працаваў адзін афіцэр. Папрасіў адкрыць багажнік, задаў мінімум пытанняў: ці ўласнік аўта, якая віза, ці вязу спіртное і тытунь. Пра пасажыраў наогул не пытаўся».
У «Мядзінінкаі» ў бок Беларусі – 140 аўтаў, чакаць даводзіцца ажно 28 гадзінаў.
Аўтобусы ў Беларусь едуць хутка, а ў Літву сёння раніцай мяжу праходзілі за 7 гадзінаў, цяпер афармлення чакаюць 4 аўтобусы.
Пры гэтым ёсць сведчанні, што пры выездзе з Беларусі нашыя службоўцы, што нетыпова, запатрабавалі выгрузіць усе рэчы, у аднаго пасажыра валізу даглядзелі. Што шукалі, невядома.
Тым часам у чатах пачала распаўсюджвацца інфармацыя, што з заўтрашняга дня літоўскія мытнікі будуць спраўджваць наяўныя грошы пры выездзе ў Беларусь:
«З заўтрашняга дня Літва пачне ўзмоцнены кантроль. Вывазіць з тэрыторыі Літвы ў Беларусь гатоўкаю можна толькі 60 еўраў і да 10 тысячаў іншай валюты».
Літоўцы пачалі прыглядацца да грошай ужо сёння:
«На літоўскай мяжы сказалі дастаць усе рэчы, усё спраўджвалі, пыталіся, колькі грошай вязём, правяралі гаманцы, у некага – кішэні. Сказалі, не больш за 60 еўраў на асобу, долары везці можна. Сёння ў каго было больш, прапускалі, аднак памежнік сказаў, што потым будуць канфіскоўваць».
Агляд
«Палякі не шукаюць спецыяльна нічога». Як беларусы перавозяць тавары праз мяжу
2024.07.12 08:00
Адзіны пераход, што працуе на беларуска-латышскай мяжы, – самы свабодны. У «Грыгораўшчыне» ў бок Латвіі «20 хвілінаў у зоне чакання, 2 гадзіны беларусаў, 7 хвілінаў латышоў». У бок Беларусі перад шлагбаумам усяго 12 аўтаў.
Раней Латвія і Эстонія забаранілі заезд аўтамабіляў з беларускімі нумарамі, спасылаючыся на санкцыі ЕЗ. Літва таксама анансавала такую захаду, толькі з адтэрмінаваннем да 16 жніўня. Пакуль у гэтую краіну можна заехаць, калі за стырном уласнік. Паводле такога ж правіла Польшча пускае зарэгістраваныя ў Беларусі легкавікі.
У чатах ці то жартуюць, ці то сур’ёзна пішуць, што літоўцы на сваіх аўтах, карыстаючыся бязвізам, могуць наладзіць бізнес у перавозах пасажыраў:
«Едуць у Беларусь, бяруць чатырох пасажыраў і за грошы вязуць у Літву. Мяркую, чэргаў на выезд з Беларусі пасля 17 жніўня ўжо не будзе».
Агляд
«Трактаванне на нацыянальным узроўні». Чаму краіны Балтыі забаранілі беларусам уезд аўтамі?
2024.07.19 09:46
Сцяпан Кубік belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS