Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і мінулы прэзідэнт, кандыдат у прэзідэнты Злучаных Штатаў Доналд Трамп расказалі ў сацсетках пра сваю тэлефонную размову ў ноч на 20 ліпеня. Трамп паабяцаў «скончыць» вайну ва Украіне, але як, не сказаў.
Уладзімір Зяленскі напісаў у X (былы Twitter), што павіншаваў Доналда Трампа з намінаваннем кандыдатам у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі (той афіцыйна зрабіўся кандыдатам партыі толькі гэтым тыднем) і асудзіў замах на яго, пажадаў сілаў і абсалютнай бяспекі.
«Я адзначыў жыццёвую важнасць двухпартыйнага і двухпалатнага амерыканскага падтрымання для абароны свабоды і незалежнасці нашай дзяржавы, – расказаў Зяленскі. – Украіна заўсёды будзе ўдзячная ЗША за дапамогу ва ўмацаванні нашай магчымасці супрацьстаяння расейскаму тэрору. Расейскія напады на нашыя гарады і вёскі працягваюцца кожны дзень».
Ён дадаў, што дамовіўся абмеркаваць падчас асабістай сустрэчы з Трампам, «якія менавіта крокі могуць зрабіць мір справядлівым і сапраўды трывалым». Дату планаванай сустрэчы ён не назваў.
Трамп у сваёй сацсетцы Truth напісаў, што размова з Зяленскім была «вельмі добрай». Ён таксама паведаміў, што Зяленскі павіншаваў яго з намінацыяй і асудзіў замах на яго, а яшчэ «адзначыў, што ў гэтыя часы амерыканскі народ гуртуецца ў духу адзінства».
«Я ўдзячны прэзідэнту Зяленскаму за тое, што ён звязаўся, таму што я, як ваш наступны прэзідэнт Злучаных Штатаў, прынясу мір у свет і скончу вайну, якая каштавала столькі жыццяў і спустошыла незлічоныя нявінныя сем’і, – дадаў Трамп. – Абодва бакі змогуць прыйсці і дамовіцца пра ўгоду, што спыніць гвалт і дасць шлях да росквіту».
З паведамлення не відавочна, пра якія два бакі вядзецца. Але імаверна, гаворка пра меркаваныя перамовы Украіны і Расеі, што цяпер прасоўвае прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан, які нядаўна сустракаўся і з Зяленскім, і з Уладзімірам Пуціным, і з Трампам.
Зяленскі раней казаў, што не супраць перамоваў з Расеяй, «калі яна выйдзе з нашых законных тэрыторыяў». У Пуціна іншыя ўмовы для пачатку перамоваў: аддаць яму чатыры вобласці Украіны, што ён не здолеў цалкам захапіць сілай, дэмілітарызаваць Украіну і забараніць ёй далучацца да NATO і шмат чаго яшчэ. Ад перамоваў да фактычнай капітуляцыі Украіны ён адмовіўся.
Трамп мае браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 5 лістапада. Цяпер мяркуецца, што ягоным праціўнікам будзе дзейны прэзідэнт Джо Байдэн. Аднак пасля правальных для Байдэна дэбатаў (і яшчэ больш – пасля нядаўняй хваробы дзейнага прэзідэнта) некаторыя супартыйцы заклікаюць Байдэна зняцца з гонкі і даць дарогу іншаму кандыдату, каб не прайграць Трампу.
Трамп не раз заяўляў, што можа «спыніць вайну за адзін дзень», але не тлумачыў як. Ходзяць чуткі, што ён хоча прымусіць Украіну аддаць Крым і Данбас. Сваім кандыдатам у віцэ-прэзідэнты ён выбраў праціўніка падтрымання Украіны, дый сам раней абяцаў спыніць дапамогу Украіне. Саюзнікі Штатаў у NATO тым часам рыхтуюцца да патэнцыйнага прэзідэнцтва Трампа: магчыма, давядзецца больш самім клапаціцца пра бяспеку ў Еўропе.
Аналітыка
Орбан, Трамп і дымавая заслона Пуціна. Ці могуць Украіна і Расея сесці за стол перамоваў?
2024.07.05 14:23
Алесь Наваборскі belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS