A A+ A++

У такую спёку, якая апошнім часам усталявалася ў Беларусі, кандыцыянер – сапраўднае ўратаванне. У той час як у цёплых краінах спліт-сістэма ўдома – звычайная рэч, у нас хатняя кліматызацыя пакуль не так распаўсюджаная. Аднак, улічваючы, што паводле некаторых навукоўцаў, Беларусь рухаецца ў кірунку субтрапічнага клімату, варта і нам бліжэй прыгледзецца да кандыцыянераў і высветліць, што з таго, што пра іх кажуць – праўда, а што – не.

Ілюстрацыйны здымак. Дзяўчыны астуджваюцца перад кандыцыянерам.

Фота: CAITLIN OCHS / Reuters / Forum

  1. Ад кандыцыянеру лёгка прастудзіцца?

Такое бывае, калі няправільна карыстацца кандыцыянерам. Варта запомніць – розніца паміж тэмпературай на вуліцы і ў памяшканні, у якім выкарыстоўваецца кандыцыянер, не павінна перавышаць 5 градусаў. Напрыклад, калі на вуліцы +30°С, то кандыцыянер трэба настройваць не ніжэй за +25°С, і ні ў якім разе не +17°С, напрыклад, як бы моцна не хацелася ў прахалоду пасля спякотнага дня. Справа ў тым, што рэзкая змена тэмпературы можа знізіць імунітэт і сапраўды справакаваць прастуду. Агулам жа лічыцца, што самая камфортная тэмпература паветра ў памяшканні: +22 – +23°С.

Таксама не варта сядзець ці ляжаць наўпрост пад патокамі халоднага паветра з кандыцыянеру, бо так можна лёгка пераахалодзіцца. Кропкавае ўздзеянне плыняў халоднага паветра на скуру можа прывесці да неўралгіі і міязіту.

Калі карыстацца кліматызацыяй правільна, то ў спёку ад яе будзе толькі карысць: яна дапаможа ўратавацца да цеплавога ўдару і абязводжвання. Частай прычынай абязводжвання ў спёку з’яўляецца празмернае потааддзяленне. Кандыцыянер змяншае яго інтэнсіўнасць, тым самым і рызыку абязводжвання.

Акрамя таго, кандыцыянеры, якія працуюць па замкнутым цыкле, не могуць падтрымліваць у памяшканні дастатковы ўзровень кіслароду ў адрозненні ад праветрывання. Гэта таксама можа прывесці да зніжэння абарончых уласцівасцяў арганізму, і па гэтай прычыне ад кандыцыянеру можа быць санлівасць і галаўны боль. Існуюць мадэлі з паветраводам і рэжымам праветрывання, аднак яны нашмат даражэйшыя за звычайныя.

Педыятарка Мая Церакулава лічыць, што прастудзіцца ад кандыцыянеру можа зусім ужо «цяплічны» чалавек, які «ад любога павеву ветрыку зарабляе міязіт». Таму Церакулава заклікае гартавацца з дзяцінства, дазваляць дзецям бегаць басанож або без курткі, есці марозіва і наогул замярзаць.

«Насамрэч, аб’ектыўна ў такую спёку і задуху трэба выкарыстоўваць падарункі цывілізацыі і астуджаць пры магчымасці памяшканне», – кажа педыятарка.

  1. Кандыцыянер – рассаднік бактэрыяў?

Такое можа здарацца. Пыл, дробнае смецце і бактэрыі збіраюцца на фільтрах кандыцыянеру. Калі іх не чысціць, можа з’явіцца грыбок, які выкліча цвіль. Калі вы карыстаецеся кандыцыянерам толькі ўлетку, яго будзе дастаткова пачысціць перад пачаткам сезону, калі пастаянна – чысціць трэба часцей. Гэта можна рабіць як самастойна, так і выклікаць на дапамогу адмыслоўцаў.

Некаторыя медыкі кажуць, што менавіта летам падвышаецца рызыка падхапіць легіяналёз – вострае інфекцыйнае захворванне, што выклікаюць бактэрыі роду Legionella. Іх асаблівасць у тым, што яны любяць водныя сістэмы з аптымальнай для сябе тэмпературай, у ліку такіх сістэмаў – вадкасці кандыцыянераў. Таксама ў сістэмах ахалоджвання можа збірацца кандэнсат, які ўлетку сонца можа нагрэць да +30 – +35°С, а гэта – самыя спрыяльныя ўмовы для размнажэння легіянелы.

Ілюстрацыйны здымак.

Фота: Lindsey Nicholson / Universal Images Group / Forum

Падобная праблема найчасцей узніае там, дзе існуюць разгалінаваныя сістэмы кандыцыянавання паветра, дзе вада адстойваецца некаторы час і кантактуе з паветрам, якое падаецца ў паветраводы. Найперш гэта гатэлі і лякарні. Офісныя кандыцыянеры працуюць па іншым прынцыпе, з іх кандэнсат выдаляецца адразу (і часта капае на галовы тых, хто ідзе пад вокнамі). Акрамя таго, вада ў такіх сістэмах мае занадта нізкую тэмпературу, каб у ёй паспелі завесціся і размножыцца легіянелы. Таксама ў сучасныя сістэмы ўсталёўвацца бактэрыцыдныя фільтры – ад тканкавых да ўльтрафіялетавых.

Педыятарка Мая Церакулава падкрэслівае, што легіяналёз не перадаецца ад чалавека да чалавека, і нагадвае, што галоўны спосаб прафілактыкі – своечасова, перад кожным сезонам замяняць фільтры кандыцыянераў.

  1. Кандыцыянер сушыць паветра?

Кандыцыянер насамрэч «выцягвае» вільгаць з паветра, аднак не да такой ступені, каб гэта прадстаўляла небяспеку для здароўя. Будзе дастаткова проста час ад часу праветрываць пакой, і з вільготнасцю ўсё будзе ў парадку. Таксама можа дапамагчы ўвільгатняльнік паветра.

Функцыя высушвання паветра можа мець і свае перавагі, бо такім чынам кандыцыянер прыбірае залішнюю вільготнасць, якая можа справакаваць з’яўленне цвілі ў памяшканні.

Каментар

Ці можна захварэць ад кандыцыянера і ці дапамагае вентылятар? Важныя пытанні ў спякоту

2024.07.15 16:46

  1. Кандыцыянер – гэта дорага і ён «з’ядае» шмат электраэнергіі?

Гэта было актуальна для старых мадэляў кандыцыянераў. У сучасных мадэлях прадугледжаны эканамічны рэжым працы, што дапаможа спажываць яшчэ менш электраэнергіі.

Адмыслоўцы кажуць, што не трэба з мэтай эканоміі электрычнасці выключаць кандыцыянер як толькі паветра крыху ахаладзілася, ці калі вы на некаторы час выходзіце з дому. Справа ў тым, што кандыцыянеру нашмат цяжэй ахалодзіць нагрэтае паветра, і на гэта спатрэбіцца больш магутнасці, чым проста падтрымліваць тэмпературу.

Што датычыць высокіх коштаў на кандыцыянеры, то гэта таксама ў мінулым. Цяпер на рынку хапае эканамічных мадэляў

  1. Кандыцыянер небяспечны для алергікаў?

Сам па сабе кандыцыянер ніяк не можа стаць прычынай алергіі. Аднак справакаваць яе ў асобаў, схільных да алергіі, могуць пыл і грыбок, якія збіраюцца ў фільтрах. Калі вы маеце алергію, чысціце фільтры раз на тыдзень – два. Таксама варта пачысціць фільтры, калі вы адчуваеце, што паветра з кандыцыянеру мае кепскі пах ці калі яно выклікае ў вас кашаль.

Агляд

З’есці перац чылі і прыняць цёплы душ: як уратавацца ад спёкі?

2024.06.28 12:46

  1. Кандыцыянер выдзяляе фрэон, якім можна атруціцца?

Газ фрэон сапраўды ўжываецца ў кандыцыянерах для ахалоджвання, і ён сапраўды шкодны для чалавека, але толькі пры сталым кантакце з ім. У спраўным кандыцыянеры фрэон не выдзяляецца. Кантакт з ім можа адбыцца пры ўцечцы.

Фрэоны ўтрымліваюць метан, этан і фтор ці хлор (цяпер выкарыстоўваецца вельмі рэдка). Самі па сабе яны не таксічныя, аднак пры пэўных умовах (вялікая канцэнтрацыя, высокая тэмпература) могуць аказваць уплыў на здароўе чалавека і выклікаць такія праявы, як млоснасць, галаўны боль, кашаль, у рэдкіх выпадках – адчуванне ўдушша. Пры траплянні на скуру фрэон можа выклікаць раздражненне і сухасць.

Калі адбылася ўцечка фрэону, вы адразу ўбачыце, што кандыцыянер стаў горш ахалоджваць паветра. У такім выпадку трэба выклікаць майстра, каб ён заправіў кандыцыянер новай порцыяй газу.

  1. Кандыцыянер патрэбны толькі для ахалоджвання?

Зусім не. Сучасныя спліт-сістэмы маюць нашмат больш функцыяў. Яны не толькі падтрымліваюць камфортную тэмпературу ў памяшканні, але і забяспечваюць вентыляцыю, іанізацыю, фільтрацыю, асвяжэнне і падагрэў паветра. Сучасныя кандыцыянеры ачышчаюць паветра, паляпшаюць яго якасць, што, дарэчы, можа быць карысна для хворых на астму і паспрыяць змяншэнню рызыкі прыступаў.

Ганна Ганчар belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułOdciął sobie kawałek palca, by wziąć udział w igrzyskach
Następny artykuł32-letni kierowca próbował uciec policji. Miał blisko 3 promile. Kara będzie surowa (foto/wideo)