14 ліпеня ў Берліне адбудзецца фінал чэмпіянату Еўропы па футболе з удзелам зборных Іспаніі і Англіі. Напярэдадні матчу «Белсат» спытаў вядомых беларусак і беларусаў, за каго яны будуць заўзець.
Фінальная гульня пачнецца а 22:00 паводле беларускага часу. За трафей пазмагаюцца каманды Іспаніі і Англіі. Раней у афіцыйных матчах (на чэмпіянатах свету, «Еўра», у адборачных матчах і Лізе нацыяў) яны сустракаліся толькі 12 разоў, а ў фінале чэмпіянатаў Еўропы – ніколі.
Букмекеры ставяць на Іспанію, і бальшыня беларусаў, якія сочаць за турнірам, таксама заўзее за гэтую каманду, сведчаць вынікі сацыялагічнага апытання, што прэзентаваў дырэктар «Беларускай ініцыятывы» «Chatham House» і заснавальнік Цэнтру новых ідэяў Рыгор Астапеня.
Даследаванне, праведзенае 28 чэрвеня – 3 ліпеня, паказала, што 22 % гараджанаў належаць да аўдыторыі матчаў, а ў 38 % выяўлены пасіўны інтарэс: гульні не глядзяць, але вынікамі цікавяцца. Бальшыня рэспандэнтаў заявіла, што хочуць перамогі іспанцаў на «Еўра-2024».
Напярэдадні матчу «Белсат» спытаў вядомых беларусак і беларусаў, за каго яны будуць заўзець.
Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская:
«Падчас саміту NATO на гэтым тыдні кіраўнікі дзяржаваў глядзелі матчы іх зборных разам, а прэзідэнт Джо Байдэн з тэмы пра футбольны “Еўра” пачаў сустрэчу з прэм’ерам Вялікай Брытаніі Кірам Стармэрам. Я, калі шчыра, сачу хіба што адным вокам. Але планую невялікі сюрпрыз перад фіналам.
Зычу перамогі найлепшым і буду радая павіншаваць прэм’ер-міністра або Іспаніі, або Вялікабрытаніі.
Вельмі хачу, каб і ў беларусаў былі такія святы спорту. Дакладна буду глядзець і заўзець, калі будуць выступаць спартоўцы вольнай Беларусі. І спадзяюся, новы дэмакратычна абраны прэзідэнт або прэзідэнтка Беларусі таксама зможа абмеркаваць гульню нашай зборнай з прэзідэнтам ЗША».
Старшыня НАУ, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка:
«На жаль, часу не хапіла, каб глядзець футбол. Раней намагаўся некаторыя матчы паглядзець, аднак фінал – абавязковае залатое правіла, трэба будзе паглядзець. Але тут у мяне эмацыйны разрыў.
З аднаго боку, я як былы пасол Беларусі ў Іспаніі, які ініцыяваў адкрыццё і адкрываў амбасаду Беларусі ў Іспаніі, хацеў бы заўзець за Іспанію. Аднак калі паглядзець, што Англія – частка краіны, што была адной з заснавальніц сучаснага футболу, то хочацца заўзець за Англію. Тут у мяне і палітычны аспект, улічваючы, якую моцную і адназначную пазіцыю ў падтрыманні Украіны і дэмакратычных зменаў у Беларусі займае Брытанія.
Хацеў бы, каб былі пенальці ў фінале, бо гэта дадатковыя эмоцыі, гэта заўсёды вельмі цікава глядзець».
Прадстаўніца ў пытаннях нацыянальнага адраджэння Пераходнага кабінету Аліна Коўшык:
«Шчыльна за турнірам не сачу, але пару матчаў глядзела: мой сын цікавіцца футболам, і разам з ім часам глядзім матчы. Буду заўзець за Іспанію».
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка:
«Сачу адным вокам у аэрапортах. Мабыць, гэтым разам за Іспанію, хаця Англія таксама ўмее рабіць сюрпрызы».
Спікерка Каардынацыйнай рады Анжэліка Мельнікава:
«Я фанатка серыялу “Тэд Ласаў”, дзе амерыканскі коўч стаў трэнерам англійскага клубу. Пра жыццё, пачуцці, трохі пра палітыку і, што найбольш шыкоўна раскрытае – пра чалавечую натуру. Заўзею за англійскую зборную!»
Гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман:
«Скажу шчыра, асаблівых прэферэнцыяў няма, бо тыя каманды, што патрапілі ў фінал, – не тыя каманды, што я жадаў у фінале бачыць. У першым паўфінале я падтрымліваў Францыю, у другім – Нідэрланды. У выніку тут не будзе ні Францыі, ні Нідэрландаў.
Іспанія гуляе куды больш якасна, прыгожа і ўпэўнена, таму бальшыня, асабліва нейтральная бальшыня, яе падтрымоўвае. З другога боку, англічане ў гэты фінал патрапілі, на мінулым “Еўра” былі ў фінале і прагулялі толькі ў пенальці. З 1966 года нічога не выгульвалі, і такі амаль праклён дзейнічае. Я не супраць, каб выгулялі англічане, не скажу, што ў мяне так сапсуецца настрой. Калі ўсё ж параўноўваць, мой погляд будзе нейтральны. Ну, трошкі больш на баку англічанаў».
Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна:
«Я не вялікая фанатка футболу, але фінал, пэўна, пагляджу. Хутчэй за ўсё – за Іспанію. Для мяне яны больш цікава гулялі. Дый паводле рэйтынгаў UEFA Іспанія на другім месцы пасля Нямеччыны, а Англія – на сёмым».
Праваабаронца, кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак:
«Не сачу за футболам, але так склалася, што бачыў некалькі матчаў іспанцаў. Мне падабаецца, як іспанцы падтрымоўваюць сваю зборную, таму няхай яны і перамогуць».
Блогер і журналіст Аляксандр Івулін:
«Мне вельмі падабаецца на гэтым турніры зборная Іспаніі, я не чакаў, што настолькі якасна, настолькі прыгожа, настолькі разнастайна будзе гуляць гэтая каманда. Для мяне стала вялікім адкрыццём, што такая маладая каманда гуляе настолькі яскрава.
З гледзішча якасці гульні, настрою, відовішча я буду заўзець у фінале за Іспанію, але маю вялікія адчуванні, што ўсё ж такі зборная Англіі на кульгавай кабыле можа і забраць гэты кубак.
Мне вельмі-вельмі хацелася б, каб перамагла Іспанія, але мы ведаем, што не заўсёды зборная, за якую заўзеюць усе, перамагае. У фінале перамагае прагматычны, не заўжды яскравы футбол, такі, які паказвае зборная Англіі. Сэрцайкам я за Іспанію, але вялікая імавернасць, што пераможа Англія».
Агляд
«Еўра-2024»: Англія згуляе з Іспаніяй, такога фіналу свет яшчэ не бачыў
2024.07.11 13:05
Сцяпан Кубік belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS