У вёсцы Грунвальд, што ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве на поўначы Польшчы, адбылася рэканструкцыя бітвы 1410 года паміж аб’яднаным войскам Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам ды ягонымі саюзнікамі з іншага.
«Дні Грунвальду 2024» цягнуцца ажно пяць дзён – з 10 па 14 ліпеня. У праграме – спаборніцтвы лучнікаў, двубоі на мячах, сярэднявечныя футбол і шахматы, конкурсы напояў, грыгарыянскія спевы, танцы і паказы моды рыцарскіх часоў, сакалінае паляванне ды іншае.
Але галоўныя падзеі адбыліся ў суботу, 13 ліпеня, калі прайшла інсцэнізацыя той самай Грунвальдскай бітвы. Сёлета – ужо ў 26 раз. На гэты раз у ёй бярэ ўдзел больш як 1300 рэканструктараў з усяго свету.
На інсцэнізацыю бітвы і гістарычны фэст з яе нагоды з’ехаліся дзясяткі тысяч гасцёў з усёй Еўропы: ад Харватыі да Нарвегіі. І пры гэтым усё абышлося без аўтазакаў і турнікетаў, без якіх не праходзіць аніводнае святкаванне ў Беларусі. Як выяўляецца, публічныя падзеі можна праводзіць і без натоўпаў міліцыянтаў, і армагедону без гэтага не здараецца.
Бітва пад Грунвальдам адбылася 15 ліпеня 1410 года падчас Вялікай вайны паміж Каронай Польскай і Вялікім княствам Літоўскім з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з іншага. У адной з найвялікшых бітваў сярэднявечнай Еўропы сутыкнуліся, паводле розных ацэнак, ад 27 да 66 тысячаў чалавек. Апроч польскага войска караля Ягайлы і вялікалітоўскага князя Вітаўта супраць крыжакоў біліся таксама іх васалы і найміты з Малдовы, Чэхіі і татары будучага залатаардынскага хана Джэлал ад-Дына. Нямецкіх крыжакоў жа, апроч падкантрольных ім земляў у сучаснай Польшчы і Балтыі, падтрымлівалі таксама шматлікія заходнееўрапейскія рыцары, у тым ліку з Англіі, Францыі, Люксембургу, Вугоршчыны.
Бітва скончылася разгромам Тэўтонскага войска і гібеллю вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена. Пры гэтым адну з вырашальных роляў згуляла мужнасць трох русінскіх палкоў з Воршы, Мсціслава і Смаленску.
Але ўзяць сталіцу ордэну – Марыенбург (Мальбарк) – саюзнае войска пасля бітвы не здолела. Паводле міру 1411 года ордэн адмовіўся ад сваіх прэтэнзіяў на Жамойць на карысць ВКЛ і перадаў частку сваіх земляў Кароне Польскай.
belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS