Кіраўнік НАУ і намеснік кіраўніцы АПКБ Павел Латушка правёў сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў, падчас якіх уздымалася тэма падтрымання незалежных сродкаў масавай інфармацыі, і ў прыватнасці тэлеканалу «Белсат». Яшчэ адной тэмай сустрэчаў было стварэнне стратэгіі для Беларусі.
Тэма падтрымання незалежных медыяў і «Белсату» ўздымалася Паўлам Латушкам у кабінетах польскага МЗС цягам двух дзён. 11 ліпеня – падчас сустрэчы з упаўнаважаным міністра замежных справаў Польшчы ў пытаннях барацьбы з дэзынфармацыяй, амбасадарам Томашам Хлонем. І 12 ліпеня на сустрэчы з намеснікам міністра замежных справаў Польшчы Марэкам Праўдам.
«Падчас гэтых сустрэчаў адной з галоўных тэмаў была менавіта тэма падтрымання тэлеканалу «Белсат» – захавання яго самастойнасці, фінансавага падтрымання, дзеля таго, каб беларускае дэмакратычнае тэлебачанне развівалася, каб і далей магло пераказваць праўдзівую і аб’ектыўную інфармацыю пра тое, што дзеецца ў Беларусі», – адзначыў Павел Латушка.
Нагадаем, што 4 ліпеня 2024 года была абвешчаная структурная рэформа ў межах Польскага грамадскага тэлебачання TVP, што закране і тэлеканал «Белсат». Згодна з новым планам, найбліжэйшым часам будзе створаны Цэнтр праграмаў для замежжа, які возьме пад сваё крыло трансляцыю на замежных мовах. Гаворка ідзе пра тэлеканалы «TVP World» і «Белсат». Плануецца, што на базе «Белсату» будзе створаны новы тэлеканал, які будзе трансляваць на беларускай, украінскай і расейскай мовах.
Акрамя таго, адной з тэмаў падчас сустрэчаў кіраўніка НАУ з прадстаўнікамі польскага МЗС стала пытанне важнасці стратэгіі для Беларусі. На думку Паўла Латушкі, вельмі важна, каб у выпрацоўванні гэтай стратэгіі лідарскую ролю выконвала менавіта Польшча, бо менавіта яна «гістарычна, культурна вельмі моцна звязаная з Беларуссю і беларускім народам».
«Польшча ёсць суседам Беларусі, мае сумесную мяжу. Мы ведаем, якія праблемы ўзнікаюць у сувязі з тым, што ў Беларусі пануе рэжым Лукашэнкі. Гэта стварае праблемы і для нацыянальнай бяспекі Польшчы. І важна, каб Беларусь была незалежнай дэмакратычнай еўрапейскай краінай, якая будзе донарам стабільнасці, а не дэстабілізаваць сітуацыю ў Еўропе гэты час», – падкрэсліў Павел Латушка.
Намеснік кіраўніцы АПКБ адзначыў, што беларуская тэма будзе адной з галоўных падчас старшынявання Польшчы ў Еўрапейскім Звязе, якое пачнецца з 1 студзеня 2025 года. Падчас сустрэчы з Марэкам Праўдам уздымался тэма правядзення міжнароднай канферэнцыі Тадэвушка Касцюшкі, што адбудзецца ў Гданьску ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці. На думку Паўла Латушкі, вельмі важна, каб падчас старшынявання ў ЕЗ Польшча звяртала ўвагу еўрапейскіх партнёраў на важнасць дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.
«Мы спадзяёмся, што падчас гэтай канферэнцыі будуць не толькі дыскусіі, але і будуць прымацца пастановы, скіраваныя на тое, каб змяніць сітуацыю ў нашай краіне. Але гэтыя перамены залежаць у першую чаргу ад нас, ад беларусаў», – падкрэсліў Павел Латушка.
Каментар
Прэс-сакратар МЗС Польшчы Павел Вроньскі: «Белсат» будзе пашыраць інтэрнэт вяшчанне
2024.07.05 21:20
Раман Шавель belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS