A A+ A++

«Нягледзячы на ўнутраную акупацыю і антыбеларускі, русіфікатарскі рэжым Лукашэнкі – сцяг лунае, значыць, – ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!», – гаворыцца ў адным з апошніх допісаў загінулага мастака, палітзняволенага Алеся Пушкіна. Кожны год да Дня волі ён абнаўляў БЧБ-сцяг над сваёй хатай у Бабры. Гэтага не адбылося вясной 2024 года. Алеся Пушкіна роўна год няма з намі. Той, каго ўзгадваюць як вельмі добрага, светлага і міралюбівага чалавека, хутчэй за ўсё не мог нават паведаміць камусьці пра кінжальны боль, калі паміраў. «Белсат» узгадвае шлях выбітнога беларуса і абставіны яго трагічнай смерці.

Алесь Пушкін на прэзэнтацыі свайго мастацкага альбому «Малюнкі з турмы». Менск, Беларусь. 12 лістапада 2019 года.

Фота: Белсат

«Хопіць сацыялістычнай, адродзім незалежную Беларусь»

«Я веру, што мастацтва змяняе свет», – казаў Алесь Пушкін. І ён змяняў, настолькі актыўна і яскрава, што складана пералічыць усё, што зрабіў мастак для беларускай культуры і захавання беларускасці. Гэта і ягоныя гучныя перформансы, і карціны, і рэстаўрацыя дварцоў, цэркваў і касцёлаў, нават малюнкі на сцяне ў Валадарцы, палітычныя акцыі і не толькі.

Палітычная барацьба заўсёды была моцна звязаная з яго творчасцю. Яшчэ ў 1989 годзе, калі Алесь Пушкін быў студэнтам тэатральна-мастацкага інстытуту, ён зладзіў выставу карцін, якія не дазволілі паказаць у інстытуце. Гэта адбылося ў Дзень Волі і ператравілася ў мітынг. Пушкін ужо тады выйшаў з простым пасылам, за які змагаўся ўсё жыццё. На яго плакаце было напісана:

«Хопіць сацыялістычнай, адродзім незалежную Беларусь».

І, канешне, адзін з самых вядомых перформансаў – гэта «Падарак прэзідэнту», то бок прывезеная да будынку Адміністрацыі прэзідэнта тачка гною ў 1999 годзе. Гэта было Лукашэнку «за пяцігадовую плённую працу». За гэта Пушкіна пакаралі двума гадамі пазбаўлення волі ўмоўна.

1 – Міліцыянты затрымліваюць 33-гадовага Алеся Пушкіна пасля таго, як ён прывёз каляску з гноем да адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Менску. 21 ліпеня 1999 года.

Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum2 – Пушкін з працай, за якую рэжым кінуў яго за краты. Здымак зроблены ў 2015 годзе ў майстэрні мастака ў Бабры. Крыніца: Ales Pushkin / Facebook

30 траўня 2021 года мастака затрымалі па крымінальнай справе. Яго абвінавацілі ў «наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб» і «здзекам над дзяржаўнымі сімваламі». Гэта адбылося праз тое, што Алесь Пушкін паказаў на выставе партрэт Яўгена Жыхара – удзельніка пасляваеннага антысавецкага супраціву. Пракуратура палічыла, што Пушкін «характарызаваў жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым праслаўляў і ўхваляў ягоныя дзеянні».

Падчас суду Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту, а таксама зладзіў перформанс – у судовай залі лёг на лаўку тварам у кут, адмаўляючыся ад адваката, і аб’яўляючы адвод суддзі і пракурору.

«Навошта мне такі адвакат? Я буду сам сябе абараняць. Навошта мне такі суд, які ўжо ведае меру стрымання? Навошта мне пракуратура, якая служыць палітычнай уладзе?» – сказаў Пушкін суддзі.

30 траўня 2022 года суддзя Алена Шылько пакарала мастака 5 гадамі пазбаўлення волі. Пракурорам па справе быў Аляксандр Кароль. А 11 ліпеня 2023 года Алесь памёр у рэанімацыі з-за нясвоечасова аказанай медычнай дапамогі пры прабадной язве. Паводле афіцыйнай версіі, гэта адбылося ў выніку сепсісу, які быў выкліканы язвай.

Алесь Пушкін на судзе ў 2022 годзе.

Крыніца: spring96.org

«Заўсёды з усмешкай»

З моманту, калі на мастака завялі крымінальную справу і па сёння яго старонка ў Facebook пастаянна запаўняецца допісамі сяброў, знаёмых, палітыкаў ці проста людзей, якія захапляюцца яго творчасцю ці калісьці яго сустракалі. Пішуць і беларусы, і ўкраінцы, і палякі, і немцы. У асноўным людзі ўзгадваюць яго цёплую і светлую энергію, што ён любіў жыццё і добра пажартаваць.

«Ён быў як дзіця», – пішуць на яго старонцы.

«Колькі б разоў мы ні бачыліся, я ніколі не бачыў яго сумным, прыгнечаным ці пазбаўленым аптымізму. Заўсёды з усмешкай: “Як жыццё, ці ўсё ў парадку, файна выглядаеш, якія планы, давай туды паедзем, тое зробім”. Часам бывае, што чалавек прыбіты, губляе надзею, а ён – абсалютна не. Чалавек жыццярадасны, вялікі патрыёт Беларусі», – сказаў выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Быў вельмі моцны, ніколі не скардзіўся на здароўе

Сябар Алеся Пушкіна Янак Коўзель узгадвае ў размове з «Белсатам», што пяць ці шэсць год ездзіў да Алеся Пушкіна ў Бобр і займаўся там фотадакументалістыкай.

«У нас было шмат сумесных прац і праектаў. На жаль, у мяне не было непасрэднага кантакту з Алесем пасля яго затрымання. Я спрабаваў яму пісаць, адпраўляць паштоўкі, але ніякіх адказаў не атрымліваў. Некаторыя мае знаёмыя мелі з ім сувязь, таму што гэта даволі рандомна было. Нешта да яго ўсё ж даходзіла, таму што ён потым пісаў знаёмым: “Перадайце Яну…”. А потым усё было закрэслена так, што немагчыма было разабраць, што перадаць», – кажа суразмоўца.

Копія малюнку, які пакінуў на турэмнай сцяне Алесь Пушкін.

Фота: Аляксандр Васюковіч

Што тычыцца здароўя Алеся Пушкіна, то ён ніколі не скардзіўся на штосьці, працягвае Янак Коўзель:

«Ён быў вельмі моцным чалавекам. І ён жыў у вёсцы, то бок выконваў шмат фізічнай працы. Усе святкаванні, купаллі, каляды ён рабіў адзін і гэта вымагала ад яго не толькі інтэлектуальных рэсурсаў, але і фізічнай цяжкай працы».

Алесь Пушкін падчас святкавання Купалля ў Бабры ў 2019 годзе.

Крыніца: Ales Pushkin / Facebook

На думку сябра Алеся Пушкіна, хутчэй за ўсё прычыну смерці ў калоніі назвалі правільна.

«Пытанне ў тым, што прывяло да таго, што гэта сталася. Што мы дакладна ведаем, што чалавека кінулі за краты па абсурдным абвінавачванням і калі ў яго пагоршыўся стан, некалькі сутак ён вельмі пакутаваў і дапамогу яму ніхто не аказваў. Па сутнасці ён памёр пакутніцкай смерцю», – кажа Коўзель.

Памылка лекараў і «прэзумпцыя сімуляцыі»

Былы кіраўнік медчасткі ДВП МУС і праваабаронца Васіль Завадскі таксама лічыць, што афіцыйная прычына смерці праўдзівая. Разам з тым такая хвароба не можа праходзіць незаўважна ні ў зняволенні, ні на волі, падкрэслівае ён.

«Я дадаткова глыбока аналізаваў гэты выпадак, вывучаў усе адкрытыя крыніцы, карыстаўся таксама інфармацыяй, якую асабіста атрымліваў і магу цяпер упэўнена казаць, што найбольш верагодна мае калегі ў пенітэнцыярнай сістэме памыліліся з дыягназам. Адпаведна, была няправільна выбраная тактыка лячэння і назірання. Таксама найбольш верагодна, яны, на жаль, з пункту гледжання “прэзумпцыі сімуляцыі” аднесліся да стану Алеся. І гэта выклікала такія наступствы.

Перформанс Алеся Пушкіна ў 2002 годзе. На плакаце напісана «Божа, барані Беларусь».

Крыніца: Ales Pushkin / Facebook

Я ўпэўнены, што калегі прагледзелі выпадак перфарацыі язвы і ўжылі абязбольваючыя, што нельга рабіць у такой сітуацыі. Трэба была кансультацыя ад хірурга, калі самі не маглі паставіць адпаведны дыягназ. І, адпаведна, былі патрэбныя неадкладныя хірургічныя мерапрыемствы. Быў страчаны час і гэта каштавала жыцця Алесю», – кажа Васіль Завадскі.

Алесь Пушкін сапраўды памёр пакутніцкай смерцю, хаця сама па сабе хвароба не такая ўжо і страшная, калі ёю займацца.

«Язва – гэта проста ў страўніку, кішэчніку ці дванаццаціперснай кішцы дзюрка. Тое, што там утрымліваецца, выцякае ў брушную поласць, адпаведна, узнікае перытаніт і, адпаведна, узнікае той стан, пра які казалі – сепсіс. Кожнаму медыку вядомы такі выраз як кінжальны боль. Гэта як раз, калі кажуць пра перфарацыю язвы. Гэта такі рэзкі боль, які проста не можа не застацца не прыкмечаным, ні хворым, ні тымі людзьмі, якія знаходзяцца пабач, калі яны знаходзяцца побач.

І тое, што адбылося з Алесем, вымушае мяне меркаваць, што ён знаходзіўся адзін і не мог звярнуцца да іншых, да сукамернікаў па дапамогу. Да і звяртацца не трэба, кожны чалавек, заўважыўшы гэта, будзе клікаць турэмны персанал. Зняволеныя звычайна грукаюць у дзверы. Там ёсць свае адпрацаваныя метады», – працягвае праваабаронца.

Пасля паведамлення пра смерць палітвязня Алеся Пушкіна за кратамі беларусы Варшавы нясуць кветкі і лампадкі да муралу з выявай мастака ля бару «Карма» ў польскай сталіцы. Варшава, Польшча. 11 ліпеня 2023 года.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Хто адказны за смерць палітвязня?

«Як праваабаронца і лекар я не магу называць прозвішчы. Магу сказаць, што за арганізацыю медычнай дапамогі ва ўстанове нясе адказнасць у першую чаргу начальнік медычнай часткі і разам з ім і кіраўнік гэтай установы.

Сітуацыя ў турме наўпрост звязаная з сітуацыяй у грамадстве. Адное, што такія трагічныя выпадкі выклікаюць рэзананс і яны нікому не патрэбныя, у тым ліку і супрацоўнікам пенітэнцыярнай сістэмы. Таму думаю, што ў нейкім сэнсе, ахвяраваўшы сваім жыццём, і Алесь Пушкін, і іншыя вязні, якія, на вялікі жаль памерлі ў зняволенні, у нечым дапамагаюць іншым, але гэта вельмі высокая цана. Зусім іншымі мерамі павінна мяняцца сітуацыя ў турмах», – падводзіць рысу Васіль Завадскі.

Артыкулы

Палацы, святыні і памяць пра вайну: 8 аб’ектаў, якія рэстаўраваў мастак Алесь Пушкін

2021.12.27 14:05

Арсен Рудэнка belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułOPINIA: Zakaz hodowli zwierząt na futra
Następny artykułZaplątana w sieci, bez szans na przeżycie. Zobacz finał akcji ratowniczej!