Нямецкая газета «Die Welt» заявіла, што атрымала новую інфармацыю аб падрыве газаправоду «Паўночная плынь», які невядомыя ўчынілі восенню 2022 года. Паводле выдання, дыверсанты, меркавана, «звязаныя з Масквой».
Газаправод «Паўночная плынь» 27 верасня даў цечу пасля моцных падводных удараў, якія адразу называлі выбухамі. Выявілі чатыры выцекі як на першай, так і на другой «Плыні». Пракуратура Швецыі пацвердзіла факты дыверсіі на газаправодах.
Паводле «Die Welt», нямецкія следчыя ўсё больш упэўненыя ў датычнасці да дыверсіі экіпажу яхты «Андрамеда», зафрахтаванай у зямлі Мекленбург-Пярэдняя Памеранія. Паведамляюць, што экіпаж з шасці чалавек быў ва Украіне да і пасля нападу.
Нямецкія і амерыканскія медыі раней выказвалі падазрэнні аб тым, што дыверсію рыхтавала Украіна. «Die Welt» таксама адзначае, што Украіна магла быць зацікаўленая, бо неаднаразова крытыкавала праект «Паўночнай плыні», і заяўляе, што планы атакі на трубаправоды былі ва ўкраінскай групоўкі яшчэ да таго, як Расея акупавала Крым у 2014 годзе. Але ў прадстаўнікоў выведкі ёсць сумневы адносна таго, што менавіта Украіна зладзіла гэтую дыверсію.
«Вынікі расследавання могуць прывесці да ўкраінскай групоўкі, – цытуе «Die Welt» Герхарда Шындлера, прэзідэнта Федэральнай выведнай службы ў 2011–16 гадах. – Але гэта не значыць, што замоўнікам была Украіна. З гледзішча выведкі шмат што кажа аб аперацыі расейцаў пад чужым сцягам. Яны здольныя на гэта».
Расея, паводле яго, магла наўмысна пакінуць фальшывы ўкраінскі след. Але яшчэ летам 2023 года, паводле «Die Welt», Польшча накіроўвала нямецкай выведцы асабовыя звесткі падазраваных – і яны «мелі кантакты ў Маскве». Як сцвярджаецца, чальцы экіпажу, якія арандавалі яхту, мелі расейскае грамадзянства і фальшывыя пашпарты.
«Антрамеду» за тыдзень да выбухаў правяралі ў польскім Калабжэгу, і гэта, як піша «Die Welt» са спасылкай на неназваную крыніцу, магло быць невыпадкова, бо Польшча магла мець нейкую інфармацыю ад выведкі. Ды Польшча не перадала запісы праверкі нямецкім следчым, а «Die Welt» падазрае, што прычынай гэтага можа быць прысутнасць на праверцы «польскіх і амерыканскіх агентаў». На момант публікацыі польскі бок не каментаваў гэтыя чуткі ад нямецкага выдання.
«Паўночная плынь – 2» была пабудаваная, але не ўведзеная ў эксплуатацыю, прычынай стала прызнанне Масквой незалежнасці «ДНР» і «ЛНР». Праз «Паўночную плынь – 1» паліва перад дыверсіяй пампавалася, але газаправод працаваў не на ўсю моц. Расея спасылалася на праблемы з турбінай.
Абноўлена
Швецыя будуе дзве падводныя лодкі, каб засцерагчыся ад магчымай агрэсіі Расеі
2024.01.14 08:45
Алесь Наваборскі belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS