Намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў 19 траўня прэзентаваў фонд «Маладая гвардыя», які аб’ядноўвае 18 «вайскова-патрыятычных клубаў», у склад якіх уваходзяць звыш 2 тысяч дзяцей па ўсёй Беларусі.
Аб адкрыцці фонду абвясцілі ў вайсковай частцы 3214 – базе ўнутраных войскаў у менскім Уруччы.
«Нашыя выхаванцы паспяхова засвойваюць ваенную навуку, – казаў Мікалай Карпянкоў. – Ужо ёсць першыя выпускнікі і тыя, хто паступіў у ведамасныя навучальныя ўстановы ці пайшоў служыць па кантракце».
Ён растлумачыў, што ўзяў назву савецкай падпольнай арганізацыі, бо беларускія дзеці – праўнукі пераможцаў Вялікай айчыннай вайны.
У ліку прысутных на адкрыцці быў былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі і саўладальнік «Брэміна груп» Аляксандр Зайцаў, прапагандыст і старшыня «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант і іншыя, у тым ліку дырэктарка фонду, змагарка з анархістамі Ала Веруш, якая выгадавала дачку-нацыстку.
Галоўная ідэя фонду «Маладая гвардыя», як сцвярджаецца, у тым, каб развіваць «патрыятычны рух» сярод моладзі і прыцягваць на гэта спонсарскую дапамогу. У апякунскую раду ўвайшлі 13 чалавек, сярод іх палітыкі, прадпрымальнікі і супрацоўнікі дзяржаўных медыяў.
Дзяцей, як паказалі на цырымоніі, навучылі рукапашнаму бою, зборцы-разборцы аўтамата Калашнікава, стральбе з розных відаў зброі, кіраванню дронамі.
Улады робяць ухіл на вайсковую адукацыю школьнікаў. Толькі за гэты навучальны год колькасць кіраўнікоў гэтак званага вайскова-патрыятычнага выхавання павялічылася на 400 чалавек, значна перавысіўшы дзве тысячы ваенрукоў. У гэтак званых вайскова-патрыятычных класах навучаюцца амаль 4 тысячы дзяцей. Яшчэ ёсць кадэцкія вучэльні, у якіх агулам па Беларусі – 1800 падлеткаў.
Карпянкоў паралельна займаецца стварэннем усё новых атрадаў спецназу для «барацьбы з дыверсійна-выведнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі». Гэтыя «карпянкоўцы» ўжо ўдзельнічаюць у палітычных рэпрэсіях.
Разбор
Ці зможа дзяржава прымусіць беларускіх школьнікаў любіць яе?
2024.04.11 07:02
Алесь Наваборскі belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS