«Белсат» падводзіць вынікі 808-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 11 траўня чытайце ў нашым аглядзе.
Сівэрскі і слабажанскі кірункі (лінія фронту ў памежных раёнах Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай вобласцяў)
Цягам апошніх содняў Узброеныя сілы РФ працягнулі наступаць на поўначы Харкаўскай вобласці ў ваколіцах украінска-расейскай мяжы, імкнучыся стварыць так званую шэрую зону. Міністэрства абароны РФ заявіла пра ўзяцце пад кантроль населеных пунктаў Барысаўка, Агірцэва, Плэтэніўка, Пыльна і Стрылеча.
Тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што УС РФ працягваюць рухацца далей на поўдзень, і толькі за ноч 11 траўня прасунуліся на адлегласць да трох кіламетраў.
Яшчэ адна прарасейская крыніца – «Белорусский силовик» – паведамляе, што расейцы ўжо дайшлі да гораду Ваўчанск у Чугуеўскім раёне, у якім цяпер ідуць баі.
Агляд
Расея распачала наступ на поўначы Харкаўшчыны, але наўрад ці збіраюцца захапіць Харкаў
2024.05.11 11:57
Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што цяпер расейцы атакуюць сёлы Глыбокае, Марахавец і Лук’яны. Акрамя гэтага войскі РФ назапашваюць жывую сілу і тэхніку на тэрыторыі РФ уздоўж мяжы з Сумскай і Харкаўскай вобласцямі Украіны.
Тым часам прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што істотныя прасоўванні войскаў РФ за першы дзень наступу на памежжы выкліканыя не слабасцю абароны ЗСУ, а яе адсутнасцю на гэтых участках фронту: занятыя сёлы былі даўно зруйнаваныя і не прыкрываліся ўкраінцамі, знаходзячыся ў так званай шэрай зоне, пры гэтым да сапраўднай першай лініі абароны ЗСУ расейцы толькі наблізіліся.
Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)
На купянскім кірунку, паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, расейцы цягам апошніх содняў прынамсі 13 разоў атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка і Бераставое на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі ў Луганскай, але поспеху не дасягнулі.
Між тым у Deepstate гавораць, што войскі РФ занялі пасадку каля Сынькоўкі і прасунуліся побач з сялом Каламыйчыха (на паўднёвым усходзе ад Стэльмахаўкі).
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» пацвярджае прасоўванні расейцаў, але ўдакладняе, што пры гэтым ЗСУ знішчылі шмат жывой сілы і тэхнікі праціўніка.
На суседнім ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, сілы абароны краіны адбілі 11 атак у ваколіцах населеных пунктаў Макееўка і Торскае ў Луганскай і Данецкай вобласцях адпаведна.
Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)
На бахмуцкім кірунку ініцыятывай таксама валодаюць Узброеныя Сілы РФ, але пры гэтым сітуацыя па фронце застаецца адносна стабільнай. Тут атакі расейцаў фіксуюцца на так званым сівэрскім выступе ў ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Верхнякаменскае, Раздолаўка, Выемка і Грыгораўка і на захадзе і поўдні ад Бахмуту каля Багданаўкі, Калінаўкі, Часавага Яру, Іванаўскага, Клішчыеўкі і Андрэеўкі.
У Deepstate гавораць, што пры гэтым войскі РФ пакуль ніяк не могуць выбіць украінцаў з часткі Іванаўскага, а таксама зайсці на тэрыторыю ўсходняй часткі гораду Часаў Яр.
Пры гэтым крыніца мяркуе, што неўзабаве расейцы ўвядуць у бок свае механізаваных брыгады, якія цяпер у начны час перакідаюцца на бахмуцкі кірунак.
«Говорять Снайпер» паведамляе, што таксама УС РФ істотна павялічылі колькасць БпЛА на кірунку, што скараціла да мінімуму магчымасці перамяшчэння асаблівага складу ўкраінцаў.
Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)
На аўдзееўскім кірунку Генштаб ЗСУ фіксуе 24 няўдалыя атакі праціўніка каля сёлаў Калінавае, Новааляксандраўка, Сокал і Уманскае.
У Deepstate пішуць, што на паўночным фланзе кірунку расейцы сутыкнуліся з упэўненай абаронай ЗСУ, таму змясцілі акцэнт свайго наступу на поўнач у бок суседняга Зялёнага Поля.
Ніжэй па фронце, паводле аналітыкаў, Збройныя сілы адбілі частку пазіцыяў каля сяла Новапакроўскае.
Разам з тым на паўднёвым фланзе кірунку застаецца складаная для ЗСУ сітуацыя: тут расейцы паступова прасоўваюцца ў сёлах Уманскае і Нятайлава, акрамя гэтага ім удалося заняць выступ па фронце паміж сёламі Первамайскае і Невельскае, у выніку чаго ўкраінцы панеслі істотныя страты – забітымі і палоннымі.
У Мінабароны РФ заявілі, што ЗСУ контратакуюць па ўсёй лініі сутыкнення.
На навапаўлаўскім кірунку набліжаецца да катастрафічнай для Збройных сілаў сітуацыя ў Краснагораўцы.
Байцы 46-й брыгады ЗСУ пішуць, што праціўнік цалкам захапіў мясцовы цагельны завод, і цяпер баі ідуць у цэнтры і на паўночным усходзе гораду, дзе расейцы таксама паступова прасоўваюцца, выкарыстоўваючы перавагу ў артылерыі. Адначасова з гэтым войскі РФ намагаюцца абысці Краснагораўку з поўначы.
Ніжэй па фронце расейцы рухаюцца ў ваколіцах сяла Георгіеўка, каб выраўняць паўднёвы ад гораду фланг.
Разам з тым назіраецца зніжэнне актыўнасці УС РФ на ўчастку фронту каля сёлаў Парасковіеўка і Канстанцінаўка, дзе яны засяродзіліся на назапашванні сілаў.
Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)
На бярдзянскім кірунку працягваюцца баі на так званым урэмеўскім выступе (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў) у ваколіцах населеных пунктаў Ураджайнае і Старамаёрскае, дзе расейцы намагаюцца палепшыць сваё тактычнае становішча, між тым істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуе ніводная з крыніцаў.
Не маюць поспеху расейцы і ў цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці, дзе яны намагаюцца зрэзаць выступ па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў).
У Херсонскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, праціўнік правёў няўдалую атаку на левым беразе Дняпра, дзе сілы абароны Украіны ўтрымліваюць невялікія плацдармы.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS