A A+ A++

У Беларусі і Расеі святкаванне сканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе вельмі адрозніваецца ад таго, як у рэшце Еўропы ўшаноўваюць памяць пра тую вайну. «Белсат» расказвае, як і чаму Літва і Украіна перайшлі ад савецкага свята да еўрапейскага дня памяці.

Святкаванне дня Перамогі ля стэлы «Менск – горад-герой». Менск, Беларусь. 9 траўня 2022 года.

Фота: Белсат

Другая сусветная вайна завяршылася капітуляцыяй Японіі 2 верасня 1945 года. Але для Еўропы днём сканчэння вялікай вайны было 8 траўня 1945 года. У гэты дзень набыў моц акт аб безумоўнай капітуляцыі нацысцкай Нямеччыны, па Еўропе пачалося святкаванне перамогі. Той акт падпісаў 7 траўня нацысцкі генерал Альфрэд Ёдль, якога на капітуляцыю ўпаўнаважыў грос-адмірал Карл Дэніца ж прызначыў пераемнікам Адольф Гітлер, які скончыў жыццё самагубствам 30 красавіка.

Савецкі Саюз настойваў на падпісанні яшчэ аднаго акту – ад прадстаўнікоў розных родаў войскаў нацыстаў. Той другі акт падпісалі 8 траўня ў 22:43 паводле цэнтральнаеўрапейскага часу або 00:43 паводле маскоўскага. Яшчэ тыдзень захоўваліся асобныя спробы супраціву, некаторыя нацысты прабіваліся на захад, каб не трапіць у савецкую зону акупацыі.

У пасляваенным Усходнім блоку – СССР і ягоных сатэлітах – 9 траўня святкавалі як Дзень перамогі. Пасля распаду таго блоку, а затым і СССР, большасць посткамуністычных краінаў перайшлі да адзначэння 8 траўня як дня памяці (у Нямеччыне, дарэчы, 8 траўня адзначаюць як Дзень вызвалення). Але ў Беларусі і Расеі захоўваюць дату 9 траўня і развіваюць ідэю святкавання, за якой губляецца памяць аб тым, што вайна – гэта кепска.

Агляд

Як паміралі і дзе пахаваныя 20 вядомых дыктатараў ХХ стагоддзя

2023.05.20 08:00

Мы з гэтымі ці з тымі?

Гісторык Аляксандр Пашкевіч, сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі расказвае «Белсату», што розніцу ў датах тлумачаць звычайна тэхнічнымі момантамі: нацысты падпісалі капітуляцыю, калі ў Берліне яшчэ было 8 траўня, а ў Маскве ўжо 9 траўня, ды і менавіта 9-га ў СССР абвясцілі аб тым, што нацысты капітулявалі, вайна ў Еўропе скончылася.

Ды, на думку Пашкевіча, гэта другасная прычына, а галоўная – ідэалагічная: прадстаўленне Другой сусветнай вайны ў Савецкім Саюзе як Вялікай айчыннай. У савецкай канцэпцыі, якая на постсавецкай прасторы не была радыкальна перагледжаная, СССР выйграў вайну ледзь не адзін, без істотнай дапамогі заходніх саюзнікаў. Гэтая дапамога, у тым ліку лэнд-ліз (пастаўкі ўзбраенняў, боепрыпасаў, медыкаментаў і харчоў са Злучаных Штатаў), згадваецца як нешта другаснае. У гады Халоднай вайны савецкія ўлады асабліва падкрэслівалі, што ў СССР была «свая вайна», і адрознасць у датах мусіла пра гэта сведчыць.

І нават калі Халодная вайна скончылася, традыцыя ўкаранілася ў пакаленнях, стала звыклай рэччу: Дзень перамогі – 9 траўня. Пашкевіч жа лічыць больш адпаведнай для адзначэння дату 8 траўня – раз ужо пытанне стала ідэалагічным.

«Вялікую айчынную вайну так званую, савецкае разуменне Другой сусветнай вайны ўзялі на ўзбраенне амаральныя аўтарытарныя рэжымы Пуціна і Лукашэнкі, – канстатуе Пашкевіч. – Яны гэта ўсё моцна дыскрэдытавалі. На сённяшні момант вялікая палярызацыя, вялікі падзел, і выбар гэтай даты сведчыць таксама пра пытанне палітычнай, ідэалагічнай арыентацыі».

Гісторык падкрэслівае: памяць пра Другую сусветную як Вялікую айчынную ўзятая на ўзбраенне для развязвання новых войнаў. Стаіць пытанне «мы з гэтымі ці з тымі». Таму трэба адмаўляцца ад гэтай савецкай канцэпцыі і ад альтэрнатыўнай даты, каб паказаць еднасць «з усёй Еўропай і ўсім цывілізаваным светам» у памяці пра Другую сусветную.

Вусы Скарыны

Як беларусы білі нацыстаў у Італіі. Армія Андэрса і бітва пад Монтэ-Касіна

2024.05.06 14:10

Для Літвы гэта была чужая вайна

Гэтак жа тлумачыць «Белсату» змену даты дэпутат Сейму Літвы Валдас Ракуціс: «Мы далучыліся да заходняга свету». У Літве замест Дня перамогі 9 траўня афіцыйна адзначаюць Дзень памяці і прымірэння 8 траўня. Ракуціс нагадвае, што ідэя пра адзначэнне перамогі 9 траўня – рашэнне савецкага кіраўніка Іосіфа Сталіна. На думку дэпутата, асобная дата была патрэбная Сталіну, каб паказаць, хто выйграў у гэтай вайне.

Партрэт Іосіфа Сталіна на плошчы Перамогі. Менск, Беларусь. 9 траўня 2022 года.

Фота: Белсат

Для літоўцаў, лічыць Ракуціс, адзначэнне сканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе мае не такое вялікае значэнне, як для многіх іншых народаў: для іх вайна пачалася ў 1940 годзе з анексіяй Літвы Савецкім Саюзам і скончылася ў сярэдзіне 1950-х здушэннем масавага антысавецкага супраціву, а мірныя дамовы Другой сусветнай вайны не вярнулі Літве свабоды.

«У нас не было такіх вялікіх зменаў, як было ў іншых дзяржавах, – кажа Ракуціс пра 9 траўня. – Мы называем гэта другой савецкай акупацыяй, і яна працягнула ваенныя дзеянні да 1953 года, партызанскі наш супраціў трываў даволі доўга пасля гэтай даты. І, дарэчы, галоўныя падзеі ў нас адбываліся не ў 1945 годзе, але ў 1944-м, калі фронт праходзіў праз літоўскую тэрыторыю».

Яшчэ ў 2008 годзе Сейм Літвы забараніў выкарыстоўваць на масавых сходах, у тым ліку з нагоды Дня перамогі, выкарыстоўваць сімволіку нацысцкай Нямеччыны, СССР і Літоўскай ССР. Сёлета 9 траўня паліцыя будзе патруляваць могілкі: ускладаць кветкі не забаронена, паліцыя будзе сачыць за выкананнем забароны савецкай сімволікі і прадухіляць магчымыя правакацыі.

Нацысцкія і савецкія сімвалы зраўнялі, бо ні саветы, ні нацысты не былі сябрамі для Літвы, тлумачыць Ракуціс. Таму Літва выбрала падыход «гэта не нашая вайна»: у Другой сусветнай удзельнічалі грамадзяне Літвы, але не Літва як дзяржава.

Тэст

Нішто не забыта? Складаныя пытанні пра Другую сусветную

2023.05.09 11:37

Расеі не зразумець лёс Беларусі і Украіны ў Другой сусветнай вайне

Украіна з 2016 года адзначала 8 траўня як Дзень памяці і перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне і 9 траўня як Дзень перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне. Але ў 2023 годзе ва Украіне вырашылі, што 8 траўня мае быць дзяржаўнае свята Дня памяці і перамогі, а 9 траўня – Дзень Еўропы (прымеркаваны да Дэкларацыі Шумана, з якой пачалося стварэнне Еўрапейскага аб’яння вугалю і сталі – продка Еўразвязу).

Раман Кабачый, старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага музею гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне, расказвае «Белсату», што ўкраінскае грамадства доўга ішло да такога рашэння. У 2000 годзе быў прыняты закон «Аб Вялікай айчыннай вайне», дзе ўпершыню прапісалі азначэнне ўкраінскага народу як удзельніка Другой сусветнай вайны, але наратывы яшчэ засталіся постсавецкія. Пасля Рэвалюцыі годнасці ў 2015 годзе ў межах дэкамунізацыйных законаў увялі адзначэнне 8 траўня ў еўрапейскім кантэксце – і ў апытаннях украінцы ўсё менш казалі пра Вялікую айчынную і ўсё больш пра Другую сусветную. А ў 2022 годзе Украіна «перайшла ад дэкамунізацыі да дэкаланізацыі».

«Адчуванне таго, што Другая сусветная вайна для нас гэта не „победобесие“, а пераасэнсаванне трагедыі кожнай сям’і, кожнага населенага пункту, яно ва Украіне зусім іначай бачыцца, чым у Расеі, тэрыторыя якой была нашмат менш акупаваная, чым цалкам акупаваныя тэрыторыі Украіны і Беларусі, – заўважае Кабачый. – Мы бачым гэта па-іншаму, мы адыходзім ад практык менавіта святкавання».

Як для вялікай часткі ўкраінцаў, так і для вялікай часткі беларусаў вайна пачалася ў 1939 годзе, калі савецкія войскі ўвайшлі на Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў межах Польшчы. Для некаторых украінцаў вайна пачалася яшчэ ў сакавіку 1939-га, калі Вугоршчына акупавала Карпацкую Украіну ў складзе Чэхаславаччыны. А для некаторых – яшчэ ў лістападзе 1938-га, калі частку цяперашняга ўкраінскага Закарпацця, у тым ліку Мукачава і Берагава, была анексаваная вугорцамі.

ПраСвет

Для беларусаў важнае «абы не было вайны», а для расейцаў? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою

2023.05.12 13:44

Феномен «победобесия» – інструмент у новай вайне?

У часы кіраўніка СССР Леаніда Брэжнева 9 траўня пачалі менавіта святкаваць, а не проста адзначаць. Гэтае святкаванне спрабавала выштурхнуць са свядомасці сямейныя і рэлігійныя святы, падмяняла трагедыю спакладаным паняткам перамогі, лічыць Кабачый.

«Адзін дзед быў прызваны палявым ваенкаматам і загінуў, другому дзеду пашанцавала, ён дайшоў да Берліну… Каго прызвалі ў адным пінжаку і з адной вінтоўкай кінулі на танкі… Як ты гэта ўспрымаеш, як пераможнае шэсце? – пытае Кабачый. – Нават вызваленне Кіеву вымагала вялікіх ахвяраў і рэсурсаў толькі таму, што Сталіну хацелася, каб да гадавіны Вялікага кастрычніка вызвалілі».

Кіраўнікі СССР, якія бралі ўдзелу ў Другой сусветнай, не хацелі яе паўтарэння, перакананы гісторык. Дзеці вайны, як Міхаіл Гарбачоў і Барыс Ельцын, глядзелі на вайну ўжо крыху іначай, а Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, якія нарадзіліся пасля Другой сусветнай, успрымалі вайну праз савецкую прапаганду, дзе была перамога і не было трагедыі. Адтуль, лічыць Кабачый, і расейскае «победобесие» – апашленне памяці з убіраннем дзяцей у вайсковую форму і дзіцячых вазкоў пад танкі, без асэнсавання таго, што такое вайна.

Афіша спектаклю «В моём детстве была война» ў парк-гатэлі «Хвоя». Бердск, Навасібірская вобласць, Расея. 2024 год.

Выява: Hvoya-park.ru

Да ўкраінцаў жа цяпер прыходзіць асэнсаванне, што іхных продкаў выкарыстоўвалі ў чужых войнах, як то ў афганскай вайне, лічыць суразмоўца. Так жа, як выкарыстоўвалі беларусаў і як цяпер Расея выкарыстоўвае чачэнцаў і буратаў у вайне ва Украіне.

Кабачый згадвае, што ў ягоным музеі ёсць дзённікі сучасных акупантаў. Сярод іх – дзённік бурата, які піша, што дзед ваяваў з фашыстамі, дзядзя з тэрарыстамі (імаверна, чачэнцамі), а ён будзе ваяваць супраць «сучасных нацыстаў» ваяваць. Але не задаецца пытаннем, што ён, бурат, забыў на Херсоншчыне ў 5000 км ад дому.

План: Б

«Победобесие» ў Беларусі выдыхаецца. Дайце яму дайсці

2024.05.06 16:32

Ганна Русінава, Марына Яновіч, Алесь Наваборскі belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułCzterdzieści tysięcy miesięcznie, by żyć [ Społeczeństwo ]
Następny artykułW ten weekend rusza Lotny Festiwal Trunków Rzemieślniczych