Падчас афіцыйнага візіту на Мальту абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская правяла сустрэчы з прэзідэнткай Мальты Мір’ям Спітэры Дэбона, спікерам парламенту Англу Фаруджам, а таксама міністрам замежных справаў Мальты Енам Боргам. Падрабязнасці сустрэчаў паведамілі ў офісе беларускай дэмакратычнай лідаркі.
Сёлета Мальта старшынюе ў АБСЕ, таксама яна з’яўляецца сябрам Рады бяспекі ААН. Падчас сустрэч абмяркоўвалі супрацу дэмакратычных сілаў Беларусі і Еўразвязу, супольныя крокі ў АБСЕ, Радзе Еўропы, Радзе бяспекі ААН, магчымыя крокі для вызвалення палітвязняў і падтрыманне рэпрэсаваных, санкцыі, супрацу на дыпламатычным узроўні.
Міністр замежных справаў Ен Борг, які старшынюе ў АБСЕ, падкрэсліў, што Мальта гатова падтрымліваць ініцыятывы дэмакратычных сілаў на міжнароднай арэне. Святлана Ціханоўская прапанавала яму ўзняць беларускае пытанне на міністэрскай канферэнцыі АБСЕ, а таксама прызначыць спецыяльнага прадстаўніка АБСЕ па Беларусі. Абмяркоўвалася таксама, як беларускае пытанне можна ўзняць у Радзе бяспекі ААН. Ціханоўская распавяла пра працу дэмакратычных сілаў і беларускіх грамадскіх ініцыятываў, накіраваных на падтрыманне рэпрэсаваных, палітвязняў, умацаванне беларускай ідэнтычнасці, а таксама патлумачыла важнасць працы незалежных медыяў. Міністр адзначыў, што раней за Беларусь адказвала амбасада Мальты ў Маскве, цяпер гэтым будзе займацца амбасада ў Варшаве.
Прэзідэнтка Мальты Мір’ям Спітэры Дэбона падкрэсліла прынцыповую пазіцыю Мальты аб падтрыманні дэмакратычных сілаў Беларусі, абароны правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў. Ціханоўская выказала прапанову, каб Мальта падтрымала Міжнародны гуманітарны фонд у падтрымку рэпрэсаваных і палітвязняў у Беларусі, пра стварэнне якога было абвешчана на гэтым тыдні ў Нарвегіі. Ціханоўская выказала жаданне падтрымліваць кантакты з Мальтай як на палітычным узроўні з урадам, так і на ўзроўні грамадзянскай супольнасці і парламенту. Ціханоўская стала другой замежнай лідаркай, з якой сустрэлася прэзідэнтка Мальты, якая заступіла на пасаду месяц таму.
Са спікерам парламенту Англу Фаруджам абмяркоўвалі стварэнне парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», Ціханоўская заклікала дэпутатаў станавіцца хроснымі для палітычных вязняў. Абмеркавалі падтрымку беларускіх ініцыятываў у парламенцкіх асамблеях міжнародных арганізацыяў. Ціханоўская прапанавала правесці слуханні ў мальтыйскім парламенце па Беларусі і прыняць рэзалюцыю па Беларусі. Спікер парламенту адзначыў важнасць прыцягнення рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і яго памагатых да адказнасці праз міжнародныя суды і адзначыў, што ў парламенце няма ніводнага дэпутата, які б падтрымліваў рэжым Беларусі.
Таксама Ціханоўская ўшанавала ў Міжнародны дзень Свабоды прэсы памяць мальтыйскай журналісткі Дафны Каруаны Галіцыі, якая займалася расследаваннем карупцыі чыноўнікаў і была забітая ў 2017 годзе.
Мальта стала 26-й краінай Еўразвязу, якую наведала Святлана Ціханоўская. Апошняя краіна ЕЗ, якая пакуль не прыняла Святлану Ціханоўскую – Вугоршчына.
Нагадаем, што 3 траўня Святлана Ціханоўская і старшыня Еўрапейскага парламенту Рабэрта Мэтсаля падпісалі на Мальце Ліст пра намер супрацы паміж беларускім дэмакратычным рухам і Еўрапейскім парламентам.
Hавiны
Беларускія дэмакратычныя сілы і Еўрапарламент падпісалі пагадненне аб супрацы
2024.05.03 12:15
Якуб Хруст belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS