Аляксандр Лукашэнка ўжо год пагражае свету ядравай зброяй. Павел Подзвіг тлумачыць, што нават калі ядравую зброю даставяць на тэрыторыю Беларусі, што сумнеўна, то ў Лукашэнкі не будзе доступу да боегаловак.
На «Усебеларускім сходзе» 25 красавіка Аляксандр Лукашэнка зноў выхваляўся і пагражаў расейскай тактычнай ядравай зброяй на тэрыторыі Беларусі. Што вядома пра гэтую зброю, у эфіры «Вот Так» распавёў старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута ААН Нацый па вывучэнні праблемаў раззбраення Павел Подзвіг.
Эксперт падкрэслівае, што пра саму зброю вядома як раз мала. Лукашэнка казаў, што ў Беларусь было дастаўлена некалькі дзясяткаў ракетаў, самалётаў – але паўсюль, у тым ліку ў Расеі, ракеты ідуць асобна, а боегалоўкі асобна. Да самалёта, здольнага несці ядравую зброю, не абавязкова прымацаваная ядравая зброя.
«Тое, што там ёсць ракеты і бамбавікі, якія ў прынцыпе могуць гэта дастаўляць, зусім не азначае, што там ёсць рэальныя боегалоўкі ядравыя, прызначаныя для размяшчэння на гэтых сістэмах», – кажа Павел Подзвіг.
Аднак эксперт бачыць некалькі прыкметаў таго, што справа ідзе да перамяшчэння ў Беларусь боезарадаў. Не так даўно эксперты заўважылі, што на аб’екце ў Асіповічах ствараецца адпаведнае сховішча, інжынерныя збудаванні ўжо гатовыя, пастаўленыя агароджы і калючы дрот.
А ўласна ядравых боегаловак у Беларусі яшчэ не паказвалі і не заўважалі. І наўрад ці пакажуць, перакананы Павел Подзвіг:
«Уласна боезарадаў ніхто ў гэтае сховішча везці не будзе. Практыка, прынятая ў Расеі ў справе абыходжання з боезарадамі такая, што яны знаходзяцца ў абмежаванай колькасці месцаў захоўвання».
Бліжэйшае да Беларусі сховішча – пад Бранскам, за 75 км ад мяжы з Беларуссю (115 км па дарогах). Там зарады і застануцца, упэўнены суразмоўца. Сховішча ў Беларусі дабудуюць, магчымасць размясціць зарады створаць, але саміх зарадаў не аддадуць.
І нават калі боезарады прывязуць на тэрыторыю Беларусі, іх не аддадуць пад кантроль Лукашэнку. Зарады ў такім выпадку будуць кантраляваць адпаведныя расейскія часткі, спецыяльныя войскі 12-га Галоўнага ўпраўлення Міністэрства абароны РФ.
Так і ў самой Расеі: тыя вайсковыя часткі, якія займаюцца ракетамі і самалётамі, здольнымі несці ядравыя зарады, не маюць доступу да самой ядравай зброі. Уся ядравая зброя на складзе пад аховай 12-га Галоўнага ўпраўлення. Зарады апынуцца блізка да самалётаў або ракетаў толькі ў апошні момант, калі будзе прынятае рашэнне пра іх выкарыстанне.
Выходзіць, Лукашэнка блефуе, калі пагражае ядравай зброяй або кажа, што выкарыстанне ядравай зброі будзе ягоным супольным рашэннем з Уладзімірам Пуціным? Павел Подзвіг сумняваецца, што Лукашэнка кажа праўду: ва ўсіх расейскіх дакументах сказана, што рашэнне прымае толькі прэзідэнт Расеі, няма прычынаў дзяліцца гэтым правам.
«У нейкім сэнсе зразумела, што сам факт таго, што існуюць сістэмы, што могуць быць выкарыстаныя для дастаўкі зброі, тое, што ідзе навучанне персаналу, гэта ўсе рэчы рэальныя, – прызнае Павел Подзвіг. – Але зноў жа, мне здаецца, трэба выразна аддзяляць рэчы, якія робяцца і якія я не думаю, што нечую бяспеку рэальна павялічваюць, і рэчы, якія не робяцца. А менавіта, перадача кантролю і нават перавоз боезарадаў на тэрыторыю Беларусі».
Дарэчы, на «Усебеларускім сходзе», дзе Лукашэнка зноў пагражаў ядравай зброяй, міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін запэўніваў, што сама пастанова пра размяшчэнне ў Беларусі такой зброі абумоўленая парушэннем Будапешцкага мемарандуму (PDF). Толькі не згадаў, што гэты мемарандум першай парушыла менавіта Расея, калі пачала вайну ва Украіне.
Абноўлена
Ядравая зброя, мір на ўмовах Расеі і баявыя камары. Пра што кажуць на другім дні УНС
2024.04.25 11:06
belsat.eu / ЮК
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS