A A+ A++

У публікацыі, прысвечанай Міжнароднаму дню здароўя, Белстат паведаміў, што ў Беларусі на канец 2023 года было 41 256 практыкуючых лекараў. Паводле іншай статысткі камітэту, на канец 2022 года (больш свежых звестак няма) іх было 47 999. «Белсат» папрасіў каардынатарку Фонду медычнай салідарнасці Лідзію Тарасенку разабрацца ў гэтых лічбах.

Нацыянальны статыстычны камітэт штогод да Міжнароднага дня здароўя публікуе інфармацыю пра лік лекараў і сярэдняга медычнага персаналу ў Беларусі. Апошнія тры гады гэтая лічба амаль не мяняецца. Калі ў 2021-м у сістэме Мінздароўя было 41,7 тысячы практыкуючых дактароў і 112,5 тысячы сярэдніх медработнікаў, то ў 2023-м – 41,3 тысячы і 112,5 тысячы адпаведна.

Пры гэтым Белстат таксама мае іншыя звесткі ў сваёй базе статыстычнай інфармацыі. Згодна з гэтымі дадзенымі, напрыканцы 2020 года ў Беларусі было 48,5 тысячы практыкуючых лекараў, у 2021-м – 48,1 тысячы, у 2022-м – 48 тысячаў.

Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, то ў Беларусі нібыта не было звальненняў медыкаў з палітычных прычынаў і іх эміграцыі. Пры гэтым улады рэгулярна прызнаюць недахоп лекараў і ўсё прыдумляюць, як гэты дэфіцыт зліквідаваць.

На карысць таго, што медычных работнікаў насамрэч бракуе, таксама сведчыць колькасць вакансіяў. Проста зараз у Беларусі шукаюць 4757 лекараў-спецыялістаў, 4291 медсястру, 1261 фельчара, 2778 санітарак.

У інфармацыі Белстату асобна даецца лічба «забяспечанасці насельніцтва медычнымі работнікамі» у разліку на 10 тысячаў жыхароў. Статыстыка сведчыць, што гэтая забяспечанасць, як і належыць быць у цяперашняй Беларусі, стабільная. Белстат адзначае, што паказнік, які датычыць лекараў, у нашай краіне вышэйшы, чымся ў Іспаніі, Літве, Балгарыі і Італіі, а што датычыць сярэдняга медычнага персаналу, – лепшы, чым у Нідэрландах, Аўстрыі, Славеніі і Чэхіі.

Калі б уладам удалося знайсці работнікаў на ўсе існыя вакансіі, то ў забяспечанасці беларусаў медыкамі Беларусь, пэўна, была б наперадзе ўсёй планеты.

Разбор

«Сядзеў за БЧБ? Развітваемся». Праслухоўванне размоваў у сістэме аховы здароўя

2024.02.25 20:41

«Няма паказніку, што сведчыць: вось столькі лекараў мае быць на душу насельніцтва. На гэтае пытанне не існуе адказу нідзе ў свеце», – паспрачалася з гэтай статыстыкай забяспечанасці каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка.

У размове з «Белсатам» яна адзначыла, што ў розных краінах паказнік розны, і гэта залежыць ад асаблівасцяў аховы здароўя ў асобных дзяржавах.

«Напрыклад, у Японіі ў больніцы ў кожным аддзяленні працуе менеджар, які бярэ на сябе вялізную частку арганізацыйнай працы – маршрутызацыя пацыента, растлумачыць, што наогул будзе адбывацца, чаго чакаць, упіскі-выпіскі, то бок тое, што можна аддаць на водкуп людзям з немедычнай адукацыяй. За кошт гэтага доктар можа выканаць болей менавіта лекарскай працы», – падкрэсліла Тарасенка.

Яна звярнула ўвагу, што «ніхто нідзе не ходзіць па дамах», калі не лічыць платныя сэрвісы:

«А ў нас жа гэта пагалоўна, любы ўчастковы ходзіць па дамах. Пакуль ён ходзіць, ён не лекуе людзей. Адпаведна, у нас патрабуецца болей участковых тэрапеўтаў, чымся ў любой краіне, дзе яны па дамах не ходзяць».

Пры гэтым колькасць вакансіяў у базе службы занятасці не можа быць доказам, што не стае менавіта столькі медычных работнікаў, упэўненая экспертка. Паводле яе, не ўсе абвесткі пра пошук адмыслоўцаў публікуюць, да таго ж распаўсюджаная практыка, калі адну вольную стаўку раскідваюць па работніках – вось вакансію і закрылі.

Скорая медицинская помощь, 103, неотложная помощь, медпомощь, Минск, Беларусь

Прыёмнае аддзяленне лякарні хуткай медычнай дапамогі. Менск, Беларусь. 25 чэрвеня 2022 года.

Фота: Белсат

«Самая галоўная фішка – вакансіі скарачаюць. Сёлета толькі ў Менскай вобласці скарацілі каля 250 ложкаў – гэтая лічба прагучала на хірургічнай калегіі. Са скарачэннем ложкаў ідзе скарачэнне колькасці ставак. Напрыклад, у вас у раёне бракавала трох лекараў. Дзве стаўкі скарацілі, цяпер у вас не стае аднаго доктара. Патрэба нібыта зменшылася, але якім коштам?» – разважае Лідзія Тарасенка.

Паводле яе, міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў на апошняй калегіі ведамства заявіў, што сёлета плануюць скараціць амаль тысячу ставак. У афіцыйных паведамленнях пра тую калегію, што адбылася 15 сакавіка, гэтай інфармацыі не было. Аднак міністр сказаў, што рост заробкаў у галіне мусіць забяспечвацца ў тым ліку праз «аптымізацыю штатнай колькасці работнікаў».

Суразмоўца «Белсату» таксама адзначыла, што цяперашняя колькасць вакансіяў лекараў – амаль 5 тысячаў – застаецца прыблізна аднолькавай цягам апошніх некалькіх гадоў.

Каментар

«Умовы працы лекараў у Беларусі блізкія да рабскіх». Эксперт – пра «аптымізацыю» кадраў у медыцыне

2023.12.21 19:48

Што датычыць агульнай колькасці лекараў у Беларусі і розных лічбаў ад розных ведамстваў, то, на меркаванне эксперткі, улады самыя не ведаюць, колькі іх.

«Калі мы рабілі аналіз колькасці менавіта практыкуючых лекараў, глядзелі розныя даведнікі, што публікуе той жа Белстат. І мы бачым, што ён карэктуе лічбы заднім чыслом, а потым кажа, што ў іх змянілася метадалогія, а метадалогіі не публікуюць. Таму ніхто не ведае, што насамрэч лічыць Белстат», – кажа прадстаўніца Фонду медычнай салідарнасці.

Чыноўнікі могуць лёгка заблытаць не адмыслоўца лічбамі, змешваючы проста лекараў, практыкуючых лекараў, медработнікаў:

«Вельмі часта кажуць пра работнікаў сферы аховы здароўя, а гэта вельмі расплывістае паняцце, туды могуць запісаць усіх сантэхнікаў, якія працуюць у больніцы, буфетчыц – каго заўгодна. На гэтай гульні словамі і падмене паняццяў часта «выязджаюць» чыноўнікі на любых пасяджэннях. Калі за гэтым сочыш, заўважаеш, што сёння яны называюць адну лічбу, а заўтра яе падмяняюць іншай. На хлусні іх злавіць няцяжка».

Тарасенка ўпэўненая, што цяперашнім уладам у Беларусі будзе дастаткова роўна столькі медыкаў, каб пазбегнуць бунтаў:

«Гэта адзіная іхная задача, адзіная патрэба, якую яны хочуць закрыць, бо колькасць скаргаў у міністэрства за апошні год павялічылася. Рэжым вучыцца пускаць пыл у вочы».

МЗдымак мае ілюстрацыйны характар.

Фота: АК / Белсат

Паводле падлікаў Фонду медычнай салідарнасці, цяпер у Беларусі каля 38 тысячаў практыкуючых лекараў.

«Мы не можам «злавіць» змены ў тысячу, бо ў нас бракуе пэўных метадаў, аднак мы можам «злавіць» тэндэнцыю. Калі мы ўлічым, што агулам практыкуючых лекараў 38–40 тысячаў, то адняць тысячу – гэта вельмі вялікая лічба для Беларусі», – падсумавала Лідзія Тарасенка.

Напачатку красавіка ініцыятыва «Белыя халаты» апублікавала справаздачу пра занятасць у сферы аховы здароўя. У матэрыяле адзначаецца, што летась амаль увесь час галіна страчвала адмыслоўцаў – за выняткам некалькіх месяцаў, калі на працу ўладкоўваюцца выпускнікі.

«Медыцына страчвае збольшага дасведчаных адмыслоўцаў, а атрымоўвае «зялёных» выпускнікоў, якім патрабуюцца гады, каб цалкам раскрыцца ў спецыяльнасці. Бальшыня дасведчаных медыкаў намагаюцца перайсці ў прыватную медыцыну. У выніку, калі глядзець на дзяржсектар, можам меркаваць, што менавіта там – найхутчэйшы адток кадраў і разам з тым агульнае зніжэнне ўзроўню прафесіяналізму», – пазначана ў справаздачы.

Спадзявацца на адэкватныя захады развязання праблемы не выпадае, упэўненыя «Белыя халаты»: «Застаюцца толькі прымусовыя і рэпрэсіўныя захады. Імаверна, яны дазволяць ненадоўга стабілізаваць сітуацыю ў бліжэйшы год, максімум – два. Аднак у далейшай перспектыве ўсё кажа пра татальную дэградацыю».

Разбор

Хто будзе лячыць беларусаў? Ці заменіць Лукашэнка нелаяльных беларускіх медыкаў на мігрантаў?

2024.04.09 07:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułMiędzynarodowe zawody w skokach przez przeszkody i powożeniu – zapowiedź.
Następny artykułPożar zniszczył warsztat samochodowy i główne źródło utrzymania – FOTO