A A+ A++

ЦВК Беларусі падвядзе вынікі «выбараў» дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу 16 красавіка. Першае пасяджэнне УНС павінна прайсці 24-25 красавіка. «Белсат» падрыхтаваў адказы на простыя пытанні пра УНС, каб разабрацца, чаму раптам да гэтага органу з’явілася шмат увагі, ці можа ён стаць важнейшым за прэзідэнта і чаму выбарамі фармаванне УНС назваць складана.

«Усебеларускі народны сход»

Архіўнае фота. Шосты «Усебеларускі народны сход». Менск, Беларусь. 10 лютага 2021 года.

Фота: president.gov.by

1. Што такое УНС?

Усебеларускі народны сход праходзіць у Беларусі з 1996 года. Усяго іх было шэсць. Апошні – у лютым 2021 года.

У Канстытуцыі рэдакцыі 2022 года зʼявілася расплывістае, але гучнае вызначэнне УНС. Гэта «вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, які забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду».

У 2021 годзе УНС выглядаў як нагода да чарговага маштабнага выступу Аляксандра Лукашэнкі, з якім усе пагаджаюцца. Былі толькі невялікія спробы нават не дэлегатаў, а гасцей УНС паспрабаваць прасунуць свае ідзе, напрыклад, з бізнес-асяроддзя.

2. Чым бягучы УНС будзе адрознівацца ад папярэдніх?

Да 2021 года, здаецца, самі беларускія ўлады асабліва не заўважалі УНС. Аднак усе змянілі выбары 2020 года. Тады Лукашэнка заяўляў, што больш не будзе абірацца прэзідэнтам і паабяцаў Крамлю канстытуцыйную рэформу. Невядома, якія планы ў Лукашэнкі былі насамрэч. Аднак, калі ён меркаваў, што сцэнар, які ён агучыў, можа быць рэальным, то ажывіць УНС для яго было як раз дарэчы.

Так і здарылася. У 2022 годзе Лукашэнка перапісаў Канстытуцыю, дзе зʼявіліся і артыкулы пра УНС. Сход стаў «канстытуцыйным органам».

У 2024 годзе УНС збярэцца ўжо з вельмі шырокімі паўнамоцтвамі, якія прапісаныя ў Канстытуцыі.

Аб’ектыў

Цень Канстытуцыі: што засталося ад асноўнага закону Беларусі пасля 1994 года

2024.03.15 19:31

3. Якія паўнамоцтвы ў УНС?

Пасля змены Канстытуцыі УНС атрымаў шэраг важных функцый, якія дазваляюць органу фактычна кіраваць краінай. Напрыклад, прэзідэнт Беларусі можа быць зняты з пасады Усебеларускім народным сходам. УНС мае права разглядаць пытанне аб легітымнасці выбараў, ініцыяваць змены ў Канстытуцыю, можа ўводзіць надзвычайнае або ваеннае становішча ў Беларусі, прызначаць рэферэндумы, накіроўваць вайскоўцаў за межы краіны.

Таксама УНС зацвярджае асноўныя напрамкі ўнутранай і вонкавай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі; зацвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця; заслухоўвае прэмʼер-міністра аб выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця і іншае.

«Рашэнні Усебеларускага народнага сходу зʼяўляюцца абавязковымі для выканання і могуць адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, за выключэннем актаў судовых органаў», – гаворыцца ў Канстытуцыі.

Па сутнасці – гэта тыя рэчы, якія цяпер кантралюе Лукашэнка, ягоная адміністрацыя і найбольш набліжаныя чыноўнікі. Калі б абяцанні 2020 года давялося выконваць, то захаваць крэсла кіраўніка УНС з такімі шырокімі паўнамоцтвамі было б для Лукашэнкі нядрэнным сцэнаром. Ён і быццам бы сыйшоў на пенсію, і меў бы шанцы на захаванне ўлады.

Скрыншоты з прамой трансляцыі VI Усебеларускага народнага сходу. 11 лютага 2021 года.

Крыніца: tvr.by

4. Хто важнейшы: прэзідэнт або кіраўнік УНС?

УНС цяпер кіруе Лукашэнка, адпаведна, ніякага канфлікту ва ўладзе няма – усё кантралюе ён.

Аднак УНС можа адмяняць прававыя акты службовых асоб, выходзіць, і прэзідэнцкія ўказы, а таксама адхіляць прэзідэнта. Праўда, каб звольніць кагосьці з гэтай пасады, патрэбны шэраг умоў:

  • прэзідэнт можа быць зняты з пасады Усебеларускім народным сходам у выпадку сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі або здзяйснення дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства;
  • прапанова аб зняцці прэзідэнта з пасады ўносіцца Усебеларускаму народнаму сходу па ініцыятыве не менш за адной траціны ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў або не менш за 150 тысяч грамадзян Беларусі з выбарчым правам;
  • павінна быць рашэнне Канстытуцыйнага суда аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння прэзідэнтам Канстытуцыі ў выпадку, калі прэзідэнт абвінавачваецца ў такім парушэнні Канстытуцыі;
  • рашэнне УНС аб зняцці прэзідэнта лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Усебеларускага народнага сходу.

Калі чытаць тое, што напісана ў Канстытуцыі, то кіраўнік УНС не можа сам па сабе быць важнейшым за прэзідэнта. Аднак, калі ўлічваць беларускія рэаліі, калі дэлегатаў УНС фактычна прызначае рэжым і спрачацца з кіраўніком УНС у асобе Лукашэнкі яны не ў стане, то ўмоўны іншы прэзідэнт мог бы апынуцца ў падначаленні ў кіраўніка УНС.

А калі пасаду кіраўніка УНС зойме не Лукашэнка, ці ўдасца яму кантраляваць усіх тых, каго старанна адбіралі ў УНС пад Лукашэнку?

Абноўлена

Лукашэнка парушыў Закон аб Усебеларускім народным сходзе?

2024.02.02 13:51

5. Хто ёсць у УНС, акрамя Лукашэнкі?

Максімальная колькасць людзей у УНС складае 1200 чалавек.

Дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу могуць стаць:

  • прэзідэнт Беларусі
  • былы прэзідэнт Беларусі, прычым нават калі была яго датэрміновая адстаўка;
  • прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады;
  • прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў;
  • прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.

Апошнія дзве групы павінны абірацца ад кожнай вобласці і Мінска.

Склад мог бы выглядаць не так дрэнна, калі б не ўстаноўленыя квоты і сістэма вылучэння ў УНС.

6. Як трапіць у УНС?

З 1 па 10 красавіка прайшлі «выбары» ў УНС. Займаецца ўсім ЦВК.

У кастрычніку 2022 года кіраўнік «Белай Русі» Алег Раманаў распавёў, як «простаму беларусу трапіць на УНС». Мяркуючы з ягоных адказаў і таго, што цяпер распавядае кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, то ніяк.

«1/3 дэлегатаў – гэта тыя людзі, якія ўваходзяць па пасадзе, у тым ліку выбраныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі восьмага склікання», – заявіў Карпенка. Гэта значыць, як раней сказаў Раманаў, гэтая траціна – дзяржслужачыя, «якія займаюць высокія пасады ў сістэме дзяржаўнай улады».

Яшчэ частка – мясцовыя Саветы дэпутатаў. Для кожнай вобласці ЦВК размеркаваў квоты.

«Пры гэтым трэба разумець, што ўсе 60 дэпутатаў Менскага гарадскога савета дэпутатаў будуць аўтаматычна зʼяўляцца дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу», – растлумачыў Карпенка.

Таксама прадугледжаны квоты для трэцяй часткі дэлегатаў – ад пяці «субʼектаў грамадзянскай супольнасці» па 80 прадстаўнікоў.

Квоты атрымалі «Белая Русь», Беларускае грамадскае абʼяднанне ветэранаў, Беларускі саюз жанчын, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Выходзіць, ніякі «просты беларус», будзь гэта нават прыхільнік Лукашэнкі, у УНС трапіць не можа.

УНС фарміруецца на пяць гадоў.

7. Ці можа змяніцца кіраўнік УНС?

Старшыню УНС будуць выбіраць на першым пасяджэнні 25 красавіка. Тэарэтычна выбраць новага кіраўніка могуць. Аднак для гэтага Лукашэнка павінен дазволіць усім падкантрольным яму чыноўнікам і прадстаўнікам праўладных абʼяднанняў выбраць таго, хто ўзначаліць структуру, здольную адхіліць ад улады самога Лукашэнку.

Аналітыка

Выбары ва УНС: як у Беларусі кулуарна ствараюць «калектыўнага Лукашэнку»

2024.03.14 06:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułKokaina, drapanie krocza i tajskie ekscesy – oto garść dziwacznych faktów na temat pięciu znanych teledysków
Następny artykułJakie plany ma drużyna biało-niebieskich? Prezes odpowiada – FILM