«Белсат» падводзіць вынікі 778-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 11 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.
Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё шэрагу атак праціўніка каля населеных пунктаў Церны, Выемка і Раздолаўка на поўначы Данецкай вобласці, а таксама каля Белагораўкі на Луганшчыне.
У сваю чаргу ў Міністэрстве абароны РФ заявілі пра заняцце новых рубяжоў і пазіцыяў каля сяла Серабранка (побач з ракой Северскі Данец).
Агулам, нягледзячы на ініцыятыву расейцаў, лінія сутыкнення на паўночным усходзе Украіны застаецца адносна стабільнай.
Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)
На бахмуцкім кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць у ваколіцах гораду Часаў Яр. Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што УС РФ паступова абыходзяць горад з флангаў каля сёлаў Багданаўка і Іванаўскае, а таксама прасоўваюцца на ўсходзе самога Часавага Яру.
Вайскоўцы ЗСУ пацвярджаюць цяжкую сітуацыю на кірунку: на поўначы ад гораду расейцы амаль цалкам занялі Багданаўку, і цяпер пачынаюць наступаць на суседнюю Калінаўку. Пры гэтым на ўсходзе яны ўжо выйшлі да берагу каналу Северскі Данец – Данбас. Адначасова з гэтым сам Часаў Яр руйнуецца артылерыяй і авіяцыяй. Пры гэтым адзначаецца, што ў асноўным украінцы трымаюцца за кошт ужывання FPV-дронаў.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» паведамляе, што нават у такой сітуацыі ЗСУ ўдаецца паляпшаць сваё становішча на асобных участках каля гораду.
Далей на поўдзень па лініі сутыкнення расейцы атакуюць у ваколіцах сяла Клішчыеўка, але поспеху не маюць.
Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)
На аўдзееўскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка каля населеных пунктаў Керамік, Бэрдычы, Уманскае, Няйталава і Первамайскае.
Між тым прарасейскі ваенны эксперт Барыс Рожын паведамляе пра поспехі Узброеных сілаў РФ на захадзе ад Аўдзееўкі: УС РФ яшчэ прасунуліся ў населеных пунктах Бэрдычы і Сямёнаўка, падышлі да Няйталава, наблізіліся да Яснабродаўкі, а таксама зайшлі з поўдня ў сяло Уманскае.
Пачатак баёў за апошнія населены пункт пацвярджаюць і іншыя крыніцы.
У Мінабароны РФ заявілі, што пры гэтым ЗСУ контратакуюць на вышэйзгаданых участках, імкнучыся адкінуць праціўніка назад.
На навапаўлаўскім кірунку асноўная актыўнасць расейскіх вайскоўцаў засяроджаная ў ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка і Пабеда і Новаміхайлаўка.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што УС РФ замацоўваюцца на ўсходніх ускрайках Краснагораўкі.
Барыс Рожын фіксуе поспехі расейцаў у і Георгіеўцы і Пабедзе, але пра поўны кантроль над сёламі гаварыць зарана.
Аналітыкі праекту Deepstate адзначаюць прасоўванні войскаў РФ у Новаміхайлаўцы.
Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)
На бярдзянскім кірунку баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Ураджайнае і Старамаёрскае на так званым урэмеўскім выступе (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў). «Рыбарь» сцвярджае, што УС РФ цягам содняў Перайшлі раку Мокрыя Ялы і занялі лесапаласу з поўдня ад сяла Ураджайнае.
У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці расейцы ціснуць на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў.
Канал «Два майора» піша, што Узброеныя сілы РФ зноў прасунуліся на паўночным захадзе ад сяла Вэрбовае.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што таксама УС РФ палепшылі становішча каля суседняга сяла Работына.
У Херсонскай вобласці працягваюцца баі на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. Паводле ўкраінскага камандавання, цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі прынамсі шэсць атак праціўніка.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS