«Белсат» падводзіць вынікі 774-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 7 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.
Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на ліманскім кірунку цягам апошніх содняў расейцы наступалі ў ваколіцах населеных пунктаў Церны, Верхнякаменскае, Выемка і Спірнае на поўначы Данецкай вобласці, а таксама каля Белагораўкі на Луганшчыне, але прасунуцца не здолелі. Пры гэтым адзначаецца, што найбольшую актыўнасць праціўнік праяўляе каля Цернаў (так званы торскі выступ), атакуючы на гэтым участку фронту войскі РФ намагаюцца перарэзаць плацдарм украінцаў на левым беразе ракі Жарабец.
У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што каля Цернаў контратакавалі і самыя ЗСУ, але поспеху не дасягнулі.
Прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» піша, што Узброеныя сілы РФ прасунуліся ў ваколіцах сяла Выемка, але, імаверна, гаворка ідзе пра ранейшыя падзеі, паколькі іншыя крыніцы не пацвярджаюць гэтую інфармацыю.
Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)
На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія ціснуць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.
Генштаб ЗСУ піша пра адбіццё шэрагу атак праціўніка каля населеных пунктаў Багданаўка і Клішчыеўка.
Між тым ваенны эксперт Барыс Рожын сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся ў Багданаўцы, і цяпер пад іхным кантролем знаходзіцца амаль усё сяло, за выключэннем заходніх ускрайкаў.
«НгП раZVедка» паведамляе, што таксама расейцы ціснуць у лясным масіве на захадзе ад Іванаўскага.
Расейскі ваенкор Сямён Пегаў мяркуе, што, атакуючы на гэтых участках фронту, УС РФ намагаюцца падраўняць флангі на фоне ранейшага прасоўвання да ўсходняй часткі гораду Часаў Яр. Пры гэтым Пегаў адзначае, што адначасова з гэтым украінцы контратакуюць у самім горадзе, імкнучыся адкінуць праціўніка назад.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» адзначае, што сітуацыя на кірунку складаная для абодвух бакоў. І Хоць расейцы і маюць перавагу ў колькасці асабовага складу, рэалізаваць яе ім не ўдаецца, што прыводзіць да вялікіх стратаў.
Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)
На аўдзееўскім кірунку Узброеныя сілы РФ развіваюць наступ на захадзе ад аднайменнага гораду.
Пегаў сцвярджае, што расейцы прасоўваюцца ў бок Уманскага, а таксама ў сёлах Сямёнаўка і Бэрдычы.
Поспехі УС РФ у апошнім населеным пункце пацвярджаюць і аналітыкі праекту Deepstate.
Тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» удакладняе, што расейцы прасунуліся ў паўночна-заходняй частцы Бэрдычаў.
Яшчэ адна прарасейская крыніца – «Рыбарь» – паведамляе, што войскі РФ прасунуліся ў цэнтральнай частцы Первамайскага, і цяпер пад іхным кантролем знаходзіцца каля 80% населенага пункту.
На навапаўлаўскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, сілы абароны краіны адбілі 21 атак праціўніка каля сёлаў Георгіеўка і Новаміхайлаўка.
Між тым «Рыбарь» сцвярджае, што расейцы прасунуліся ў цэнтры Новаміхайлаўкі і на поўдні ад яе, а таксама выйшлі да цэнтральнай часткі садовага таварыства «Машынабудаўнік» (на паўночным захадзе ад Новаміхайлаўкі).
Байцы 46-й брыгады ЗСУ мяркуюць, што праціўнік намагаецца заняць Новаміхайлаўку, каб у выніку зайсці з тылу да ўкраінскай групоўкі ў ваколіцах гораду Вуглядар.
Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)
На бярдзянскім кірунку баі лакалізуюцца на так званым урэмеўскім выступе (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў).
Украінскае камандаванне піша пра няўдалую атаку праціўніка каля сяла Старамаёрскае.
У сваю чаргу ў Мінабароны РФ фіксуюць безвыніковую контратаку праціўніка ў ваколіцах суседняга сяла Ураджайнае.
У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў).
Аналітыкі Deepstate гавораць, што войскі РФ цягам содняў прасунуліся каля Вэрбовага.
У Херсонскай вобласці расейцы не менш за пяць разоў атакавалі пазіцыі Збройных сілаў на левым беразе Дняпра, але поспеху не дасягнулі. Нагадаем, ЗСУ па-ранейшаму ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў на левабярэжжы Херсоншчыны.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS