A A+ A++

Вечарам 22 сакавіка перад канцэртам гурту «Пікнік» у маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» адбылася масавая страляніна, гучалі выбухі. Было забіта не менш за 40 чалавек, параненыя не менш за сотню. «Белсат» збірае першыя рэакцыі замежных і расейскіх лідараў.

Машыны «хуткай дапамогі» каля маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол»

Машыны «хуткай дапамогі» каля маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол». Масква, Расея. 22 сакавіка 2024 года.

Фота: Новая газета / Telegram

Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, заявіў, што кіраўніку Расеі паведамілі пра страляніну «ў першыя хвіліны» і пастаянна інфармуюць. Каментароў з боку Пуціна на момант публікацыі не было.

Юлія Навальная, удава памерлага ў няволі расейскага апазіцыйнага лідара Аляксея Навальнага, напісала:

«Які жах у „Крокусе“. Спачуванні родным загінулых і выздараўлення пацярпелым. Усе, хто мае дачыненне да гэтага злачынства, павінны быць знойдзеныя і панесці адказнасць».

Губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб’ёў паведаміў, што выехаў на месца тэракту, дзе ўжо створаны аператыўны штаб.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін выказаў спачуванні сем’ям загінулых у «Крокусе» і назваў тое, што адбылося, жахлівай трагедыяй. Ён даў распараджэнне аказаць усю неабходную дапамогу пацярпелым, а таксама скасаваў усе спартовыя, культурныя і іншыя масавыя мерапрыемствы на бліжэйшыя выходныя.

Кіраўнікі розных рэгіёнаў Расеі таксама выказалі спачуванні блізкім загінулых, піша «Медуза». У некаторых рэгіёнах, як то ў Санкт-Пецярбурзе і Ліпецку, Стаўрапальскім краі і Мурманскай вобласці, скасавалі масавыя імпрэзы.

Абнаўляецца

Тэракт на канцэрце ў Маскве: загінулі мінімум 40 чалавек. Глядзіце спецэфір «Вот Так»

2024.03.22 20:49

Кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў выказаў спачуванні ўсім родным і блізкім пацярпелых. Ён дадаў, што рашуча асуджае «падобныя акты гвалту, жорсткасці і неразважлівасці, накіраваныя супраць мірных жыхароў, якія пераходзяць усе магчымыя межы і парушаюць асноўныя прынцыпы чалавечнасці і гуманізму». Ён заклікаў жа найбольш жорсткіх захадаў супраць тэрарыстаў.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў спачуванні ад імя сябе і беларускага народу:

«Рашуча асуджаем гэтае зверскае забойства ні ў чым не вінаватых людзей, якому не можа быць ніякага апраўдання. Перакананы, што ўсе, хто ўзялі ўдзел у планаванні і ўчыненні гэтага акту гвалту, будуць выяўленыя і панясуць заслужанае пакаранне. У гэты жалобны час жадаю мужнасці і стойкасці родным і блізкім загінулых, каб перажыць незаменную страту, а таксама найхутчэйшага аднаўлення ўсім пацярпелым».

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка выказаў спачуванні кіраўніцтву Расеі, расейскаму народу і родным пацярпелых, а таксама выказаў упэўненасць, што ўсе датычныя панясуць пакаранне.

Старшыня Савету Рэспублікі Беларусі Наталля Качанава выказала спачуванні старшыні Савету Федэрацыі Расеі Валянціне Матвіенцы: «Мы рашуча асуджаем цынічнае халоднакроўнае забойства мірных грамадзянаў. Гэта не што іншае, як подлы тэрарыстычны акт».

Амбасада Беларусі ў Расеі заклікала беларусаў у Маскве і Маскоўскай вобласці захоўваць спакой, давяраць афіцыйным крыніцам іефармацыі і выконваць патрабаванні праваахоўнікаў.

«У выпадку ўзнікнення экстраных сітуацый звяртайцеся ў пасольства па тэлефоне: +7(495) 777-66-44», – заклікала амбасада Беларусі.

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі паведаміла, што ў сувязі з тэрактам у Расеі ўвяло ў Беларусі дадатковыя захады бяспекі, перадусім адносна аб’ектаў транспарту і месцаў масавага збору людзей.

Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская так пракаментавала маскоўскі расстрэл:

«Сёння ў канцэртным комплексе «Крокус Сіці хол» адбыўся тэракт, які нагадаў мне пра падзеі ў пачатку 2000-х. Жудасныя карціны пасля выбухаў жылых дамоў, захоп «Норд-Осту», закладнікі ў Бяслане… Трагедыя, якая і тады аказалася падставай для вайны.

Калі гэта і зараз стане падставай для абвяшчэння вайны, то мы будзем не староннімі назіральнікамі. Цяпер маштабаванне вайны азначае прамую небяспеку для Беларусі, якую Расея зробіць паўнавартаснай удзельніцай сваіх планаў. Трагедыя будзе не па тэлевізары, мы будзем глядзець проста на яе.

Я выказваю шчырыя спачуванні сем’ям і блізкім загінулых у гэтай жахлівай трагедыі. І жадаю здароўя ўсім тым, хто пацярпеў».

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Павел Латушка ў відэазвароце згадаў, што ЗША і іншыя краіны папярэджвалі пра магчымы тэракт у Маскве, а таксама пра заявы Лукашэнкі пра «аперацыі пад чужым сцягам». Ён заклікаў беларусаў у Беларусі і Расеі пазбягаць месцаў масавага збору людзей.

Ціханоўская падтрымала заклік Латушкі да беларусаў клапаціцца пра сваю бяспеку.

З асуджэннем тэракту выступілі прадстаўнікі не менш як двух дзясяткаў краінаў, у тым ліку Злучаных Штатаў, Злучанага Каралеўства, Нямеччыны, Францыі, Італіі, Польшчы.

Галоўны прэс-сакратар Еўразвязу па замежных справах Пэтэр Стана заявіў:

«Еўразвяз у шоку і жаху ад паведамленняў аб тэракце ў „Крокус Сіці Холе“ ў Маскве. Еўразвяз асуджае любыя атакі супраць мірных жыхароў. Нашыя думкі – з усімі грамадзянамі Расіі, якіх закрануў гэты тэракт».

Прадстаўнік амерыканскага Белага дому Джон Кірбі на брыфінгу 22 сакавіка казаў, што толькі даведаўся пра тэракт, выказаў спачуванні блізкім ахвяраў і згадаў, што аб магчымасці тэрактаў папярэджвалі раней. Ён таксама адзначыў, што ЗША не мелі папярэдняй інфармацыі аб менавіта тым тэракце, што адбыўся 22 сакавіка. На пытанне аб магчымай датычнасці Украіны Кірбі адказаў, што на гэты момант не мае ніякіх звестак аб прыкметах датычнасці Украіны ці ўкраінцаў да атакі.

Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Расеі Марыя Захарава абурылася гэтымі словамі: палічыла іх «індульгенцыяй» Украіне і адзначыла, што ЗША месяць неадкладна перадаць звесткі пра гэта Расеі, калі маюць такую інфармацыю. Яе таксама раззлавала паведамленне Офісу Генеральнага сакратара Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, у якім рэакцыяй на тэракт было слова «засмучаныя» (sadden), яна палічыла гэтае слова неадпаведным страляніне.

Hавiны

ЗША і іншыя краіны папярэджвалі пра магчымы тэракт за два тыдні да маскоўскага расстрэлу

2024.03.22 22:16

Былы прэзідэнт Расеі і старшыня партыі «Единая Россия» Дзмітрый Мядзведзеў выказаў спачуванні блізкім загінулых і прыгразіў: калі будзе выяўлена, што гэта ўчынілі «тэрарысты кіеўскага рэжыму», то ўсе яны мусяць быць знойдзеныя і «бязлітасна знішчаныя», таксама як афіцыйныя асобы Украіны.

Амбасадар МЗС Расеі па асаблівых даручэннях па «злачынствах кіеўскага рэжыму» Радзівон Мірошнік заявіў, што Расея будзе запытваць паседжанне Рады бяспекі ААН у сувязі з тэрактам.

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Андрэй Юсаў заявіў, што маскоўскі расстрэл – «свядомая правакацыя спецслужбаў Пуціна, пра якую папярэджвала міжнародная супольнасць». Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў, што Украіна не мае дачынення да тэракту ў «Крокусе».

Легіён «Свабода Расеі», які ваюе на баку Украіны, заявіў, што лічыць вінаватым у тэракце рэжым Пуціна і нагадаў пра «разанскі цукар» – тэорыю змовы аб арганізацыі расейскімі спецслужбамі выбухаў у жылых дамах у 1999 годзе.

Апазіцыйны Форум свабоднай Расеі выступіў з рэзкім асуджэннем тэракту, але таксама дапусціў датычнасць расейскіх спецслужбаў у межах падрыхтоўкі глебы пад новую хвалю мабілізацыі.

З прычыны тэракту ў Маскве прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч запланаваў на 23 сакавіка паседжанне Рады нацыянальнай бяспекі. Як тэракт звязаны з Сербіяй, з паведамленняў пра паседжанне незразумела.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułGP Australii minimum na dwa pit stopy?
Następny artykułWOJAS S.A.: Zawiadomienie o nabyciu znacznego pakietu akcji spółki WOJAS S.A. w odpowiedzi na wezwanie