A A+ A++

Падляская спявачка Niczos – полька Ніка Юрчук – паўгода таму нарабіла шуму сярод беларусаў трэкам «Chadžu ja»: аказваецца, на мове польска-беларускага памежжа можна рабіць хіп-хоп пад модны лацінаамерыканскі біт! «Белсат» паразмаўляў са спявачкаю пра беларускую і падляскую мовы ў Польшчы, а таксама пра чатыры ейныя праекты розных музычных кірункаў.


«Неймаверна! На польскай сцэне няма нікога, хто рабіў бы такую музыку», – напісаў каментар па-польску адзін з гледачоў кліпу «Chadžu ja».

«Дзякуй вам вялікі, гэта вельмі крута! Надзвычай удалы прыклад таго, як можна зрабіць традыцыйную культуру сучаснай і цікавай», – пракаментаваў другі па-беларуску.

«Большы gangsta vibe, чымся большасць рэпавых кліпаў з ЗША», – яшчэ адзін каментар па-польску.

«Адразу нават троху разгубіўся, потым толькі дайшло, што чую якіясь родныя словы», – прызнаўся іншы па-беларуску.

Вакалістка і скрыпачка Ніка Юрчук, якая выступае пад псеўданімам Niczos. Варшава, Польшча. 27 чэрвеня 2024 года.

Фота: Белсат

Межы між славянскімі мовамі даволі размытыя. Калі літаратурную беларускую лёгка адрозніць ад літаратурнай польскай, то жывая мова на памежжы, асабліва ў сельскай мясцовасці, – гэта спектр гаворак. Дзесьці на Падляшшы размаўляюць амаль чыста па-польску, дзесьці больш элементаў беларускай мовы, дзесьці больш украінскай. Хтосьці называе гэта групаю дыялектаў польскай мовы, хтосьці – дыялектамі беларускай ці ўкраінскай, хтосьці – падляскай мікрамовай. А некаторыя мясцовыя кажуць, што проста размаўляюць po swojomu.

Ніка Юрчук перакананая, што гэта мікрамова:

«Можна сказаць, у суме гэта мова Вялікага Княства Літоўскага. Яна падобная да беларускай і польскай. Не сказала б, што гэта не беларуская і не польская. Гэта нешта на памежжы».

І гэта жывая мова, запэўнівае Ніка: ведае асобаў са свайго пакалення, якія ўмеюць размаўляць па-падляску, бо так размаўлялі дзядулі і бабулі, а то і бацькі. Хоць большасць знаёмых не размаўляе па-падляску штодня, але пры нагодзе можа перайсці на гэтую мову, не саромеецца казаць po swojomu. Ды ахвочых вывучыць падляскую няшмат, прызнае спявачка: мала хто бачыць каштоўнасць гэтай мовы. Але Ніка – не адзіная з тых, хто бачыць і вывучае.

Вакалістка і скрыпачка Ніка Юрчук, якая выступае пад псеўданімам Niczos. Варшава, Польшча. 27 чэрвеня 2024 года.

Фота: Белсат

Падляскую мову Ніка засвоіла праз студыю фальклору падляскіх беларусаў «Жэмэрва»: проста слухала, што як гучыць па-падляску, а зразумець было лёгка з ведамі польскай, беларускай і расейскай моваў. Да таго ж падляская мова вельмі «плынная», у розных рэгіёнах яна розная, але розніца не такая вялікая, людзі разумеюць адно аднаго. І большасць адрозненняў – у вымаўленні: калі ў тваёй вёсцы кажуць «хадзіці», а ў суседняй – «ходыты», дык паразумеецеся.

«Але каб ужо размаўляць, трэба было перакрочыць бар’ер, – згадвае Ніка. – Дапамагае быць у гэтым асяроддзі. І нягледзячы на ўсё, цяпер ёсць шмат магчымасцяў: розныя спектаклі, часопісы па-падляску. Але, вядома, найлепш папросту слухаць, як людзі размаўляюць».

Ніка Юрчук нарадзілася ў Бельску-Падляскім – невялікім горадзе на поўдні Падляскага ваяводства Польшчы, за 30 км ад мяжы з Беларуссю. У Бельскім павеце 10 % насельніцтва назвалі сябе беларусамі ў перапісе 2021 года, у суседнім Гайнаўскім – 18,5 %. Ёсць вёскі, дзе беларусамі сябе лічыць абсалютная бальшыня.

Ніка хадзіла ў беларускамоўную школу, потым у беларускі ліцэй, але яна не беларуска. Чула, што яе называлі беларускаю спявачкаю з Польшчы, але падкрэслівае: яна падляшанка, дзяўчына з Падляшша. Дапускае, што можа мець нейкія беларускія карані, бо народы на памежжы мяшаліся, але пра тое, каб хтосьці з продкаў быў беларусам, яна не чула. Калі хтосьці з замежнікаў пытае, адкуль яна, то адказвае, што полька, але пры нагодзе расказвае, што спявае па-падляску і на ўсходзе Польшчы ёсць такі край – Падляшша.

Чаму тады беларуская школа? Ніка тлумачыць: у Бельску-Падляскім гэта «досыць натуральны выбар», дый бацькі там вучыліся, і школа вельмі добрая. Да таго ж у горадзе толькі два ліцэі – польскі і беларускі, неафіцыйна «каталіцкі» і «праваслаўны». Калі сям’я праваслаўная – хутчэй аддае дзяцей у беларускі ліцэй. Беларуская мова ў гэтай мясцовасці не экзатычная: на Падляшшы дзеюць беларускія таварыствы і ініцыятывы. Ніку здзіўляе, што ў Беларусі мала ведаюць пра Падляшша.

Інтэрв’ю

Як беларускія «Kurwadziki» робяць Беласток great again. Вялікае інтэрв’ю з «Адкрыццём года»

2024.05.04 09:00

«Вядома, ёсць галасы, што беларуская мова непатрэбная, у ліцэі таксама былі такія галасы. Маўляў, навошта мы вучым гэтую мову, на якой нават у Беларусі не размаўляюць, – адзначае Ніка. – Але мне асабіста здаецца, што гэта цікава, што мы вучым мову з-за мяжы. А да мяжы – пара кіламетраў, то файна ведаць гэтую мову. Плюс гэта пэўная форма пашырэння падляскай мовы: калі ведаеш беларускую і польскую, лягчэй разбярэшся ў падляскай. Бо няма падручніка падляскай мовы, яна проста пераходзіць з пакалення ў пакаленне. А беларуская дазваляе структураваць гэтыя веды».

Беларусь у Нікі асацыюецца найперш не з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, а з успамінамі пра паездкі па Беларусі ў этнаграфічных экспедыцыях. З цеплынёю згадвае беларускія вёскі, каляровыя дамы і адкрытых людзей, гатовых пусціць у хату незнаёмцаў. Цешыцца, што беларусы ў Польшчы трымаюцца разам, ходзяць на канцэрты беларускіх музыкаў. І хоча калі-небудзь, у лепшыя часы, выступіць у Беларусі з кожным са сваіх праектаў.

Беларускаю культураю Ніка цікавілася не толькі з этнаграфічнага боку, слухае і беларускую музыку:

«Мне здаецца, беларуская музычная сцэна паўнавартасная, на высокім узроўні. Яны ведаюць, навошта граюць і што хочуць выказаць. Уся палітычная сітуацыя схіляе іх да таго, каб ганарыцца сваёй беларускасцю. І гэта мне вельмі падабаецца, што гэта не проста музычка пра невядома што, каб паскакаць пад яе, а што гэта выказванне».

Некалі Ніка ездзіла на «Басовішча» – беларускі рок-фэст на Падляшшы. Агулам року не слухае, але «Volski», «Dzieciuki» і «Разбітае сэрца пацана» яе зачапілі, не раз хадзіла на іхныя канцэрты. Любіць таксама спявачку Iva Sativa. Аднойчы хадзіла на канцэрт гурту «Ляпіс Трубяцкі», хоць хвалявалася, што яны з сяброўкаю там былі ці не адзінымі полькамі і аднымі з самых маладых. Цяпер жа Ніка сама выступае на «Tutaka» – нашчадку «Басовішча».

Музыкаю па-беларуску Ніка займалася і да «Жэмэрвы», але тое былі школьныя і гарадскія гурты, якіх яна не ўспрымала сур’ёзна: проста нейкія спевы пад фанаграму, нейкія сцэнічныя аранжыроўкі… А ў «Жэмэрве» былі сур’ёзныя заняткі з традыцыйнымі песнямі. Ніка згадвае, як кіраўніца ансамблю яе вучыла беламу спеву: казала спачатку проста крычаць! І было шмат экспедыцыяў па вёсках, у тым ліку па Беларусі: запісвалі, што спяваюць і распавядаюць бабулі, глядзелі на іхныя строі, нярэдка і начавалі ў бабуль – Ніка любіла гэты вясковы клімат.

«Жэмэрва» паступова разрасталася: з’явіўся мужчынскі ансамбль «Осочнікі», у нейкі момант стварылі капэлу з акардэонам, скрыпкай і бубнам. Ансамбль даволі часта запрашалі на фестывалі ў Польшчы, а таксама ў Літву, Чэхію ды іншыя краіны, але найбольш музыкі любяць выступаць проста «сярод людзей» у падляскіх вёсках і на фестывалях, якія «Жэмэрва» ладзіць сама. Ніка бачыць, як людзі хочуць браць удзел, як слухаюць спевы, як вітаюць у сваіх вёсках. Гэта ёй падабаецца найбольш.

Вакалістка і скрыпачка Ніка Юрчук, якая выступае пад псеўданімам Niczos. Варшава, Польшча. 27 чэрвеня 2024 года.

Фота: Белсат

У 2019 годзе Ніка пазнаёмілася праз агульных знаёмых з Віктарам Шчыгелем – беластоцкім польска-калумбійскім музыкам, які выступае пад псеўданімам Sw@da. Ён ужо працяглы час ствараў музыку, супрацоўнічаў са спявачкаю Каралінаю Ціхаю (яны рабілі трэкі з татарскімі матывамі), меў нават намінацыю на ўзнагароду «Fryderyk» – гэткую польскую «Grammy». У нейкі момант ён зацікавіўся Падляшшам, хацеў спалучыць рэп і падляскую музыку, шукаў кагосьці ў дапамогу.

Разам з Нікай, якая ўзяла псеўданім Niczos, і яшчэ двума ўдзельнікамі Sw@da стаў рабіць музыку «беластоцкіх фавэлаў» – тое, што назвалі «Podlasie bounce». Нейкай спецыфічнай канцэпцыі кшталту «спалучыць той і гэты край Зямлі» не мелі: проста ўзялі традыцыйныя матывы і спалучылі з тым, што слухае сам Sw@da. Выступілі на конкурсе фестывалю «Nowa Tradycja», атрымалі там спецыяльную адзнаку, хоць гралі музыку, незвычайную для фэсту, дзе часцей спалучаюць фолк-музыку і джаз.


Працягнулі супрацоўнічаць, але праз пандэмію каронавіруса праект забуксаваў – аж да першага фестывалю «Tutaka» ўлетку 2021 года. Змянілі склад, напісалі новыя песні, Ніка стала сама пісаць тэксты. Матэрыялу назбіралі на два падпраекты: «Bahato» з рэпам і «#indawoods» без рэпу. Sw@da тым часам пачынае вучыць беларускую мову.

Цяпер Niczos і Sw@da працуюць над альбомам, спадзяюцца выдаць ужо сёлета. І паралельна ладзяць праект, які называюць «Tour de plita» – ездзяць па людзях, якія маюць старыя кафляныя печы, запісваюць відэа для TikTok, граюць і танчаць побач з гэтымі печамі.


Niczos і Sw@da пачалі з крыху апрацаванага народнага тэксту ў «Trawa murawa». Але затым Ніка стала пісаць свае тэксты – часам у камбінацыі з рэпам па-польску, а часам цэлыя трэкі па-падляску. І яны зусім не пра спадчыну мінулых стагоддзяў.

Тая ж песня «Chadžu ja» – пра дзяўчыну, якая закахалася ў хлопца, які ёй, мякка кажучы, не быў ідэальнаю параю, расказвае Ніка. І хоць розум падказваў дзяўчыне не звязвацца з ім, сэрца казала іначай.

Некаторыя ўспрынялі песню і кліп як спробу зламаць стэрэатып пра вясковасць Падляшша, але Ніка кажа, задума была не такая: хацелі зрабіць максімальна жывы і натуральны кліп у эпоху штучнага інтэлекту, таму і спявалі ўжывую, і здымалі большую частку адным кадрам без мантажу, і фонам для кліпу зрабілі найбольш «грубы» двор (што было няпроста, бо там кветкі, там яшчэ нейкія ўпрыгожванні…), і колеры захавалі прыглушаныя.

Таксама Ніка згадвае «Vysoko letaju»: атрымалася энергічная песня пра негатыўныя эмоцыі. Sw@da неяк меў цяжкі момант у жыцці, Ніка таксама, дык паспрабавалі расказаць пра гэта, захаваўшы танцавальны настрой, каб пад гэта можна было скакаць.


Некалі, прызнаецца Ніка, ёй здавалася, што падляская – гэта мова штодзённага ўжытку, не надта складаная. Але як пачала сама пісаць тэксты і чытаць вершы па-падляску, зразумела, што мова багатая:

«Мне здаецца, падляская мова трохі недаацэненая. Людзі думаюць, што гэта мова вельмі простых людзей з вёскі. У пэўным сэнсе гэта так, бо людзі размаўлялі на ёй у вёсках. Але ведаю і бачу, што ўдаецца размаўляць на больш сур’ёзныя тэмы».

Хоць падляская мова знікае са штодзённага ўжытку, яна адначасова эвалюцыянуе і развіваецца ў мастацкім фармаце, мяркуе спявачка. Яна згадвае, што журналіст Ян Максімюк збірае слоўнік падляскай мовы (часткова зроблены слоўнік ёсць на сайце Svoja.org), дык у тым слоўніку не толькі «простыя словы» – мова поўнафункцыянальная.


Што да развіцця праекту Niczos і Sw@da, Ніка абяцае, што альбом атрымаецца разнастайным у музычным сэнсе, рытмічным і эмацыйным, а наступны самотнік будзе больш інтымны і не настолькі танцавальны.

Вакалістка і скрыпачка Ніка Юрчук, якая выступае пад псеўданімам Niczos. Варшава, Польшча. 27 чэрвеня 2024 года.

Фота: Белсат

У 2021 годзе беларуска Дар’я Буцкая ўтварыла гурт «Hajda Banda», звярнулася да «Жэмэрвы» па інструментальную музыку Падляшша, знайшла музыкаў у гурт, Ніка сталася скрыпачкай і салісткай. У адрозненне ад спеваў, інструментальнай музыкі ў архівах захавалася даволі мала, але штосьці знайшлося.

Гурт не строга рэканструктарскі: грае нестандартна шырокім складам для Падляшша, робіць свае «танцавальныя» аранжыроўкі народных спеваў, але на традыцыйных інструментах. Ніка тлумачыць, што гурт намагаецца рабіць музыку больш жваваю, хоць тэксты народных песень даволі нешчаслівыя і цяжкія.


Нядаўна Ніка распачала яшчэ адзін праект, «Toń» з Антанінаю Цар з Гдыні, з якою пазнаёміліся дзякуючы арганізатарам беластоцкага фестывалю «Electrum Up To Date». Арганізатары хацелі зрабіць нешта на 15-годдзе фэсту, каб было пра Падляшша і пасавала б да атмасферы фестывалю. Ніка і Антаніна спалучылі падляскую традыцыйную музыку з сучаснай электроннай, але ўжо не танцавальнай, а бліжэйшай да эмбіенту. І традыцыйную музыку зрабілі не асновай, а далікатным дадаткам. Абедзве здзівіліся з таго, што выйшла, але самым спадабалася – плануюць выдаць альбом.

«Маёй марай калісьці было граць у двух гуртах: адзін мегатрадыцыйны, а другі больш сучасны, таму ў суме гэта ідэальна выканалася», – цешыцца Ніка.

Абодва кірункі, традыцыйны і сучасны, для яе натуральныя. Яна запэўнівае, што хоць зусім па-рознаму выглядае, калі выступае як Niczos са Sw@da і калі грае ў «Hajda Banda», не «надзявае маскі» для нейкага аднаго праекту, у абодвух застаецца сабою, «толькі ў іншай форме». Крыху здзівілася, калі зразумела, што яе называюць рэперкай, але любіць быць на сцэне, каб паказваць сябе не такой, як у штодзённым жыцці.

Шкадуе толькі, што часу мала, бо любіць быць і на сцэне, і ў студыі, любіць спалучаць Падляшша з рознымі стылямі.

Ніка не сутыкалася з негатыўнаю рэакцыяй на падляскую мову – не чула, каб казалі, што гэта чужая, састарэлая ці калгасная мова. Хіба бачыла каментары ў TikTok, што «такой мовы няма, гэта царкоўнаславянская ці яшчэ нейкая», што «мільён гадоў жыву ў Беластоку і не чуў, каб так размаўлялі». Таксама чула пытанні, ці можна з музыкаю з тэкстамі па-падляску трапіць у мэйнстрым, ці такую музыку стануць круціць на радыё. Адносна мэйнстрыму яна не ўпэўненая, але не надта пра гэта задумваецца – і проста спявае.

За мінулыя два гады з «Hajda Banda» Ніка аб’ехала ці не ўсю Польшчу, выступала ў Чэхіі і Славаччыне, плануе паехаць у Бельгію. Са Sw@da ж пакуль толькі распачала першы «канцэртны сезон»: далі першы сольны канцэрт у варшаўскім клубе «Scena Chmielna», які адкрылі беларусы, затым выступалі на польскіх фэстах і фэстах беларусаў у Польшчы, найбліжэйшы выступ – на фэсце «Tutaka» 13 ліпеня.

Анонс

Канцэрты, кіно, дыскусіі, лекцыі, забаўкі. На Падляшшы пройдзе чацвёрты фэст «Tutaka»

2024.07.06 16:42

Аказалася, такая музыка цікавая не толькі падлешукам і беларусам. Так, Niczos і Sw@da запрасілі на фэст «Grajdół» у гарах на самым поўдні Польшчы блізу мяжы са Славаччынай – і там мова не была бар’ерам, людзі бавіліся і нават падпявалі. А нядаўні трэк «Nakrashana» першы час слухалі на «Spotify» больш з Бразіліі, чымся з Польшчы, бо ён трапіў у нейкі бразільскі плэйліст.

Рэч не ў тым, каб «зачапіць слухача экзатычнасцю», а ў тым, каб рабіць ад сэрца і не дзеля грошай, каб слухач чуў шчырасць, мяркуе Ніка. На такой «непапсовай» музыцы ў Польшчы можна і зарабляць грошы, разважае спявачка, і гэта прасцей, чымся ў Беларусі. Але ўсё роўна гэта цяжка: улетку можна зарабляць на фэстах і канцэртах, але ўзімку давядзецца быць больш універсальным, зарабляць на напісанні музыкі для іншых.

Ніка цяпер працуе праграмісткай і сумняецца, што можа зарабіць толькі на музыцы: хоча, каб музыка заставалася не працаю, не «прадпрымальніцкаю дзейнасцю», а захапленнем.

Гісторыі

Яны равуць пра смерць, палітвязняў і каліноўцаў. Вялікае інтэрв’ю з мэталістамі «Dymna Lotva»

2024.06.09 09:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułZoo w Krakowie: stan prac przy budowie pawilonu dla szympansów i makaków
Następny artykułZmiana godzin wstępu na kąpielisko w parku Zakrzówek w weekendy i święta