A A+ A++

«Белсат» падводзіць вынікі 864-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 6 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Жанчына стаіць каля разбуранага дому. Горад Ясінаватая, Данецкая вобласць, Украіна. 6 ліпеня 2024 г.

Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на поўначы Харкаўскай вобласці цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Глыбокае, Ліпцы, Старыца і Ваўчанск (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах).

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што ў гэты ж час самыя ЗСУ беспаспяхова атакуюць каля Ліпцаў, Глыбокага, Ваўчанску і Ціхага.

Праўкраінскі «Офіцер» удакладняе, што ў Глыбокім войскі РФ навязалі Збройным сілам цяжкія баі, таму населены пункт не ўдалося вызваліць сходу. Цяпер жа расейцы падцягнулі рэзервы і паспяхова контратакавалі на асобных участках, у выніку чаго кантралююць прыблізна 50% сяла.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы прынамсі пяць разоў атакавалі каля Сынькоўкі і Петрапаўлаўкі, імкнучыся выйсці да раённага цэнтру, але прасунуцца не здолелі.

Больш інтэнсіўныя баі фіксуюцца на суседнім ліманскім кірунку, дзе Узброеныя сілы РФ правялі не менш за 21 атаку каля Грэкаўкі, Макееўкі, Неўскага і Цернаў, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва.

Агулам, на паўночным усходзе Украіны УС РФ праяўляюць актыўнасць па шырокім фронце, імкнучыся знайсці слабыя месцы ў абароне праціўніка.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай вобласці і на паўднёвым захадзе Луганскай)

На сівэрскім кірункі Узброеныя сілы РФ ціснуць на выступе па фронце ў ваколіцах аднайменнага гораду побач з сёламі Белагораўка, Спірнае і Выемка – тут за содні адбылося 7 баявых сутыкненняў.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што войскі РФ ужо кантралююць большую частку Спірнага. Разам з тым частка сяла ўсё яшчэ застаецца пад кантролем ЗСУ або ў так званай шэрай зоне.

Нагадаем, раней у Міністэрстве абароны РФ заявілі пра поўны захоп населенага пункту.

Ніжэй па фронце расейцы намагаюцца выпрастаць флангі ў ваколіцах гораду Часаў Яр і выбіць ЗСУ за канал Сівэрскі Данец – Данбас, як гэта ўжо адбылося ва ўсходняй частцы самога населенага пункту.

На тарэцкім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца на поўдні і ўсходзе ад аднайменнага гораду.

Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што цягам содняў войскі РФ прасунуліся ў населеных пунктах Нью-Ёрк і Дружба.

«Офіцер» піша, што таксама працягваюцца баі каля Паўночнага.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ захоўваецца і на пакроўскім кірунку, дзе яны развіваюць наступ на захадзе ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

Мінабароны РФ заяўляе пра пераход пад свой кантроль сяла Сокал.

У Deepstate фіксуюць прасоўванні расейцаў каля Навасёлаўкі Першай.

Тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» пацвярджае кантроль УС РФ над Сокалам. Акрамя гэтага крыніца адзначае заняцце прынамсі паловы Яўгенаўкі, і выхад да населенага пункту Прагрэс.

Іншая прарасейская крыніца – ваенкор Сямён Пегаў – гаворыць пра рух войскаў РФ на паўднёвым фланзе кірунку на ўскрайках сяла Карлаўка.

На курахаўскім кірунку УС РФ штурмуюць горад Краснагораўка, а таксама ўскрайкі сяла Канстанцінаўка – істотных зменаў лініі сутыкнення пакуль не фіксуецца.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (поўдзень Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На так званым урэмаўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў ідуць баі абапал ракі Мокрыя Ялы каля сёлаў Макараўка, Старамаёрскае і Ураджайнае. Канал «Офіцер» піша, што Ураджайнае прыблізна на 50% застаецца пад кантролем ЗСУ, у гэты ж час крыніца пакуль не можа пацвердзіць ранейшыя заявы расейцаў пра захоп Старамаёрскага.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце ў ваколіцах гораду Арэхаў, але пакуль ніводны з бакоў не можа істотна прасунуцца.

У Херсонскай вобласці расейцы атакуюць на левым беразе Дняпра і на астравах у рэчышчы, але пакуль Сілам абароны Украіны ўдаецца ўтрымліваць плацдармы.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułIle kosztuje trzyletnia Tesla? Ceny używanych aut elektrycznych zwalają z nóg
Następny artykułPath of Exile: znamy datę startu nowej ligi – Settlers of Kalguur