У Беларусі ў верасні 2023 года выйшаў указ, паводле якога прадаць або падарыць нерухомасць у Беларусі зрабілася магчымым толькі пры асабістай прысутнасці або з дапамогай даверанасці, аформленай унутры краіны. Праз гэта нерухомасць шматлікіх людзей, якія з’ехалі з прычыны рэпрэсіяў, аказалася «закладнікам» дзяржавы. Улады, у сваю чаргу, пачалі канфіскоўваць і прадаваць чужую ўласнасць і накіроўваць грошы ў дзяржаўны бюджэт.
Канфіскацыі закранулі не толькі апанентаў Лукашэнкі, але і іхных сваякоў. «Белсат» тлумачыць, якія варыянты выратавання ўласнасці засталіся ў тых, хто зʼехаў з краіны, у залежнасці ад таго, ці ёсць у іх беларуская даверанасць.
Калі ў вас ёсць аформленая ў Беларусі генеральная даверанасць
Калі вы ў ліку шчасліўчыкаў, якія перад адʼездам паспелі зрабіць генеральную даверанасць, праблемаў у вас мусіць быць няшмат. Як правіла, яна дзее тры гады.
Варыянт 1. Прадаць нерухомасць
Часцей за ўсё даверанасць выпісваюць на мужа, жонку ці бацькоў, але прадаць нерухомасць самім сабе ім не ўдасца. Выйсце такое: прадаваць іншым блізкім сваякам (глядзіце іх пералік у арт. 1 Жыллёвага кодэксу) ці ж староннім асобам.
З блізкімі прасцей: яны потым сапраўды гэтак жа могуць перапрадаць ці падарыць жытло тым, на каго вы выдалі даверанасць. Акрамя таго, пры рэгістрацыі ўгоды не абавязкова пералічваць грошы – вы можаце проста сказаць, што ўжо разлічыліся. Кошт жытла пры гэтым можа быць любы – у законе няма ніякіх мінімальных сумаў (але бяспечней сказаць штосьці блізкае да рэальнасці). Аднак гэта будзе ўгода, заснаваная выключна на даверы.
Калі такіх сваякоў у вас няма, застаецца прадаваць жытло староннім асобам, афармляючы дакументы ў адпаведнасці з законам.
Падаходнага падатку ад продажу нерухомасці (як родным, так і староннім людзям, у тым ліку замежнікам) плаціць не трэба. Але толькі пры ўмове, што гэта будзе першы продаж аднатыпнай нерухомасці за апошнія 5 гадоў (аднатыпная нерухомасць: дзве кватэры, два лецішчы, два дамы і г. д).
Зрэшты, калі б усё было так проста, гэта была б не Беларусь. Таму нават пры наяўнасці генеральнай даверанасці падрыхтуйцеся да наступных цяжкасцяў.
а) Гендаверанасць не дае права выпісаць вас з жытла
Асноўная праблема нават не ў гэтым. Некаторыя пашпартысты могуць выпісаць вас і без асобнай паперкі, а калі не пашанцуе – можна зрабіць гэта паводле асобнай даверанасці, аформленай за мяжой.
Галоўная праблема ў тым, што вайсковаабавязаных з жытла цяпер выпісваць адмаўляюцца (ваенкамат не дае сваёй згоды). Раней быў шанец абысці гэтую працэдуру, напрыклад, перарэгістраваўшыся ў іншым жытле ў тым жа раёне. Цяпер і тут суцэльныя адмовы.
Але калі ўладальнік кватэры не вайсковаабавязаны і ў ёй не прапісаныя непаўналетнія, праблемаў мусіць не быць: афармляеце даверанасць за мяжой і перарэгістроўваецеся ў іншае жытло. Калі няма куды – робіце гэта праз суд.
б) Перарэгістравацца можна толькі пры наяўнасці вашага пашпарта
Вядома, перадаваць яго ў Беларусь цяпер мала хто захоча. На гэты выпадак таксама ёсць выйсце: праз суд выпісацца «ў нікуды» без пашпарта. Але суды цяпер таксама пачалі ўсё часцей адмаўляць у выпісцы вайсковаабавязаных «у нікуды».
У самым неспрыяльным выпадку выйсце застаецца адно – прадаваць кватэру з прапісанымі там жыхарамі, пасля чаго ўжо новы ўладальнік выпісвае іх праз суд.
Паводле працаўніка аднаго з агенцтваў нерухомасці ў Беларусі, раней на такую ўгоду мала хто пагадзіўся б, але цяпер пакупнікі ўсё часцей згаджаюцца на гэткі варыянт за зніжку 5-6 %.
Варыянт 2. Падарыць нерухомасць блізкім
Гэты варыянт большасці «зʼехалых» наўрад ці пасуе, бо для яго рэалізацыі простай генеральнай даверанасці недастаткова. У ёй мусіць быць прапісанае, што і каму можна паводле яе падарыць.
Але калі вы прадугледзелі такі варыянт загадзя, то можна падарыць сваю нерухомасць блізкім сваякам. І нават падаходны падатак плаціць не давядзецца (ён складае 13 % ад кошту жытла мінус Br 10431).
Для тых, у каго няма даверанасці з Беларусі
Тут, на жаль, улады пакінулі няшмат варыянтаў для тых, хто зʼехаў.
Варыянт 1 (рызыкоўны). Ехаць у Беларусь кружнымі шляхамі
Ёсць больш бяспечныя варыянты паездкі ў Беларусь, чым праз наземную беларускую мяжу. Напрыклад, праз наземныя пункты пропуску з Расеяй, абмінаючы любы транспарт, звязаны з купляй квіткоў паводле пашпарта.
Доўгі час праехаць на тэрыторыю Расеі праз Калінінград беларусам было вельмі проста і без якога-небудзь пашпартнага кантролю. Цяпер і гэты варыянт рызыкоўны: ФСБ пачала дапытваць на мяжы ўсіх, у каго ёсць украінскія штампы.
Зрабіць даверанасць у Расеі таксама не варыянт: нягледзячы на ўсе дамоўленасці паміж краінамі, даверанасць, зробленая ў Расеі, у Беларусі вам не дапаможа прадаць нерухомасць. Давядзецца ехаць далей.
Варыянт 2. Здаваць жытло ў арэнду
У такім разе засцерагчы сваю нерухомасць ад канфіскацыі проста немагчыма, але іншых варыянтаў няма.
Гэта не адчужэнне нерухомасці, таму пасуе даверанасць, аформленая не ў Беларусі. Такім чынам, прынамсі, вы не страціце грошай праз прастой і вялікую плату за камунальныя паслугі, якая вынікае з таго, што вас прызналі «дармаедам».
Дарэчы, гэта можна даручыць не сваякам, а некаторым кампаніям, што займаюцца нерухомасцю: вы падпісваеце з імі дамову, а яны робяць усё пад ключ – ад прыбірання кватэры і пошуку кватаранта да выплаты за вас падаткаў у Беларусі і пералічэння вам грошай за арэнду.
Дадаткова і праблему з дармаедствам развяжаце: калі вы плаціце падатак за здачу кватэры ў арэнду (ад 15 да 47 рублёў), вас здымаюць з уліку як «дармаеда».
Але ніхто не адмяняў і здачы кватэры ў арэнду без заключэння дамовы з далёкім сваяком. Вядома, гэта не выратуе вас ад падвышанай камуналкі, але і лішні раз «свяціцца» ў дзяржаўных органах Беларусі вы не будзеце.
Я атрымаў спадчыну ў Беларусі, што рабіць?
У гэтым выпадку ўлады Беларусі амаль не пакінулі вам варыянтаў. Вы можаце толькі адмовіцца ад сваёй долі на карысць іншага чальца сямʼі, дамовіўшыся, што пасля продажу ён верне вам вашую частку. Гэты варыянт заснаваны толькі на даверы, і закон у выпадку спрэчкі будзе не на вашым баку.
Тэса Анэйда belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS