Амбасадар Расеі ў Польшчы Сяргей Андрэеў адмовіўся прыйсці на выклік Міністэрства замежных справаў Польшчы пасля таго, як расейская ракета заляцела ў польскую паветраную прастору. Ён проста з’ехаў, хоць Польшча не збіралася яго высылаць. Што гэта значыць, у «Студыі „Белсату“» растлумачыў польскі палітолаг Пётр Касціньскі.
Сяргей Андрэеў перад ад’ездам заявіў, што Польшча не мае доказаў таго, што ракета, якая заляцела ў польскую паветраную прастору, была расейскай. Гэта не першы раз, калі расейскі амбасадар трапляе ў скандальныя інцыдэнты. Так, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ён тлумачыў забойства мірнага насельніцтва Марыюпалю і іншых украінскіх гарадоў тым, што там былі нацысты. А 9 траўня 2023 года амбасадара аблілі чырвонай фарбай, не даўшы ўскласці кветкі савецкім салдатам.
Але як можна растлумачыць, чаму Андрэеў з’ехаў замест таго, каб з’явіцца ў МЗС Польшчы? Ён не жадае размаўляць пра расейскую ракету ў польскай паветранай прасторы? Польскі палітолаг Пётр Касціньскі адказвае: гэта незразумела, бо выглядае так, што амбасадар спрабуе пагоршыць і без таго вельмі кепскія адносіны Расеі з Польшчай.
Любы амбасадар, канешне, вольны пакідаць краіну, куды яго прызначылі, прызнае Касціньскі. Але ў сітуацыі, калі яго запрашаюць у МЗС не на фуршэт ці канферэнцыю, а менавіта выклікалі праз скандал, ён абавязаны з’явіцца, каб перадаць у свой МЗС, што хоча сказаць другі бок.
Па словах Касціньскага, ёсць людзі, якія кажуць, што Андрэеў – найгоршы амбасадар Расеі ў Польшчы. Але рашэнне, лічыць суразмоўца, не магло паходзіць ад самаго амбасадара, а магло – ад ягонага начальства ў МЗС Расеі або ў Крамлі.
«Польшча для Крамлю – гэта праціўнік. Гэта краіна, якая ў ліку краінаў Еўропы і свету, якія ёсць самымі галоўнымі праціўнікамі Расеі. Можа ён хацеў паказаць, што Расея такая вялікая, што ў яе такія магчымасці, што для яе Польшча не абазначае нічога», – разважае Касціньскі.
Ён дапускае, што Расея можа хацець наогул пазбавіцца ад пасады амбасадара ў Польшчы. Калі так, то ў Польшчы і Расеі замест амбасадараў будуць часовыя павераныя – гэта ніжэйшы ўзровень дачыненняў.
Палітолаг упэўнены, што амбасадара не стануць затрымліваць на мяжы, ён абаронены міжнародным правам. Але Польшчы такі амбасадар, які не ідзе на кантакт, наогул непатрэбны, таму не будзе такога, што Андрэеў проста вернецца ў Варшаву без наступстваў.
Нядаўна галоўная рэдактарка дзяржаўнага расейскага тэлеканалу «RT» Маргарыта Сіманьян адказала журналісту BBC на пытанне аб тым, ці верыць яна ў тое, што выбары ў Расеі былі свабоднымі і справядлівымі. Яна спытала яго, чаму ён лічыць, што ягоны лад жыцця лепш за ейны, і дадала, што «мы не вы, і вы нам не надта падабаецеся».
Паводле Касціньскага, у расейскай прапаганды агулам такая пазіцыя: Расея заўсёды правая, а паганы Захад задае дзіўныя пытанні, дык і атрымлівае такія ж адказы.
Агляд
У Польшчы растлумачылі, чаму не збілі расейскую ракету ў сваім небе
2024.03.24 14:14
belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS