24 траўня Дональд Туск зрабіў заяву, што Польшча можа ўзнавіць працу аднаго з зачыненых памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю. А ўжо 28 і 29 траўня пры спробе нелегальнага пераходу мяжы мігранты паранілі некалькіх польскіх памежнікаў. Дык ці застаецца магчымым адкрыццё «Баброўнікаў» у такіх умовах? Пра гэта паразмаўлялі з публіцыстам «Белсату» Міхалам Кацэвічам.
Туск казаў пра бяспеку
Важна агаварыць, што, выступючы на мітынгу ў Беластоку, польскі прэм’ер-міністр казаў, што памежны пункт не будзе адчынены, «калі ў вайскоўцаў і памежнікаў будзе адназначна адмоўнае меркаванне, што гэта можа аказаць негатыўны, маштабны ўплыў на нашу бяспеку».
І вось усяго праз тры дні мігрант нападае з нажом на польскага жаўнера, у выніку вайскоўца даставілі ў шпіталь. 29 траўня былі параненыя яшчэ двое памежнікаў.
Цягам 29–30 траўня Падляскі аддзел памежнай службы зафіксаваў больш за 300 спробаў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Агулам жа травень стаў рэкордным паводле колькасці спробаў незаконнага мінання мяжы Еўразвязу з боку Беларусі з пачатку міграцыйнага крызісу. За 26 дзён месяца трапіць у Польшчу, Літву і Латвію намагаліся 6647 асобаў.
У сувязі з гэтымі фактамі, лічыць Міхал Кацэвіч, зараз няма магчымасці адкрыць пункт «Баброўнікі» (з беларускага боку – «Бераставіца»), бо сітуацыя, мякка кажучы, застаецца напружанай.
«На самай справе мы бачым эскалацыю сітуацыі на мяжы. І бачна, што бліжэйшым часам гэта будзе працягвацца з беларускага боку, на жаль», – адзначае наш суразмоўца.
Міхал Кацэвіч згадаў, што закрыццё «Баброўнікаў» і іншых пунктаў было звязана з вынясеннем прысуду Анджэю Пачобуту, але, па вялікім рахунку, варта казаць, што на гэта паўплывала хутчэй агульная сітуацыя паміж Польшчай і Беларуссю. Зараз жа з боку беларускага рэжыму, адзначае Кацэвіч, бачныя намаганні па тым, каб ісці ў бок эскалацыі, што да сітуацыі на мяжы. На ягоную думку, шанцаў на тое, каб гэтая сітуацыя супакоілася, пакуль вельмі мала.
Міхал Кацэвіч дапускае, што пытанне адкрыцця памежнага пункту можа быць адкладзенае на пэўны час, але зараз, лічыць ён, наадварот, трэба выкарыстаць пэўныя «інструменты ціску», каб паўплываць на беларускі рэжым і прыпыніць сітуацыю, бо яна развіваецца зараз «у дрэнны бок».
Сезоннае абвастрэнне і іншыя чыннікі
Адным з фактараў абвастрэння сітуацыі на мяжы публіцыст «Белсата» называе сезоннасць.
«З таго часу, як пачаўся гэты крызіс, з 2021 года, ягоны пік прыходзіцца на гэты час: познюю вясну – лета. Але думаю, што галоўныя тут – гэта палітычныя ўмовы: з пункту гледжання беларускага рэжыму, гэта спроба ціску на Польшчу падчас вельмі важнага перыяду, бо прайшлі адны выбары, зараз будуць чарговыя выбары ў Еўрапарламент. Гэта стварае сітуацыю, што ў Польшчы практычна цэлы год ідзе выбарчая кампанія, што проста цудоўны спосаб для нашых непрыяцеляў, каб ціснуць на грамадства і на палітычнае асяроддзе. У такой сітуацыі беларускі рэжым сумесна з Масквой спрабуе неяк перашкаджаць унутранай польскай палітыцы», – адзначыў Міхал Кацэвіч.
Яшчэ адным фактарам суразмоўца назваў пачатак сур’ёзнай унутранай барацьбы ў Польшчы з расейскай і беларускай агентурай. Таму напружанне на мяжы – гэта адказ Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на гэтую сітуацыю, падкрэслівае Кацэвіч.
Акрамя таго, гэта можа быць звязана падтрымкай Польшчай Украіны. Бо неўзабаве будуць адбывацца важныя падзеі – сустрэча прадстаўнікоў «Вялікай сямёркі» ў Італіі (плануецца на 13–15 чэрвеня), канферэнцыя па сітуацыі ва Украіне (мае адбыцца 15–16 чэрвеня ў Швейцарыі), саміт NATO (плануецца ў Вашынгтоне з 9 па 11 ліпеня). На іх будуць прымацца рашэнні, якія калі не на сто адсоткаў задаволяць усё, што б хацеў атрымаць Кіеў, то ўсё адно дазволяць Украіне нешта атрымаць ад партнёраў. І ў гэтым Польшча будзе адыгрываць не апошнюю ролю. Таму, дапускае Міхал Кацэвіч, міграцыйны ціск можа быць звязаны і з сітуацыяй вакол Украіны.
У цэлым жа, адзначыў суразмоўца, у Аляксандра Лукашэнкі засталося вельмі мала інструментаў ціску на Польшчу, і адным з асноўных з’яўляецца менавіта мяжа.
Hавiны
На мяжы з Беларуссю атрымалі раненні двое польскіх вайскоўцаў
2024.05.31 16:50
Раман Шавель belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS