Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 12 красавіка працягнула візіт у Грэцыю. Падчас Дэльфійскага эканамічнага форуму яна сустрэлася з міністрам замежных справаў Польшчы Радославам Сікорскім, расказала прэс-служба Офісу Ціханоўскай.
Святлана Ціханоўская падзякавала Радаславу Сікорскаму за «моцны голас на падтрыманне свабоднай Беларусі на міжнароднай арэне», за непрызнанне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а таксама дапамогу беларусам у Польшчы.
Ціханоўская абмеркавала з Сікорскім прапановы, складзеныя разам з Аб’яднаным пераходным кабінетам і Народным антыкрызісным упраўленнем. Размаўлялі пра наступнае:
- ваенна-палітычная сітуацыя ў Беларусі, апошнія пагрозы Лукашэнкі ў бок Польшчы; пастаўкі рэжымам узбраенняў для расейскай арміі;
- праблемы з атрыманнем польскіх візаў для беларусаў у краіне, а таксама ў трэціх краінах, дзе жывуць беларусы;
- пашырэнне практыкі выдачы палітычнага прытулку беларусам, якія не могуць вярнуцца на радзіму;
- працяг падтрымання польскім урадам тэлеканалу «Белсат», незалежных медыяў, грамадзянскай супольнасці;
- узмацненне санкцыйнага ціску і абмежаванне транзіту падсанкцыйных тавараў праз беларуска-польскую мяжу; прыцягненне рэжыму да адказнасці;
- магчымыя крокі для вызвалення палітзняволеных — асобна абмеркавалі лёс Анджэя Пачобута, а таксама смерць Аляксандра Кулініча;
- фармалізацыя стасункаў з Аб’яднаным пераходным кабінетам; стварэнне міжведамаснай працоўнай групы ў пытаннях Беларусі і беларусаў;
- правядзенне польска-беларускай канферэнцыі імя Касцюшкі для ўмацавання польска-беларускіх сувязяў і выпрацоўвання стратэгіі наконт Беларусі;
- удзел дэмакратычных сілаў у праграме «Усходняе партнёрства», а таксама іншых міжнародных фарматах.
Ціханоўская ў Грэцыі таксама выступіла на геапалітычнай секцыі Дэльфійскага форуму і слуханнях у Камітэце замежных справаў парламенту Грэцыі, сустракалася з былым сталым прадстаўніком Злучаных Штатаў у NATO і з былою спецпрадстаўніцаю ЗША ў справе Беларусі, а таксама з вядомым балгарскім палітолагам Іванам Крыстэвам, адным з заснавальнікаў Еўрапейскай рады міжнародных стасункаў.
Ціханоўская таксама сустрэлася з былым прэм’ер-міністрам Грэцыі Георгіёсам Папандрэў, праўнукам паўстанца 1863 года Зыгмунта Мінейкі. Яна перадала праўнуку паўстанца радавод, здымкі ягоных продкаў, матэрыялы пра беларускі маёнтак і кнігу мемуараў прадзеда.
У планах візіту – сустрэча з прэзідэнтам Грэцыі і мэрам Афінаў.
Hавiны
Ціханоўская выступіла на Дэльфійскім форуме ў Грэцыі. Казала пра палітвязняў і геапалітыку
2024.04.12 09:51
Алесь Наваборскі belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS