A A+ A++

Беларуская паэтка іспанскага паходжання Анхела Эспіноса Руіс выдала нядаўна ў Варшаве сваю шостую паэтычную кнігу – «Астралябія божых таямніц». «Белсат» паразмаўляў з Анхелай пра загадкі новага паэтычнага зборніка, сакрэты іспанскага футболу і пра тое, як выкарыстоўваць цемру, якую носім у сабе.

Анхела Эспіноса Руіс, беларуская паэтка іспанскага паходжання, даследніца-славістка, доктарка філасофіі. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2024 года.

Фота: Белсат

– Анхела, ну што: іспанцы – чэмпіёны Еўропы па футболе…

– Зміцер, я, на жаль, не глядзела ніводнага матчу «Еўра-2024». Такі складаны перыяд, было не да футболу. Трэба было выдаць кнігу і закончыць акадэмічны год на працы. Фінал таксама не глядзела. Бо калі б Іспанія раптам прайграла, людзі сказалі б, што гэта праз мяне, бо я нічога не глядзела, а фінал паглядзела і – хана (смяецца)!

«Нічога дзіўнага, што ў Іспаніі нараджаюцца такія гульцы, як Ямаль»

– Калі спытаўся ў цябе на самым пачатку, дзе ставіць націск у тваім імі (на першы склад!) ты сказала, што не любіш яго. Чаму?

– Таму што яно рэлігійнае. Анёльскае такое. Ва ўяўленні большасці анёл – гэта такая ідэальная і мегадобрая істота. А я не такая.

– Ну, у нашым уяўленні Іспанія сама вельмі рэлігійная краіна, каталіцкая…

– Абсалютная няпраўда. Іспанцы – толькі намінальна каталікі. Проста большасць любіць ладзіць імпрэзы ды святкаваць. Але ў касцёл заходзяць, можа, чатыры разы за жыццё, і апошні раз – нагамі наперад. Калі і можна сказаць, што Іспанія рэлігійная краіна, дык толькі ў тым сэнсе, што сапраўдная рэлігія для іспанцаў – гэта той жа футбол.

– Веру. Але якое неба трэба мець над галавой і траву пад нагамі, каб так гуляць?..

– Гэта не трава і не неба – гэта традыцыя. Вялікая традыцыя. Футбол стаўся часткай нацыянальнай культуры іспанцаў. Таму нічога дзіўнага, што ў Іспаніі нараджаюцца такія гульцы, як Ямаль, якому споўнілася толькі 17 гадоў. Калі такая школа за спінай – то лёгка. Там шукаюць дзяцей з талентамі і адразу клічуць трэнавацца ў «Барсэлону» ці «Рэал».

– Жартую, але, можа, сакрэт у мове? Марадона, Мэсі, Касілляс, Ямаль – можа, гэта іспанскай граматыцы трэба дзякаваць за іхныя геніяльныя ногі?

– Ай ну, ногі як ногі (смяецца). Мяркую, што таямніца поспеху ўсё ж у традыцыі, часткай якой ёсць і мова.

«У беларускай мове я знайшла свой паэтычны голас»

– Згода. У 2011 годзе ты ўпершыню пачула беларускую мову, а ў 2024-м выдала шостую кнігу вершаў па-беларуску. Ці змяніла цябе, іспанку, нашая мова?

– Моцна. Кожная новая мова змяняе чалавека, асабліва, калі ён узыходзіць з ёй на нейкі адносна высокі ўзровень. Бо мова ніколі не існуе ў вакууме, яна існуе з культурай, літаратурай, мастацтвам, музыкай і песнямі на гэтай мове. Яна нясе знакі гэтай культуры, ментальнасць ейных носьбітаў, калектыўную памяць. Калі нават не хочаш і нібыта не цікавішся культурай, усё адно датыкаешся да яе праз мову.

І ў беларускай мове я знайшла, я сказала б, свой паэтычны голас. Я заўсёды пісала, старалася складваць радкі, але пакуль не пачала пісаць па-беларуску, нават блізка не задумвалася пра публікацыю сваіх вершаў. Беларуская мова, прынамсі ў маім разуменні, вельмі добра пасуе да паэзіі.

Анхела Эспіноса Руіс, беларуская паэтка іспанскага паходжання, даследніца-славістка, доктарка філасофіі. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2024 года.

Фота: Белсат

– Але як яна цябе змяніла? Прызнавалася, што ты інтравертка. Калі пачала размаўляць па-беларуску, стала хіба яшчэ большаю інтраверткаю?

– Здзівішся, але ўсё наадварот (смяецца)! Я цяпер меншая інтравертка. Беларуская мова зрабіла мяне больш адкрытай. Здаецца, яна адразу надае нейкую «радзімасць» чалавеку. Ты падыходзіш да групы людзей, якія размаўляюць па-беларуску, і кажаш: «Прывітанне, а вы адкуль?» І аўтаматычна робішся часткай гэтай групы. А гэта тое, што мне заўсёды было цяжка рабіць, бо я заўжды трымалася на перыферыі сацыяльных групаў і гублялася, калі даводзілася камунікаваць у групе.

У беларускай мове ёсць нейкая інклюзіўнасць. Калі чуеш чалавека, які размаўляе па-беларуску, адразу нараджаецца ідэя, што паміж намі абавязкова мусяць быць супольная вартасці. З іспанскай так не працуе.

«Там дзе ёсць святло – будзе і цень»

– Гаворыш па-беларуску лепей за многіх беларусаў. У чым сакрэт?

– Калі пачынаю вывучаць новую мову, амаль адразу спрабую пісаць вершы на ёй. Гэта мне дапамагае нават не разумець, а адчуваць мову на такім узроўні, да якога цяжка дайсці іншым спосабам. Прынамсі – для мяне. Не маю ніякай іншай магічнай методыкі. Каб мела, можа, ужо была б мільянеркай і не сядзела б у здымнай кватэры. Проста пішу вершы на новай мове. І гэта спрацоўвае. І першыя вершы па-беларуску пісаліся як моўная практыка. А цяпер вось – новая кніга.

– «Астралябія божых таямніц». Адкуль узяўся гэты вобраз – астралябіі?

– Ну, ты ведаеш, астралябія – такое прыстасаванне, якое паказвае кірункі свету для навігацыі. «Google Maps» у старажытнасці не існавалі (смяецца). А ўвогуле, «астралябія божых таямніц» – гэта цытата з аднаго верша. Чыйго – не скажу. Але гэтая загадка мае канкрэтныя адказы. Той, хто прачытае кнігу, заглыбіцца і падумае, – раскрые таямніцу. Прынамсі, я старалася, каб гэта было магчыма.

– Я прачытаў тваю кнігу як паэтычную інструкцыю не толькі для пошуку кірункаў свету, а найперш – пошуку святла. Як яго ўжываць і як выжываць, калі яго няма. Ці маю хоць троху рацыі?

– Вельмі ў добрым кірунку думаеш. Хаця я не сказала б, што бываюць сітуацыі, калі святла няма. Таму што святло ўнутры чалавека ёсць заўжды. Караткевіч казаў, што кожны чалавек носіць сваё неба з сабой. Такім самым чынам кожны чалавек носіць унутры сваё святло. Проста калі гэта ты – маяк, то табе вельмі цяжка пабачыць гэтае святло, бо раздаеш яго іншым.

Інтэрв’ю

«Хочацца прыгожай перамогі, але я цяпер – за эфектыўнасць». Вольга Лойка – пра суд, палітвязняў і адлігу ў Беларусі

2024.07.16 19:14

– Па-мойму, вобраз маяка з’яўляецца ў тваім вершы «Марыя, лісты на вецер, а ўсё ж…» І я яго прачытваю як ліст да Марыі…

– Ну, вядома, да Марыі Калеснікавай. Мяне вельмі кранула неймаверная гісторыя, калі яна парвала на мяжы свой пашпарт. І пазней, пасля нейкай навіны пра Марыю, я прысвяціла ёй гэты верш. Зразумела, гэта не адзіная асацыяцыя, які ён можа выклікаць. Але – самая відавочная.

Ведаеш, «Астралябія божых таямніц» – гэта не палітычная паэзія, якая, нават калі напісаная па-мастацку, не дае чытачу адысці ад сацыяльнага кантэксту. Тут кантэкст, вядома, застаецца, але як фон. Бо калі яго ігнараваць і адкладваць убок – будзе яшчэ больш балець. Але ёсць пытанні, якія ў самыя цяжкія часіны застаюцца галоўнымі пытаннямі чалавечага існавання. Тыя ж пошукі святла. Экзістэнцыйныя пытанні.

– Але ты заканчваеш кнігу паэмай «Беспрасвецце»…

– Так, там дзе ёсць святло – будзе і цень. І кожны чалавек носіць у сабе не толькі святло, але і цемру. У гэтым сэнсе мне вельмі падабаюцца працы Юнга. Трэба разумець свой цёмны бок, трэба палюбіць яго, прыняць і выкарыстоўваць яго на карысць дабра. Каб і цемра стала сяброўкай.

«Адзін раз я ўжо памерла»

– Пасябравала са сваёй цемрай?

– Ну вось, мая цемра нумар адзін: сяджу тут, даю табе інтэрв’ю, і мне гэта вельмі падабаецца. Ці гэта не самалюбаванне? Цемра! Але калі гэтую, у прынцыпе, негатыўную якасць выкарыстоўваць для прамоўцыі беларускай мовы і культуры, для пісання кніг, то гэта працуе на святло. Дарэчы, вобраз беспрасвецця – гэта купалаўскі вобраз.

– Калі да святла – успомні, калі ласка, самыя светлыя моманты свайго дзяцінства.

– О, яно было вельмі светлым – літаральна! У Малазе, дзе я нарадзілася, 350 сонечных дзён на год. Сонца паўсюль! І мора – за 400 метраў ад нашай хаты. Я жыла з бацькамі і бабуляй. Калі мне было 5 гадоў, нарадзіўся мой брат Ніколяс. Я добра памятаю, як я, калі ён троху падрос, трымала яго і пыталася ў мамы, калі ж ён нарэшце будзе са мной размаўляць і бавіцца. Чакала і чакала!

Блізкімі для мяне былі таксама стрыечныя брат і сястра, якіх пасля смерці іхнай мамы ўзяла пад апеку бабуля. Вельмі добрая сям’я, вельмі сяброўская, вялікая, светлая! Памятаю, як святкавалі Каляды ці Вялікдзень. У нас жа Пасха – гэта не на адзін дзень, калі яйкі малюеш – і ўсё. Гэта цэлы тыдзень працэсіяў.

– А кажаш, не рэлігійная краіна…

– Ну не, гэтыя працэсіі больш культурніцкія. Людзі ўдзельнічаюць у іх, бо там і салодкая вата, і многа ўсяго, і можна прайсціся, і музыка цудоўная. Так, вобразы Хрыста і Марыі прысутнічаюць, але суму няма. Потым сям’я сустракаецца ўдома, ямо традыцыйныя стравы: вельмі шмат рыбы, файныя супчыкі з рыбай і без. Тартылля, якая вельмі падабаецца беларусам. Дарэчы, самая вялікая грамадзянская вайна ў Іспаніі – паміж прыхільнікамі тартыллі з цыбуляй і тымі, хто лічыць цыбулю ў ёй залішняй.

Анхела Эспіноса Руіс, беларуская паэтка іспанскага паходжання, даследніца-славістка, доктарка філасофіі. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2024 года.

Фота: Белсат

– Паэзія! Аж слінкі пацяклі. Бацькі цябе ў строгасці выхоўвалі?

– Не, строгіх правілаў не было. Быў страх, што са мной штосьці можа здарыцца. Бо са мной у дзяцінстве некалькі разоў здараліся вельмі моцныя алергічныя рэакцыі на лекі. Адзін раз я ўжо памерла – толькі ў шпіталі вярнулі да жыцця. І пасля ўся сям’я, асабліва мама, вельмі хвалявалася за мяне, не хацела, каб я выходзіла адна, гуляла да позняга часу, вандравала. Але толькі да пэўнага ўзросту, бо ў 15 гадоў я атрымала стыпендыю ў ЗША. І трэба было мяне адпусціць, бо такая магчымасць выпадае раз на жыццё.

Ну і вось менавіта ў ЗША, у 2008 годзе, я ўпершыню пазнаёмілася з беларусамі. А праз два гады мяне запрасілі ў Варшаву, каб уручыць журналісцкую прэмію «Беларусь у фокусе» за мой тэкст па-іспанску пра тое, як па-рознаму перажываюць перадкалядны перыяд 2010 года іспанцы і беларусы. Арганізатары пераклалі яго на беларускую для кнігі, якую выдалі. І менавіта тут, у Варшаве, я пазнаёмілася з цудоўнымі заангажаванымі людзьмі, пачула жывую беларускую мову і настолькі захапілася ёй, што ўжо не спынілася.

«Кантынгент студэнтаў змяніўся»

– «І застанецца ў нас адна Варшава», – пішаш у адным з вершаў. І ў ім жа: «Твой ложак – суверэнная дзяржава». Гэта ўжо нейкая астралябія для эмігрантаў?

– Можа быць. Можна і так інтэрпрэтаваць (смяецца).

– 13 гадоў таму ў Варшаве ты закахалася ў беларускую мову, а цяпер выкладаеш яе ў Варшаўскім універсітэце. Кола замкнулася. Раскажы пра сваю працу.

– Ну, па-першае, я і вучылася ў Варшаўскім універсітэце, закончыла магістратуру. А потым прыехала працаваць. Заканчваю ўжо трэці год як выкладчыца на кафедры беларусістыкі. Магу сказаць, што пасля 2020 года кантынгент студэнтаў змяніўся. Калі я вучылася, большасць студэнтаў былі палякі. А цяпер толькі тры-чатыры прыходзяць, а рэшта і большасць – гэта беларусы, маладыя людзі, чые сем’і эмігравалі. І гэтыя людзі не абавязкова беларускамоўныя.

– Якія дысцыпліны выкладаеш?

– Розныя. Выкладаю беларускую мову студэнтам першага года. Вельмі часта – літаратуразнаўства. Ці тэорыю літаратуры, гэта ўжо на магістратуры. Рыторыку таксама вяла.

І вельмі задаволеная, што сёлета правяла варштат пісання паэзіі. Уся праграма па-англійску. Запісаліся людзі з Пакістану, Украіны, палякі. І адзін беларус – Дзяніс, які даўно хварэў на рак і нядаўна вярнуўся да вучобы, а вучыўся на факультэце біялогіі. Вельмі кепска яму было ўжо, і лекары не давалі яму шмат часу. Дзяніс узяў усяго два прадметы на семестр, тое, што яго натхняла.

Анхела Эспіноса Руіс, беларуская паэтка іспанскага паходжання, даследніца-славістка, доктарка філасофіі. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2024 года.

Фота: Белсат

І вось я хачу сказаць усім, хто кажа, што гуманітарныя дысцыпліны нікому не патрэбныя. Калі гэты чалавек ужо паміраў і хацеў вучыцца, бо гэта прыдавала яму сілы жыць і адчуваць, што жывы, ён выбраў не праграмаванне ці фінансы – пайшоў на паэзію. Пісаў проста фантастычныя вершы, і нам пашанцавала, што мы паслухалі ягоныя творы.

А потым… мяне запрасілі на пахаванне. І, магчыма, атрымаецца выдаць альбом ці кніжку з ягонымі тэкстамі і фотаздымкамі. Гэта была хіба самая натхняльная і самая сумная гісторыя з маёй працы…

«Калі немагчыма вярнуцца дадому – трэба вяртацца да сябе»

– Паэзія дае святло і надзею. Прачытала сваю «Астралябію» маме?

– Тое-сёе пераклала сама, але некаторыя вершы цяжка на іспанскую перакласці. Дык проста апавядала, пераказвала маме ідэі і вобразы. І даслала кнігу. Мама ў захапленні ад дызайну. Кацярына Пікірэня зрабіла проста фантастычныя ілюстрацыі і ўхапіла дух вершаў.

– Вельмі цёплая кніга. Хоць і няпростая…

Зміцер Бартосік так і напісаў у прадмове, што выглядае яна проста, «маленькая і тоненькая кніжачка», але «гэта аптычны падман» (смяецца). Можа быць, і так.

– «І грамадою вернемся дахаты…» – гэта мой улюбёны радок.

– Так, у кнізе ёсць гэтая прага вяртання дадому. І калі сёння немагчыма вярнуцца на Радзіму, дадому ці ў нейкі геаграфічны пункт – трэба вяртацца да сябе, да сваіх прынцыпаў.

Інтэрв’ю

Як зрабіць, каб пад падляскіх «гангстараў» скакалі аж у Бразіліі. Вялікае інтэрв’ю з Niczos

2024.07.07 10:32

Размаўляў Зміцер Міраш belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułUlga podatkowa dla samotnie wychowującego rodzica, czyli którego? Nowe stanowisko Ministerstwa Finansów
Następny artykułTo się dzieje! Kiwior coraz bliżej giganta. “Pierwsza opcja”