Сталі вядомыя імёны яшчэ траіх затрыманых па справе тэракту ў «Крокус Сіці Холе» ў Падмаскоўі. Гэта бацька і двое сыноў.
Следчы камітэт Расейскай Федэрацыі просіць арыштаваць яшчэ траіх падазраваных па справе тэракту. Гэта, гледзячы па ўсім, бацька і двое сыноў: Ісломаў Ісраіл Ібрагімавіч, Ісломаў Амінчон Ісраілавіч і Ісломаў Дылавар Ісраілавіч.
Падазраваных спачатку выклікалі на допыт у Следчы камітэт, а пасля затрымалі.
Як сцвярджаюць расейскія медыі, менавіта Дылавар прадаў белы «Рэно» тэрарыстам, на якім яны прыехалі да «Крокус Сіці Хола», а пасля ўцяклі з месца тэракту. Вядома, што Дылавар нарадзіўся ў 1999 годзе, з’яўляецца грамадзянінам РФ і працаваў таксістам.
Нагадаем, што Басманны раённы суд Масквы 24 сакавіка абраў меру стрымання чацвярым меркаваным удзельнікам нападу на «Крокус Сіці Хол». Суд арыштаваў чацвярых абвінавачаных да 22 траўня. Усіх іх прывезлі на паседжанне са слядамі катаванняў.
Увечары 22 сакавіка ў маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол», дзе быў запланаваны выступ гурту «Пікнік», група невядомых учыніла страляніну з аўтаматычнай зброі. Тэрарысты расстралялі дзясяткі людзей, у будынку раздаліся некалькі выбухаў і распачаўся вялікі пажар.
Дэпутат Дзярждумы Аляксандра Хінштэйна паведаміў, што каля вёскі Хацунь Бранскай вобласці сілавікі спынілі машыну з падазраванымі ў тэракце ў Падмаскоўі. Пазней Уладзіміру Пуціну заявілі пра затрыманне 11 чалавек, у тым ліку ўсіх 4 тэрарыстаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў тэракце ў «Крокус Сіці Хол». Усе чацвёра нападнікаў – грамадзяне Таджыкістану.
Паводле апошніх звестак уладаў РФ, у выніку тэракту загінулі 137 чалавек. Адказнасць за гэта на сябе ўзяла тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава», але расейскія ўлады заяўляюць пра ўкраінскі след.
Раман Шавель belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS