Таемная сяброўка польскага суддзі Томаша Шмыта, які ў траўні ўцёк у Беларусь, падобна, замятае свае сляды ў Польшчы. Знаёмыя беглага юрыста мяркуюць, што менавіта яна і магла яго завербаваць.
Пра тое, што ў Томаша Шмыта была дзяўчына, якую старанна хаваў ад сяброў, пішуць польскія выданні Gazeta Wyborcza і Onet. Паводле іх, суддзя ў апошнія гады жыў разам з дзяўчынай, якую газета назвала «Олена К.», а нацыянальнасць яе дакладна невядомая.
Жанчына пэўны час валодала кватэрай у Груецы пад Варшавай, дзе афіцыйна быў зарэгістраваны Шмыт. Суседзі пацвердзілі, што яна таксама жыла там, але яны не ведаюць пра яе амаль нічога.
Як паведамляецца, сяброўка ў 2022 годзе валодала салонам прыгажосці за пяць хвілін язды ад апошняга месца фактычнага жыхарства Шмыта перад яго ўцёкамі ў Беларусь. Але пасля свой бізнес яна закрыла. Пасля поўнамаштабнага нападу Расеі на Украіну «Олена К». стварыла акаўнт у Фэйсбуку, прысвечаны збору сродкаў на патрэбы ўкраінскіх вайскоўцаў. Яго зборны пункт знаходзіўся проста каля ейнай кватэры ў Груецы. Пры гэтым уся дзейнасць старонкі фактычна была абмежаваная публікацыяй трох фотаздымкаў украінскіх сцягоў. Пра вынікі збору нічога невядома. Калі журналісты паспрабавалі звязацца з адміністратарам акаўнту, каб распытаць наконт жанчыны, то былі заблакаваныя, а неўзабаве была выдаленая і сама старонка. Не дзейнічаюць і нумары тэлефонаў зборнага пункту і салона прыгажосці.
Сябры суддзі кажуць, што ён называў сваю сяброўку Ленкай. Таксама Шмыт заяўляў, што збіраецца да ейнай сям’і ва Украіну і плануе ажаніцца з ёю ў праваслаўнай царкве.
Разам з тым суддзя адмаўляўся паказваць сябрам фотаздымак сяброўкі, распавядаць пра яе і нават не называў свайго месца жыхарства.
Адзін з сяброў Шмыта выказаў думку, што «Ленка» была агенткай беларускіх спецслужбаў і менавіта яна магла ўгаварыць яго на супрацу з імі, бо цяпер адбываецца «замятанне слядоў гэтай жанчыны ў Польшчы і гэта, відавочна, падобна на працу прафесіяналаў і службаў».
Польскі суддзя Шмыт 6 траўня абвесціў, што ўцёк у Беларусь і папрасіў палітычнага прытулку. Варшаўскі суд 15 траўня выдаў рашэнне аб завочным арышце Шмыта. Паседжанне праходзіла ў закрытым рэжыме, таму дэталяў паведамляюць няшмат. Раней у Польшчы ў дачыненні Шмыта распачалі справу аб удзеле ў шпіянажы і дзейнасці замежнай выведкі.
Шмыт не збіраецца вяртацца ў Польшчу, застаецца ў Беларусі, дзе Лукашэнка абяцае яму абарону і нават ахову, хоць і не даў яшчэ статусу ўцекача.
«BYPOL» паведамляе, што польскі суддзя быў даўно завербаваны беларускімі спецслужбамі. У ягоныя задачы ўваходзіў збор канфідэнцыйнай і сакрэтнай інфармацыі ўнутры Польшчы ў інтарэсах беларускіх спецслужбаў, а таксама дэстабілізацыя польскай сферы правасуддзя, паслабленне пазіцыі надзейнасці Польшчы ў вачах заходніх саюзнікаў у Еўрапейскім Звязе.
Якуб Хруст belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS