31 траўня ў Менскім абласным судзе распачынаецца завочны працэс у «справе аналітыкаў Ціханоўскай». У ёй праходзяць 20 чалавек, сярод якіх – незалежныя аналітыкі, даследнікі, журналісты, прадстаўнікі Офісу беларускай лідаркі.
Беларускія сілавікі называюць фігурантаў справы чальцамі экстрэмісцкага фармавання «Аналітыкі Ціханоўскай». Усе яны за мяжою, таму справу разглядаюць у межах спецыяльнага вядзення.
Завочна судзіць будуць: аналітыкаў і экспертаў Рыгора Астапеню, Андрэя Казакевіча, Лесю Руднік, Ганну Любакову, Пятра Рудкоўскага, Аляксандра Шлыка, даследнікаў Філіпа Біканава, Наталлю Рабаву, Кацярыну Шмаціну, Яўгена Крыжаноўскага, Вераніку Лапуцьку, Васіля Навумава, Марыю Рогаву, Таццяну Чуліцкую, палітолага Аляксандра Лагвінца, аглядальніка Юрыя Дракахруста, дарадцаў Святланы Ціханоўскай Аляксандра Дабравольскага і Дзяніса Кучынскага, кіраўніцу прэс-службы абранай прэзідэнткі Беларусі Ганну Красуліну, палітыка Паўла Усава.
Іх абвінавачваюць паводле наступных артыкулаў:
- «Змова з мэтаю захопу ўлады» (ч. 1 арт. 357 КК);
- «Спрыянне дзеянням, скіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці» (ч. 2 арт. 16, ч. 3 арт. 130);
- «Спрыянне заклікам да захопу ўлады і санкцыяў» (ч. 6 арт. 16, ч. 3 арт. 361);
- «Удзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1);
- «Кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем» (ч. 2 арт. 361-1, гэты артыкул інкрымінуюць Аляксандру Дабравольскаму).
Паводле пералічаных абвінавачванняў можа пагражаць да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Каментар
Дабравольскі пра справу «аналітыкаў Ціханоўскай»: «Не ўсе мне былі знаёмыя, гэта абсурд»
2024.04.30 13:45
Фігуранты справы перадалі Zerkalo.io зварот з нагоды пачатку суда. Перадрукоўваем яго тэкст.
«Абвінавачанне выставілі паводле артыкулаў, тыповых для палітычна матываваных крымінальных справаў у Беларусі, у тым ліку: змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады; дзеянні, скіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці; спрыянне публічным заклікам да захопу дзяржаўнай улады; уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання. Усе «абвінавачваныя» ў «справе» застаюцца за мяжою, таму яно разглядаецца завочна.
У сувязі з гэтым мы лічым неабходным адзначыць наступнае.
- Мы лічым гэтую «справу» палітычна матываваным пераследам. Усе адвольна згрупаваныя ў «справе» асобы займаліся чыста прафесійнаю дзейнасцю, якую нельга аднесці да дзеянняў, выстаўленых у абвінавачанні. Мы лічым гэтую «справу» працягам няспыннага нападу ўладаў Беларусі на незалежную аналітычную, экспертную і журналісцкую супольнасць. Таксама звяртаем увагу на тое, што абвінавачваць экспертаў і журналістаў у спробах захопу ўлады і экстрэмізме – гэта абсурд.
- Суд праходзіць з парушэннямі беларускага заканадаўства. Нягледзячы на афіцыйныя запыты, мы так і не атрымалі доступу да матэрыялаў «справы», таму фармальна не ведаем, у чым менавіта заключаецца сутнасць так званых абвінавачанняў. Акрамя таго, нас не праінфармавалі пра дату пачатку судовага разбору паводле беларускага заканадаўства. У парушэнне ўстаноўленых нормаў, інфармацыя пра судовы працэс не была размешчаная ў раздзеле «Спецыяльнае вядзенне крымінальных справаў» на сайце Вярхоўнага Суда.
- Нам не гарантаванае права на справядлівую абарону ў крымінальным працэсе. Тыя з нас, хто не падаваў хадайніцтваў, нават не ведаюць імёнаў афіцыйна прызначаных нам адвакатаў.
- Мы не спадзяёмся на справядлівы суд. На жаль, мы не сумняёмся, што нас «асудзяць» да ўказаных у абвінавачанні тэрмінаў, як і тысячы беларусаў і беларусак, асуджаных паводле аналагічных палітычна матываваных справаў.
- Мы ўдзячныя за падтрыманне і салідарнасць. Мы ўдзячныя за падтрыманне грамадзянскай і журналісцкай супольнасці, беларускім і міжнародным калегам».
Ліст падпісалі:
- Рыгор Астапеня, доктар палітычных навук (PhD), заснавальнік Цэнтру новых ідэяў і дырэктар Беларускай ініцыятывы «Chatham House»;
- Філіп Біканаў, сацыёлаг, даследнік грамадскай думкі;
- Яўген Крыжаноўскі, доктар палітычных навук, даследнік, прадстаўнік Страсбурскага ўніверсітэту;
- Вераніка Лапуцька, даследніца, дактарантка Інстытуту філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук;
- Алесь Лагвінец, палітолаг, прадстаўнік Свабоднага беларускага ўніверсітэту;
- Ганна Любакова, пазаштатная працаўніца «Atlantic Council»;
- Васіль Навумаў, доктар сацыялагічных навук, доктар сацыялогіі, даследнік, прадстаўнік Цэнтру перадавых інтэрнэт-даследаванняў / Інстытуту сацыяльных рухаў Рурскага ўніверсітэту Бохуму;
- Марыя Рогава, даследніца;
- Леся Руднік, дырэктарка Цэнтру новых ідэяў, дактарантка паліталогіі Карлстадскага ўніверсітэту;
- Пётр Рудкоўскі, доктар філасофскіх навук (PhD), эксперт;
- Наталля Рабава, дырэктарка даследчага цэнтру БІПАРТ;
- Таццяна Чуліцкая, доктарка сацыялагічных навук, прадстаўніца Гарадскога ўніверсітэту Манчэстэру, Віленскага ўніверсітэту;
- Аляксандр Шлык, эксперт у выбарах;
- Кацярына Шмаціна, палітолаг, даследніца Вірджынскага політэхнічнага інстытуту.
Таксама 31 траўня а 10:30 у Менскім гарадскім судзе распачаўся завочны працэс супраць Франка Вячоркі, галоўнага дарадцы Святланы Ціханоўскай. Працэс вядзе суддзя Валянціна Зянькевіч, якая ў 2023 годзе агучвала вырак у «справе TUT.by». 35-гадоваму палітыку інкрымінуюць дзевяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Каментар
Франак Вячорка пра завочны суд над сабой: «Абвінавачаннямі можна толькі ганарыцца»
2024.04.11 16:28
Марыя Міхалевіч belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS