Мінабароны Беларусі 2 красавіка абвесціла пра камандна-штабныя вучэнні і зборы тэрытарыяльнай абароны адразу ў чатырох раёнах краіны: Вілейскім, Вараноўскім, Рагачоўскім і Кармянскім. У Генштабе абяцаюць, што правяранне гэтага роду войскаў працягнецца ва ўсіх рэгіёнах краіны і на фінальнай стадыі будзе прадугледжваць сумесныя дзеянні з армейскімі падраздзяленнямі. Belsat.eu распавядае, што такое тэрабарона, навошта яна стваралася і каго туды бяруць.
Што такое тэрытарыяльная абарона
Тэрытарыяльная абарона – гэта асобны род войскаў, якія фармуецца падчас вайны, ўвядзення ваеннага становішча або абвастрэння ваенна-палітычнай абстаноўкі. Акрамя таго, у вайсковай дактрыне Беларусі прапісана, што частковае ці поўнае фармаванне тэрытарыяльных войскаў можа адбывацца ў выпадку «беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам або пагрозай гвалту з боку групы асобаў і арганізацыяў, у выніку якіх узнікае небяспека для жыцця і здароўя людзей, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь». Увогуле вызначэнне задачаў тэрытарыяльнай абароны, парадку яе падрыхтоўкі, разгортвання і забеспячэння з’яўляецца прэрагатывай Аляксандра Лукашэнкі.
Войскі тэрытарыяльнай абароны павінны выконваць дапаможную ролю: яны разлічаны на тое, каб вызваліць Узброеныя сілы ад шэрагу другарадных або неўласцівых арміі задачаў. Байцы тэрабароны мусяць ахоўваць важныя аб’екты і ўчасткі мяжы, дапамагаць у барацьбе з дыверсантамі і забяспечваць выкананне рэжыму ваеннага становішча (патруляванне, праверкі, дагляд транспарту і г.д.) Заяўляецца, што гэтыя фармаванні таксама могуць выконваць асобныя баявыя задачы разам з арміяй або пераўтварыцца ў партызанскія атрады, калі раёны іх дыслакацыі будуць акупаваныя ворагам.
Праўда, усё гэта толькі тэорыя. У Беларусі сістэму тэрабароны пачалі ствараць яшчэ ў пачатку 2000-х, аднак пакуль не было ніводнага выпадку рэальнага выкарыстання «тэрытарыялаў». На цяперашні час тэрытарыяльныя войскі існуюць толькі ў фармаце кароткатэрміновых вайсковых збораў і вучэнняў. Пастаяннай структуры і колькасці тэрабарона не мае.
Як тэрабарона фармуецца
Тэраабарона фармуецца па адміністратыўна-тэрытарыяльнаму прынцыпу. Тэрыторыя Беларусі разбіта на 92 раёны тэрабароны і сем зонаў (шэсць абласцей і Менск). Забеспячэнне і непасрэднае кіраўніцтва ўскладаецца на мясцовыя органы ўлады, аднак каардынуе і арганізуе дзейнасць тэрабароны Генеральны штаб. У Генштабе ёсць асобнае ўпраўленне, якое адказвае за тэрабарону, – цяпер яго ўзначальвае палкоўнік Дзмітрый Стрэшынскі. Начальнікамі штабоў раёнаў або зонаў абароны з’яўляюцца вайсковыя камісары раёну (вобласці або Менску).
Тэрытарыяльныя войскі складаюцца з асобных стралковых батальёнаў і асобных стралковых рот – больш буйныя падраздзяленні не прадугледжаны. Узброены яны ў асноўным стралковай зброяй. Цяжкую тэхніку ім не даюць.
Функцыі тэрабароны блізкія да функцыяў так званага народнага апалчэння, але ёсць істотныя адрозненні. Байцоў тэрабароны будуць размяшчаць у казармах і іх могуць задзейнічаць не толькі па месцы фармавання, а апалчэнцаў нікуды перакідваць не плануецца, яны будуць жыць і харчавацца дома. Тэрабарона ў асноўным разлічана на тое, каб дапамогаць арміі, апалчэнне – на тое, каб дапамагаць міліцыі. Аднак самае галоўнае, што ўдзел у народным апалчэнні – справа добраахвотная, а ў тэрабарону прызываюць і адмовіцца ад гэтага нельга.
Каго бяруць у тэрабарону
Аснову тэрытарыяльных войскаў складаюць ваеннаабавязаныя грамадзяне Беларусі, якія ўжо прайшлі тэрміновую службу. Таксама могуць прызваць тых, хто ў войску не служыў, але звязаны з ваенізаванымі дзяржаўнымі структурамі – напрыклад, МУС ці МНС. У асноўным у тэраабарону бяруць мужчын ва ўзросце 40-50 гадоў.
На заканадаўчым узроўні не прапісана, па якім прынцыпе адных ваеннаабавязаных выклікаюць на зборы ва Узброеныя сілы, а іншых – на зборы ў тэраабарону. Рашэнні прымаюцца на ўзроўні мясцовых ваенкаматаў з улікам шэрагу фактараў: наяўнасць вайскова-уліковай спецыяльнасці, цывільная спецыяльнасць, стан здароўя, месца рэгістрацыі. Мяркуючы па ўсім, таксама ўлічваецца фактар лаяльнасці да дзейнай улады. У адным з сюжэтаў СТВ, прысвечаным прызыву ў тэраабарону, падкрэслівалася, што туды бяруць «толькі надзейных і правераных людзей».
«У нас ідзе планавы сурʼёзны адбор, староннія людзі ў дадзенай сітуацыі нам не патрэбны. Робім пэўныя запыты, па неабходнасці праводзім медычны агляд ваеннаабавязаных. Гэта значыць праходзіць усебаковая праверка дадзенага грамадзяніна», – тлумачыў вайсковы камісар Жлобінскага раёну Алег Сачыўка.
Полк Кастуся Каліноўскага ўлетку 2022 году заклікаў беларускіх патрыётаў, якія па тых ці іншых прычынах не могуць далучыцца да падраздзялення ва Украіне, уступаць у шэрагі тэрытарыяльнай абароны або народнага апалчэння Беларусі, каб збіраць інфармацыю і ўдасканальваць навыкі валодання зброяй. Аднак на практыцы зрэалізаваць гэты заклік вельмі цяжка. Самастойна запісацца ў тэрабарону фактычна немагчыма: гэтыя падраздзяленні не дзейнічаюць на пастаяннай аснове, а фармуюцца пад канкрэтную задачу ўжо па загадзя гатовых спісах.
Яшчэ ў 2021 годзе журналісты Onliner паспрабавалі даведацца ў Мінабароны, як працуе алгарытм прыпіскі да тэрытарыяльнай абароны. З адказу ведамства вынікала, што тыя, хто заняты ў тэрытарыяльнай абароне, ужо ў курсе сваёй задачы. Калі ж грамадзянін нічога пра сваю місію не чуў, то значыць улады пакуль на яго не разлічваюць.
Ці можна ўхіліцца ад збораў
З юрыдычнага пункту гледжання вайсковыя зборы ў тэрытарыяльную абарону нічым не адрозніваюцца ад збораў ва Узброеныя сілы.
Ад прызыву на зборы могуць вызваліць па медычных паказніках або пры іншых надзвычайных абставінах (смерць сваякоў або цяжкая хвароба). Але ўхіленне ад збораў без уважлівай прычыны можа пераследавацца ў тым ліку ў крымінальным парадку. Паводле арт. 436 КК, проста няяўка караецца штрафам, грамадскімі працамі або арыштам тэрмінам да году, а сімуляцыя хваробы або падробка дакументаў – арыштам або абмежаваннем свабоды тэрміна да 2 гадоў.
Аналітыка
Калі заўтра вайна. Як улады Беларусі планамерна рыхтуюцца да эскалацыі
2023.10.25 07:00
Пра што сведчаць праверкі тэрабароны
У апошнія два гады, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, вучэнні, трэнаванні і правяранні боегатовасці ва Узброеных сілах Беларусі набылі фактычна перманентны характар. Вучэнні тэрытарыяльнай абароны з’яўляюцца адным са складнікаў гэтай кампаніі і ладзяцца ў асобных рэгіёнах Беларусі амаль рэгулярна.
Цяперашнія вучэнні і зборы праводзяцца ў рамках маштабнага правярання боегатовасці Узброеных сілаў, падчас якога на зборы ў армейскія падраздзяленні былі прызваныя больш за тры тысячы ваеннаабавязаных. Правяранне тэрабароны ў Вілейскім, Вараноўскім, Рагачоўскім і Кармянскім раёнах з’яўляюцца толькі часткай запланаваных мерапрыемстваў, якія мусяць ахапіць усе вобласці Беларусі.
Начальнік упраўлення тэрытарыяльнай абароны – намеснік начальніка Генштабу Дзмітрый Стрэшынскі заявіў, што на завяршальным этапе будуць праводзіцца камандна-штабныя вучэнні з адпрацоўкай практычных задач тэрытарыяльнай абароны, а таксама сумесных дзеянняў з армейскімі падраздзяленнямі. Адна з асаблівасцяў цяперашніх мерапрыемстваў заключаецца ў тым, што падчас вучэнняў тэрабарона будзе ўзаемадзейнічаць з добраахвотнікамі з народнага апалчэння, чаго раней не было.
Імаверна, цяперашняе правяранне тэрабароны – адно з найбольш маштабных за апошнія гады, аднак пакуль няма падставаў казаць, што адбываецца нешта надзвычайнае.
Аналітыка
Тры сцэнары эскалацыі. Як вайна можа прыйсці ў Беларусь?
2024.04.01 08:26
Глеб Нержын belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS