Сілавікі ў Беларусі працягваюць шукаць ворагаў унутры краіны.
У Берасці грамадзяніну Украіны прысудзілі 6 гадоў калоніі
Паводле звестак @viasna_brest, на мінулым тыдні Берасцейскі абласны суд вынес вырак Арцёму Макавею, 1999 году нараджэння. Малады чалавек, які з 2009 году жыве ў Беларусі, атрымаў 6 год пазбаўлення волі.
У чым менавіта яго абвінавачвалі – невядома, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Вядомы толькі артыкул, па якім судзілі Макавея: арт.358-1 КК РБ «Агентурная дзейнасць». Справу разглядаў суддзя Мікалай Сянько.
Арцёму Макавею 25 гадоў. Ён – ураджэнец пасёлка Падгародная Мікалаеўскай вобласці Украіны. Калі яму было 10 гадоў, памёр бацька, а маці атрымала сур’ёзную траўму і мела патрэбу ў рэабілітацыі. Хлопчыка адправілі да бабулі ў Кобрынскі раён Берасцейскай вобласці. У выніку ён асеў у Беларусі, скончыў Берасцейскі політэхнічны каледж, працаваў дыджэем у розных забаўляльных установах Кобрына, Берасця і Менску.
Макавея затрымалі ў студзені 2023 году ў яго дома ў Кобрыне. Затрымлівалі супрацоўнікі КДБ. Спачатку Макавей сядзеў 2 месяцы ў ІЧУ Берасця, але ніякіх допытаў не праходзіла, і хлопец не разумеў, за што ўвогуле затрыманы. Праз 1 год і 3 месяцы пасля затрымання справа дайшла да суду. Увесь гэты час ён заставаўся пад вартай.
За палітыку судзяць аператара ОНТ
За палітыку арыштавалі аператара ОНТ Антона Казельскага. Прычынай маглі стаць каментары ў Telegram, якія ён даўно выдаліў, піша «Наша ніва».
Мяркуючы па сацсетках, Казельскаму 38 гадоў. Нейкі час ён жыў у Расеі, апошнім часам – у Менску. У мужчыны ёсць жонка і дзіця. Апошні рэпартаж Антона Казельскага на ОНТ выйшаў у кастрычніку 2023 года. Прыкладна ў той час ён і быў затрыманы.
Суд над Казельскім пачаўся 20 траўня. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах КК – «заклікі да санкцыяў і іншых дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы» і «распальванне варожасці або варажнечы». Яму пагражае ад 4 да 12 гадоў калоніі.
Затрымалі сястру палітвязня Максіма Вінярскага
У Менску затрымалі Алёну Церашкову – яна сківіцава-тваравы хірург, беларуская пісьменніца, перакладчыца, двухразовая чэмпіёнка Беларусі па тэквандо, піша @dissidentBY.
Алёна – сястра актывіста і палітвязня Максіма Вінярскага, асуджанага на 5 гадоў пазбаўлення волі. Папярэдне вядома, што Алёну вінавацяць па арт. 342 ч.1. У яе сямʼі дома чацвёра дзяцей.
Сілавікі затрымалі 3D-візуалізатара
Сцвярджаецца, што ён нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, абражаў у каментарах прапагандыста Рыгора Азаронка, дасылаў інфармацыю ў «Чорную кнігу Беларусі» і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плану «Перамога», піша «Вясна».
У якасці доказаў «пратэставай дзейнасці» затрыманага сілавікі паказалі кадры з кнігай «Рэвалюцыя» Віктара Марціновіча, якую знайшлі ў беларуса.
Затрыманне ў Магілёве
Паводле агенцтва «Позірк», жыхара Магілёва затрымалі за напісанне нібыта 7 тысяч пратэставых каментароў. Паведамляецца пра магчымае завядзенне справы паводле арт. 368 («Абраза прэзідэнта»).
Перакладчыцы Вользе Калацкай далі штраф памерам 800 рублёў
17 траўня адбыўся адміністрацыйны суд над перакладчыцай Вольгай Калацкай. Афіцыйна – за тое, што «махала рукамі ў РУУС». Суд прызначыў Вользе штраф памерам 20 базавых велічыняў (800 рублёў).
Раней Вольга Калацкая ўжо была асуджаная і цалкам адбыла пакаранне. 24 красавіка 2021 году ў судзе Фрунзенскага раёну Менску Вольгу Калацкую прызналі вінаватай у тым, што яна пабіла супрацоўніка тэлеканалу СТБ Рыгора Азаронка (дала поўху). Нягледзячы на тое, што фігурантка справы прынесла прабачэнні пабітаму аўтару СТВ і той не меў да яе матэрыяльных ці маральных прэтэнзіяў, суддзя Ала Скуратовіч пакарала перакладчыцу 2 гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Яшчэ 10 чалавек прызнаны палітвязнямі ў Беларусі
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 10 чалавек: Мікіту Вайцюка, Галіну Лагацкую, Валерыя Саковіча, Кацярыну Мадзянкову, Ягора Зенчанку, Мікіту Яхімовіча, Наталлю Салук, Дзмітрыя Лапца, Аляксея Зачапіла, Сяргея Кулеша, паведамляе праваабарончы».
Дзевяць з іх абвінавачваюцца або асуджаныя па артыкуле аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а Сяргей Кулеш – па артыкуле аб удзеле ў масавых беспарадках.
Колькасць палітвязняў у Беларусі на 20 траўня 2024 года складае 1374.
Ася Саковіч belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS