Нават калі вы не чулі ніводнай песні Тэйлар Сўіфт і з цяжкасцю можаце яе візуалізаваць, гэта не адмяняе таго факту, што ўплыў спявачкі на эканоміку кожнай краіны, куды яна прыязджае з канцэртамі, настолькі моцны, што нават атрымаў асобны тэрмін – «сўіфтаноміка».
Тур зоркі «The Eras Tour» стартаваў у сакавіку 2023 года і ўключае больш за 150 канцэртаў па ўсім свеце. Тэйлар Сўіфт у межах туру дасць тры канцэрты запар у Варшаве – 1, 2 і 3 жніўня 2024 года. За білеты на канцэрт і арэнду фанаты плацілі ўтрая даражэй, каб толькі ўбачыць зорку. Землятрус магінітудай 2,3, як на канцэрце ў Сіэтле, гэта наўрад ці выкліча, але нейкае страсенне польскай эканомікі – цалкам магчыма, упэўненыя эканамісты.
Што такое сўіфтаноміка?
Канцэрты Тэйлар Сўіфт часта прыводзяць да патэнцыйна інфляцыйных сітуацыяў, бо сотні тысяч фанатаў ездзяць за ёй па ўсім свеце і выдаткоўваюць грошы на канцэртныя квіткі, пералёты, пражыванне, сувеніры, паходы ў кавярні, бары, гандлёвыя цэнтры.
У выніку часта пачынае дзейнічаць эканамічныя правіла «чым вышэйшы попыт, тым вышэйшыя цэны», што можа прывесці да павышэння ўзроўню інфляцыі, асабліва ў сферы турыстычных паслуг.
Кавярні і бары: цэны +10 %
Прэзідэнт Гандлёва-прамысловай палаты польскай гастраноміі Яцэк Чаўдэрна кажа Bankier.pl, што прыток замежных турыстаў да канцэрту Тэйлар Сўіфт можа папулярызаваць польскую кухню, пры гэтым падчас канцэртаў цэны на ежу і напоі ў рэстаранах могуць павысіцца прыкладна на 10 %.
Гэта вышэй, чым рост цэнаў у грамадскім харчаванні Стакгольму ў 2023 годзе: тады першы канцэрт у рамках тура іншай суперзоркі – Бэёнсэ – прывёў да падвышэння цэнаў толькі на 3 %.
А бізнес-псіхолаг Анджэй Тухольскі зазначае, што многія кавярні атрымаюць яшчэ больш прыбытку, уводзячы ў меню пазіцыі, якія адсылаюць да творчасці спявачкі.
Цэны на білеты
Многія прыхільнікі прыляцяць за зоркай з ЗША ды іншых краінаў, дзе проста не змаглі дазволіць сабе канцэртныя квіткі аналагічнага туру. Нагадаем, амаль усе з 2,4 млн квіткоў на ейны тур у ЗША раскупілі за адзін дзень – 15 лістапада 2022 года. Тады афіцыйная цана квіткоў не перавышала 500 долараў, але праз «перакупаў» прыхільнікам творчасці Сўіфт давялося заплаціць за квіткі значна больш, часам нават дзясяткі тысяч долараў. Таму, паводле падлікаў «The Independent», амерыканцы купяць да 20 % квіткоў на канцэрты Тэйлар Сўіфт у Еўропе.
Мяркуючы з аналізу islands.com, Варшава займае першае месца сярод гарадоў туру паводле таннасці агульнага кошту наведвання канцэрту. Так, самы танны квіток на канцэрт у Варшаве цяпер каштуе 443 долары, плюс 94 долары за ноч у гатэлі, 10 долараў за сняданак, 4 долары – піва, 8 долараў – таксі. Разам – каля 712 долараў.
Для параўнання: прыхільнікі аддаюць за паездку на канцэрт у Таронта ў сярэднім больш за 2,3 тысячы долараў, у Амстэрдаме – 1,6 тысячы, у Мілане – 1,5 тысячы.
Пры гэтым аператары ў Польшчы загадзя паклапаціліся, каб цэны на квіткі не ўзляцелі праз «перакупаў» – іх зрабілі імяннымі. Гэта яшчэ больш павялічыла папулярнасць польскіх канцэртаў для еўрапейскіх фанатаў спявачкі.
Арэнда жытла
За пяць месяцаў да імпрэзы на «Booking» былі занятыя 80 % варыянтаў жытла ў Варшаве, а цэны на некаторыя варыянты адляцелі ў космас. Напрыклад, двухпакаёвая кватэра ў спальным раёне каштавала 15 тысяч злотых (больш за 3790 долараў) за ноч, намёт у вёсцы пад Варшавай – амаль 300 злотых (75 долараў).
Бліжэй да пачатку канцэрту многія цэны спусціліся да больш адэкватных. Напрыклад, цяпер у Варшаве пазнаку свабодных маюць больш як тысяча варыянтаў жытла на «Airbnb», але цэннік вышэйшы за звычайны, а гаспадароў-навічкоў стала відавочна больш. Напрыклад, стандартная двухпакаёвая кватэра ў раёне «Прага Поўнач» будзе каштаваць 390 еўраў за дзве ночы ў даты канцэрту, і ўсяго 110 еўраў – за тыя ж дзве ночы праз тыдзень. Падобная сітуацыя і са шматлікімі іншымі варыянтамі: арэндныя цэны да канцэртаў і пасля могуць адрознівацца ў 1,5–5 разоў.
Знайсці жыхароў Польшчы, якія прыйшлі на «Airbnb» з абвесткай пра арэнду сваіх кватэраў толькі на канцэрт, проста: свабоднымі тэрмінамі ўказаныя максімум 31 ліпеня – 4 жніўня, маюць адзнаку «ўласнік-навічок» і неверагодныя цэны, а ў апісанні профілю пазначана нешта накшталт «Выдатнае размяшчэнне для людзей, якія наведваюць канцэрты на Нацыянальным стадыёне».
Як «сўіфтаноміка» паўплывае на эканоміку Польшчы?
Марак Трачык з Варшаўскай гандлёвай палаты падлічыў, колькі «сўіфтаноміка» можа прынесці польскай эканоміцы. У разлік ён узяў 1000 еўраў, якія ў сярэднім аддае турыст, які прыязджае на буйныя канцэрты. Калі меркаваць, што на канцэрце ў Варшаве будуць 60 тысяч гледачоў, то агульныя выдаткі наведнікаў за 3 дні могуць скласці каля 45 млн еўраў або каля 190 млн злотых.
Гэта не надта высокі лік, калі ўлічыць, што два канцэрты Тэйлар Сўіфт у Дэнвэры (штат Каларада, ЗША) павялічылі ВУП штату на 140 млн долараў, бо кожны фанат спявачкі пакінуў тут у сярэднім 1300 долараў.
Банк «Pekao» лічыць, што Польшча не паўторыць лёсу Партугаліі і Швецыі, дзе «сўіфтаномікі» прывяла да павелічэння ўзроўню інфляцыі.
«Толькі за месяц канцэрту інфляцыя ў сферы паслуг у Швецыі незвычайна вырасла на 0,4 адсоткавага пункта, а ў Партугаліі – больш чым на 1,5 адсоткавага пункта! Гэта дадало ў гэтых краінах 0,1 адсоткавага пункта адпаведна. 0,4 адсоткавыя пункты да агульнай інфляцыі. Беглы позірк на структуру гэтага павышэння паказвае, што яно фактычна акумулявалася ў цэнах на турыстычныя паслугі», – чытаем у аналізе.
Эканамісты банку лічаць асноўнай прычынай тое, што Партугалія і Швецыя – краіны з «самай маленькай эканомікай паводле намінальных аб’ёмаў». Польшча да такіх не адносіцца.
«Канцэрты Тэйлар Сўіфт важныя для асобных гарадоў і сектараў эканомікі, але ў макрамаштабе ўплыў незаўважны для буйнейшых эканомік (у тым ліку для Польшчы). Таму Тэйлар Сўіфт не павялічыць інфляцыю ў Польшчы», – гаворыцца ў аналізе банка «Pekao».
Тэса Анэйда belsat.eu
Агляд
У Польшчу – хлеб і шкарпэткі, у Беларусь – кармы для жывёл і красоўкі. Што беларусы вязуць з Польшчы дадому, а што просяць прывезці ім?
2024.07.28 18:09
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS