Расейскія вайскоўцы ўвайшлі на тэрыторыю авіябазы ў Нігеры, дзе размешчаныя амерыканскія войскі. Раней вайсковая хунта, якая захапіла ўладу ў Нігеры ў выніку перавароту ў ліпені 2023 года, запатрабавала ад ЗША вывесці з краіны амаль тысячу вайскоўцаў.
Расейскія войскі занялі асобны ангар на авіябазе 101, размешчанай побач з міжнародным аэрапортам Дыёры Хамані ў Ньяме, паведаміў «Reuters» прадстаўнік абароннага ведамства ЗША на ўмовах ананімнасці.
«Сітуацыя не вельмі добрая, але ў кароткатэрміновай перспектыве кіраваная», – сказаў амерыканскі чыноўнік на ўмовах ананімнасці.
Паводле CNN, вайскоўцы з ЗША і з РФ разам знаходзяцца на авіябазе ўжо некалькі тыдняў. Кіраўнік Пентагона Лойд Остын пацвердзіў, што вайскоўцы з ЗША знаходзяцца на адной базе з расейцамі, падкрэсліўшы, што ў апошніх няма ні магчымасці кантактаваць з амерыканцамі, ні доступу да іх вайсковай тэхнікі і абсталявання.
Каментуючы гэтыя паведамленні, у Крамлі заявілі, што працягнуць развіваць стасункі з афрыканскімі дзяржавамі.
«Мы развіваем нашыя адносіны ва ўсіх галінах, у тым ліку і ў абароннай, з рознымі афрыканскімі дзяржавамі. Яны зацікаўленыя ў гэтым, і мы таксама зацікаўленыя», – сказаў прэс-сакратар самаабвешчанага кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
РИА Новости заяўляе, што амерыканскія вайскоўцы ў Нігеры абвясцілі «павышаную гатовасць» праз размяшчэнне расейскіх вайскоўцаў. На самой авіябазе нясуць службу каля 150 італьянскіх вайскоўцаў, і каля 100 немцаў. Па словах крыніцы выдання, немцы і італьянцы паводзяць сябе спакойна, амерыканцы ж «стала ходзяць у касках і бронекамізэльках і вельмі нервова сябе паводзяць».
Канфрантацыі не будзе?
Аналітык па Заходняй Афрыцы з аналітычнага цэнтру «Chatham House» Пол Мэлі не бачыць перспектывы канфрантацыі паміж амерыканскімі і расейскімі войскамі. Ён расказаў BBC, што амерыканцы з усіх сіл спрабавалі застацца ў Нігеры, але вайсковае кіраўніцтва краіны іх адпрэчыла.
«Для хунты прывабнасць расейцаў заключаецца ў тым, што яны не вылучаюць ніякіх патрабаванняў адносна кіравання і дэмакратычных правілаў», – адзначыў аналітык.
Летась Нігер скасаваў ваенныя пагадненні з Францыяй і Еўразвязам, якія дапамагалі ўладам краіны ў барацьбе з мяцежнікамі-ісламістамі. У сакавіку гэтага года хунта разарвала і пагадненне з ЗША, па якім у краіне на дзвюх базах знаходзіліся каля тысячы амерыканскіх вайскоўцаў.
Спачатку мясцовая хунта супрацоўнічалі з ПВК Вагнэра, а пасля мяцяжу вагнэраўцаў кантроль над гэтымі сувязямі перайшоў непасрэдна да расейскага Міністэрства абароны.
12 красавіка ў Нігер прыбыў самалёт з расейскімі вайсковымі інструктарамі і сістэмамі СПА. Аднак, як адзначае «Reuters», пераключэнне на расейцаў пакуль не дапамагло ў змаганні з ісламістамі. Наадварот: колькасць забітых у канфліктах у рэгіёне летась падскочыла на 38 % у параўнанні з 2022 годам.
Hавiны
Лідары прарасейскіх хунтаў Малі, Нігеру і Буркіна-Фасо стварылі вайсковы альянс
2023.09.17 10:30
Якуб Хруст belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS