Поўнамаштабная вайна ва Украіне ідзе 808 дзён. «Белсат» пераказвае, што пра яе пішуць на ранак 11 траўня.
Паводле звестак Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за мінулы дзень адбыліся 104 баявыя сутыкненні – на 9 больш, чым днём раней, але гэта звычайная колькасць баёў у апошні час. Расейскія атакі адбівалі на слабажанскім, купянскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім, навапаўлаўскім, арэхаўскім і херсонскім напрамках.
Сцвярджаецца, што за мінулы дзень расейскія войскі страцілі 1320 чалавек (звыш 481 тысячы – з пачатку поўнамаштабнага ўварвання), 15 танкаў, 40 баявых бронемашынаў, 55 артылерыйскіх сістэмаў, 2 рэактыўныя сістэмы залпавага агню, 1 сродак супрацьпаветранай абароны, 64 адзінкі аўтамабільнай і 9 адзінак спецыяльнай тэхнікі.
Расея за мінулы дзень нанесла па Украіне 7 ракетных і 108 авіяцыйных удараў, звыш 120 абстрэлаў рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню і шматлікія артылерыйскія ўдары. Пад удары трапілі населеныя пункты ў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях.
Таксама ранкам 11 траўня паветраную трывогу абвясцілі па амаль усёй Украіне, чакаюць новых удараў.
Але выбухі гучаць і ў Курскай і Белгародскай вобласцях Расеі. Хоць, як нагадвае брытанская выведка, Белгарад часам бамбіць сама Расея, на гэты раз падобна, што тое быў украінскі абстрэл. Губернатар Белгародскай вобласці заявіў, што ў выніку абстрэлу пацярпелі восем мірных жыхароў, а губернатар Курскай – што былі перахопленыя два ўкраінскія беспілотнікі. Выбухі таксама чулі ў Валгаградзе.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расейскія войскі, імаверна, пачалі наступальную аперацыю на поўначы Харкаўскай вобласці. Аперацыя, паводле экспертаў, мае абмежаваныя аператыўныя мэты, але мусіць адцягнуць украінскіх вайскоўцаў ад іншых крытычна важных участкаў фронту, як то ад Аўдзееўкі і Часавага Яру. Узяць Харкаў Расеі наўрад ці ўдасца, нават калі на гэта скіруюць значна большыя сілы, бо давядзецца атакаваць на адкрытай тэрыторыі ў такіх маштабах, якіх не было з зімы 2022 года, і сабраць не менш за 300 тысяч вайскоўцаў (цяпер сабралі да 50 тысяч, але, паводле ўкраінскага руху «Атеш», адно з падраздзяленняў рашуча адмовілася ісці ў атаку). Але з асобных раёнаў Харкаўскай вобласці ўжо эвакуююць людзей.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у вечаровым звароце 10 траўня, што Украіна разумее, якія сілы мае Расея, бачыць задуму і рыхтуецца даць адпор, забяспечвае ўсё неабходнае для абароны пазіцыяў. Але, падкрэсліў ён, важна, каб саюзнікі падтрымлівалі своечасовыя пастаўкі, бо «пакет, які сапраўды дапамагае, гэта прывезеная ва Украіну зброя, а не толькі абвяшчэнне пакету».
Расея будзе спрабаваць атакаваць у той час, які застаўся да прыбыцця ва Украіну, упэўнены ISW. Тым часам Пентагон абвясціў пра новы пакет дапамогі Украіне яшчэ на 400 млн долараў. У пакет увайшлі тры дадатковыя сістэмы «HIMARS» і зенітныя ракеты для сістэмаў «Patriot» і «HIMARS», снарады для артылерыі і авіяцыі, іншая зброя, запчасткі і сродкі абароны. Белы дом заяўляе, што Пентагон «літаральна пераварочвае неба і зямлю», каб даставіць дапамогу як мага хутчэй. А Еўразвяз рыхтуе пакет двухбаковай дамовы з Украінай, паводле якога могуць паставіць вайсковую дапамогу і нават, магчыма, прапанаваць удзел у баявых дзеяннях вайскоўцаў з Еўразвязу.
Камандуючы наземнымі сіламі Украіны генерал-лейтэнант Аляксандр Паўлюк расказаў «The Economist», што вайна ўвойдзе ў крытычную фазу ў наступныя два месяцы, бо Расея цяпер накіроўвае ўсю баяздольную тэхніку і войскі на фронт, каб паспець атакаваць да прыбыцця паставак саюзнікаў. Летнія наступальныя аперацыі, мяркуюць ва Украіне, Расея засяродзіць на Луганскай і Данецкай вобласцях, але можа пачаць вялікі наступ таксама на Харкаўскую і Сумскую вобласці. Украіна ж працуе над стварэннем 10 новых брыгадаў, не мае праблемаў з жывой сілай, але мае цяжкасці з тэхнікай.
Паўлюк таксама адзначыў, што магчымая страта Часавага Яру, амаль цалкам зруйнаванага гораду ў Бахмуцкім раёне, не будзе мець вырашальнага значэння для вайны. ISW згоднае з гэтым сцверджаннем, але адзначае, што захоп гораду будзе тактычна значны, бо створыць вялікі і абаронены выступ, з якога Расея зможа атакаваць далей.
Служба бяспекі Украіны тым часам паведаміла, што прадухіліла тэракты, якія Расея планавала правесці ў Кіеве 9 траўня, меркаваных выканаўцаў затрымалі загадзя.
ВІДЭА
«Моцны пажар». ЗСУ атакавалі нафтабазу ў акупаваных Ровеньках пад Луганскам
2024.05.10 22:50
Алесь Наваборскі belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS