У Беларусі чацверты год трываюць масавыя палітычныя рэпрэсіі. «Белсат» распавядае пра арышты і суды за 14 чэрвеня.
Суд Кастрычніцкага раёну Менску пакараў Галіну Лагацую «хатняй хіміяй» на два з паловай гады. Актывістку затрымалі 9 красавіка і выставілі абвінавачванне паводле «народнага» артыкулу 342 КК. Пасля абвяшчэння прысуду жанчыну вызвалілі з-пад варты ў судовай залі. Тэрмін пакарання жанчына мусіць адбываць па месцы жыхарства.
Падкантрольныя спецслужбам Telegram-каналы паведамілі пра затрыманне мужчыны, які ў 2020-2023 гг. нібыта «пісаў пагрозы» на адрас міліцыянтаў, пракурораў і суддзяў у нейкіх чатах. Сцвярджаецца, што ён таксама быў зарэгістраваны ў плане «Перамога». Мужчыну затрымлівалі сілавікі ў поўнай штурмавой амуніцыі і з аўтаматамі.
ПЦ «Вясна» паведамляе, што суд Мядзельскага раёну 12 чэрвеня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» адразу 10 відэаролікаў блогера «FreshMeatOMG». Сярод іх ролік «В Беларуси мужчину задержали за видео о плохих дорогах» – у ім блогер каментуе выпадак, калі жыхара Віцебшчыны затрымалі за тое, што ён у TikTok выклаў відэа пра стан дарог у рэгіёне.
Акрамя таго, у «экстрэмісцкі» спіс трапілі старонкі ў сацсетках праекту «Media IQ», Telegram-каналы і чаты «Медики.Гродно», «Роспартизан», YouTube-канал «Инициатива Курорта Нарочь», TikTok-старонкі «Чарадзей», «Kaniušeŭski», «zmahar_», «Belarus», а таксама ў спіс уключылі кнігі Віктара Суворава пра Другую Сусветную вайну.
Стала вядома дата новага суда над палітвязнем Аляксандрам Францкевічам, які раней быў асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Нядаўна супраць яго распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»). Суд над ім распачнецца ў судзе Ваўкавыскага раёна 24 чэрвеня. Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Сяргейка.
Міністэрства ўнутраных справаў абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У спіс дадалі яшчэ 20 чалавек – цяпер у ім 4154 прозвішчы.
«Вясна» постфактум даведалася пра шэраг выпадкаў адміністратыўнага пераследу беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы. У траўні было мінімум тры такія выпадкі – два ў Воранава і адзін у Ашмянах. Падрабязнасці затрыманняў праваабаронцы не паведамляюць, але ва ўсіх выпадках беларусаў каралі буйнымі штрафамі.
Агляд
«З дна ўсё грукаюць і грукаюць». Для ацэнкі правоў чалавека ў Беларусі не хапае нізкіх балаў
2024.06.13 17:53
Глеб Нержын belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS