Рэжым у Беларусі працягвае палітычны пераслед беларусаў. Так, адбылося папаўненне спісаў асобаў і матэрыялаў, прызнаных «экстрэмісцкімі», распачаліся новыя крымінальныя справы і суды – завочныя і не, беларусаў да гэтай пары судзяць за пратэсты 2020 года па фота ў сацсетках, а таксама за каментары аб тэракце ў Падмаскоўі.
ГУБАЗіК пагражае крымінальнай адказнасцю за рэпосты
ГУБАЗіК заявіў аб узбуджэнні крымінальнай справы за рэпост навіны, апублікаванай «экстрэмісцкім фармаваннем», і заявіў, што такая практыцы «будзе пастаўлена на паток».
Крымінальная справа была ўзбуджана па частцы 2 артыкула 361-4 КК («Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Як паведамляе блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, для гэтага хапіла «адзінай перасылкі ў публічныя чаты навіны, раней апублікаванай экстрэмісцкім фармаваннем».
Да гэтага рэпосты з рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і «экстрэмісцкімі фармаваннямі», разглядаліся як адміністрацыйнае правапарушэнне.
На прыкладзеным скане з выяўленым фрагментам пастановы аб завядзенні крымінальнай справы прозвішча яе фігуранта фармальна замазанае, але адмыслова так, каб яго можна было без праблем прачытаць.
Гаворка ідзе пра гарадзенца Дзяніса Чашчавіка, які знаходзіцца за мяжой і супраць якога яшчэ 2 красавіка была заведзеная «спецыяльная вытворчасць», то-бок 38-гадовага мужчыну збіраюцца судзіць завочна.
TikTok-акаўнт «reformby» прызнаны экстрэмісцкім
Міністэрства інфармацыі прызнала «экстрэмісцкімі» матэрыяламі акаўнт у TikTok «reformby». Гэта старонка аўтарскага праекту «Саша, што ты нясеш?!», які вядуць сузаснавальнікі reform.news Фёдар Паўлючэнка і Аляксандр Атрошчанкаў. Рашэнне было прынятае судом Ленінскага раёну Берасця 30 красавіка. YouTube-канал праекту быў прызнаны «экстрэмісцкім» у лютым гэтага года.
У спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў таксама патрапілі:
- тэлеграм-каналы і чаты «Roman Popkov», «Зона ўлады Беларусь», «PLUSHEV/ПЛЮШЧАЎ», «Наш Дом-Шуфлядка», «НеКедмі», «White Powder»;
- ютуб-каналы «Мікалай Маслоўскі», «Святлана Ціханоўская», «NEXTA Plus»;
- старонкі ў Facebook «Беларусь ЗА перамены», «Беларусы ў Летуве / Baltarusiai Lietuvoje / Belarusians in Lithuania», «Беларусы ў Германіі 97%», «Тыдзень Белсат»;
- старонка ў сацсетцы Х «Святлана Ціханоўская»;
- старонкі ў «Аднакласніках» «Protest», «Вольга Карач», «Усё нармальна, гэта Гомель»;
- акаўнты ў TikTok «rocket_brutto_», «belveterans», «Belarus.socdems», «_..nazgul.._», «Andrei_Smalianko», «у1808053».
Гомельскага шоўмена прыгаварылі да 2 гадоў калоніі па «пратэсным» артыкуле
Ягора Зенчанку, гомельскага шоўмена і вядучага мерапрыемстваў, прыгаварылі да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў яго вінаватым па артыкуле 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Прыгавор быў вынесены 30 красавіка.
Зенчанка займаўся арганізацыяй і правядзеннем мерапрыемстваў, у тым ліку «Лепшы выпускны», закрыццё мотасезона на Палессі, праводзіў дні гораду ў Гомлі, арганізоўваў канцэрты.
Hавiны
Кнігі Вацлава Ластоўскага і Алеся Петрашкевіча прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
2024.05.06 15:45
Яшчэ 6 беларусаў завочна асудзілі за ўдзел у мірных сходах
Праваабаронцам стала вядома пра чарговы прысуд у межах «спецвытворчасці». 16 красавіка 2024 году ў судзе Партызанскага раёну Менску завочна асудзілі адразу шасцярых чалавек. Прысуд агучыў суддзя Міхаіл Макарэвіч.
Анатоля Астроўскага, Віктара Пузана, Аляксандра Цярлюка, Ірыну Сталоку, Генадзя Гутара прызналі вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Віталя Пахомчыка асудзілі паводле арт. 342 і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэксу і, акрамя 2 гадоў пазбаўлення волі, прызначылі яму штраф у памеры 300 базавых велічынь (12 тысяч рублёў).
Усіх іх прызналі вінаватымі ў тым, што разам яны ўдзельнічалі ў адным з мірных сходаў у Менску: былі на вуліцах з нацыянальным сцягам, выходзілі на праезную частку. Пахомчык, акрамя гэтага, пакінуў у адным з тэлеграм-чатаў тры публікацыі, у якіх нібыта «публічна зняважыў прадстаўнікоў улады». Паколькі ўсе абвінавачаныя знаходзяцца за мяжой, іх абвясцілі ў вышук.
Вядома, што іх удзел у мірным сходзе даказалі з дапамогай фотаздымку, які знайшлі ў Інстаграме Анатоля Астроўскага, дзе некаторыя з абвінавачаных трымаюць нацыянальны сцяг, некаторыя – паказваюць рукамі сімвалы «вікторыі» і сціснутага кулака.
СК пачаў «спецвытворчасць» яшчэ ў дачыненні да 3 чалавек, сярод іх – кандыдат у Каардынацыйную раду
Следчы камітэт 3 траўня пачаў спецыяльную вытворчасць у дачыненні да актывіста пазбаўленай рэгістрацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» 45-гадовага Андрэя Зуева. Яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 3 арт. 293 («Масавыя беспарадкі»), ч. 1 арт. 361-1 («Заклікі да санкцыяў»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»).
Зуеў – кандыдат у склад Каардынацыйнай рады па спісе «Салідарнасць». Раней ён неаднаразова адбываў палітычна матываваныя адміністрацыйныя арышты, эміграваў з Беларусі.
Таксама Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць ў дачыненні да беларусак Аліны Галінскай і Кацярыны Туманавай – іх збіраюцца судзіць завочна.
24-гадовай Аліне Галінскай інкрымінуюць ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне варожасці»). Аліну Галінскую затрымлівалі ў красавіку 2023 году падчас масавага «хапуну» на Гомельшчыне. На «пакаяльным відэа» яна казала, што некалі была падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы і пакідала там каментары.
41-гадовай гарадзенскай актывістцы Кацярыне Туманавай інкрымінуюць ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх») і арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).
Сілавікі затрымалі хлопца за каментар пра тэракт у Маскве
Праваабаронцы з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне хлопца за каментар пра тэракт у Маскве.
Гэта як мінімум 15-ы беларус, якога затрымалі за каментары пра тэракт у Расеі. Сярод іншага, затрымалі нават дзяўчыну, якая спытала ў каментарах, чаму пасля тэракту пад Масквой у Беларусі адмянілі імпрэзы, а калі Расея бамбіць украінцаў – не.
Жыхара Рэчыцы за «абразу» Лукашэнкі накіравалі на лячэнне ў псіхіятрычны шпіталь
8 красавіка суд Рэчыцкага раёну абвінаваціў Дзмітрыя Першына паводле часткі 2 артыкула 367 КК («Паклёп на прэзідэнта») і ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта»). Справу разглядаў суддзя Станіслаў Іванюценка.
У выніку суддзя прызначыў Дзмітрыю прымусовыя меры бяспекі і лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
3 траўня Міністэрства ўнутраных спраў дадало Дзмітрыя ў спіс «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
Непаўнагадовую гарадзенку асудзілі за падпіску на Nexta у тэлеграме
19 красавіка суд Кастрычніцкага раёну Горадні разгледзеў адміністрацыйную справу супраць непаўналетняй беларускі. Яе абвінавацілі ў тым, што ў тэлеграме яна захоўвала прадукцыю Nexta і TUT.BY, прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», піша Hrodna.life са спасылкай на пастанову суда.
Праз тое, што дзяўчына непаўналетняя, паводле закону яе не маглі аштрафаваць, арыштаваць ці адправіць на грамадскія працы. У выніку ў дачыненні да яе прымянілі «меры выхаваўчага ўздзеяння ў выглядзе тлумачэння заканадаўства» і вярнулі тэлефон.
Чарговы прысуд за ўдзел у Маршы ў жніўні 2020 году
11 красавіка ў судзе Савецкага раёну Менску вынеслі прысуд Аляксею Савіцкаму. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – так званай «хатняй хіміі».
Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што ў жніўні 2020 году ён выходзіў на праезную частку, блакаваў дарогу транспарту, чым нанёс «Менсктрансу» шкоду ў памеры 5980 рублёў і 11 капеек.
Савіцкі прызнаў віну, расказаў, што ўзяў удзел у мірным сходзе. Да суду мужчына знаходзіўся пад закладам у памеры 12 тысяч рублёў – грошы яму вярнулі.
Прысуд вынес суддзя Аляксандар Якунчыхін. Ён вынес ужо сама меней 21 прысуд паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Часьцей за ўсё ён прысуджае «хімію» ці «хатнюю хімію». Аднак менавіта ён асудзіў музыкаў Надзею і Ўладзімера Калачоў на два гады калоніі.
У гарадзенскім судзе разглядаюць справу аб «абразе прадстаўніка ўлады»
Паўла Лукашэвіча абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім» (арт. 361-1 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «абразе суддзі» (арт. 391 КК). Справу разглядае суддзя Юры Казакевіч.
У спіс «экстрэмістаў» МУС дадало яшчэ 23 чалавекі, у тым ліку журналіста Зянкова
У пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», 3 траўня дадалі яшчэ 23 чалавекі, цяпер у ім ужо 4 034 пазіцыі. Згодна з абноўленым дакументам на сайце МУС, 9 уключаных у спіс знаходзяцца ў зняволенні, насупраць 13 прозвішчаў стаіць адзнака «судзімасць не пагашаная», яшчэ 1 – «прымусовыя меры бяспекі і лячэння».
З пазбаўленых волі палітвязнямі прызнаныя журналіст Аляксандр Зянкоў, асуджаны па арт. 3611 Крымінальнага кодэксу («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім») на 3 гады пазбаўлення волі, а Галіна Краснянская – на 5 гадоў зняволення па арт. 3613 («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вербаванне або падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу»), Валеры Самсоненка – на адзін год па арт. 370 («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»).
Ася Саковіч belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS