Ядравы шантаж ужо даўно зрабіўся адметнаю рысаю палітыкі Расеі. З-за пастаяннага паўтарэння гэтыя пагрозы ў значнай ступені абясцэніліся, аднак Уладзімір Пуцін не пакідае спробаў паўплываць такім чынам на Захад. Апошнім часам назіраецца відавочная актывізацыя намаганняў Масквы ў гэтым кірунку.
Ядравыя вучэнні: другія, трэція, дзясятыя…
11 чэрвеня Расея абвесціла пра пачатак другога этапу вучэнняў, разлічаных на падрыхтоўку да баявога выкарыстання нестратэгічнай ядравай зброі.
Заяўляецца, што ў вучэннях прымаюць удзел і расейскія, і беларускія вайскоўцы. 12 чэрвеня начальнік Генштаба Павел Муравейка распавёў, што на гэтым тыдні адпрацоўвалася разгортванне аператыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр» і беларускай авіяцыі са «спецыяльнымі боепрыпасамі». Дзеянні беларускіх вайскоўцаў Муравейка ацаніў вельмі высока: паводле генерала, усе кантрольныя нарматывы былі выкананы нават з апераджэннем тэрміну.
«Ужо цяпер магу з упэўненасцю заявіць: падраздзяленні і часткі Узброеных сілаў Беларусі да выкарыстання спецыяльнай ядравай зброі гатовыя», – заявіў начальнік Генштабу Беларусі.
Дзе менавіта праходзяць вучэнні, незразумела: пра канкрэтныя лакацыі ў Беларусі ўвогуле нічога не паведамляецца. Разам з тым, Мінабароны РФ 12 чэрвеня заявіла, што частка ядравых манеўраў адбываецца з удзелам злучэнняў Ленінградскай вайсковай акругі. Акрамя таго, мусяць быць задзейнічаны караблі Ваенна-Марскога флоту РФ. То бок геаграфія вучэнняў беларускім кірункам дакладна не абмяжоўваецца.
Удзел Беларусі ў другім этапе нестратэгічных ядравых вучэнняў Уладзімір Пуцін праанансаваў яшчэ падчас свайго візіту ў Менск 23-24 траўня. Аляксандр Лукашэнка тады заявіў журналістам, што «гэта нашае трэцяе трэнаванне з моманту размяшчэння ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі», хаця застаецца незразумелым, калі і дзе адбыліся папярэднія. «У расейцаў, мусіць, дзясяткі такіх трэнаванняў. Нічога дзіўнага», – дадаў палітык.
Новыя пагрозы
Каментуючы ў эфіры «Вот так» цяперашнія ядравыя вучэнні, навуковы супрацоўнік Венскага цэнтру па раззбраенні і нераспаўсюджанні Мікалай Сокаў зазначыў, што гэта перш за ўсё «гульня на нервах».
«Вучэнні, звязаныя з тактычнай ядравай зброяй – гэта адзін з сігналаў, каб нагадаць аб тым, што ў нас ёсць ядравая зброя, мы можам яе прымяніць. Гэта хутчэй гульня на нервах. Чыста палітычныя сігналы», – падкрэсліў эксперт.
Паказальна, што цяперашнія манеўры разгортваюцца на фоне абвастрэння ядравай рыторыкі Масквы.
Міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў 30 траўня заявіў, што ў выпадку разгортвання Злучанымі Штатамі наземных ракетаў сярэдняй і малой далёкасці (РСМД) Расея можа пайсці на дадатковыя крокі ў сферы ядравага стрымлівання. Акрамя таго, Лаўроў зазначыў, што Расея будзе разглядаць перадачу Украіне знішчальнікаў F-16 як «наўмыснае сігнальнае дзеянне NATO у ядравай сферы», бо гэтыя самалёты ёсць «асноўным сродкам дастаўкі ў рамках так званых супольных ядравых місіяў NATO».
5 чэрвеня падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму шэраг пагрозаў агучыў Пуцін. Па-першае, ён паабяцаў сіметрычны адказ на рашэнне краінаў Захаду дазволіць Украіне выкарыстоўваць заходнюю зброю супраць аб’ектаў на тэрыторыі РФ. Па-другое, Пуцін заклікаў Захад не давадзіць Расею да выкарыстання ядравай зброі.
«У нас жа ёсць ядравая дактрына – паглядзіце, што там напісана. Калі нечыя дзеянні будуць пагражаць нашаму суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, мы лічым для сябе магчымым выкарыстоўваць усе існуючай у нашым распараджэнні сродкі», – заявіў ён.
Расейскі кіраўнік зазначыў, што пакуль умовы для выкарыстання ядравай зброі не склаліся. «Але дактрына – гэта жывы інструмент. Мы ўважліва глядзім, што адбываецца ў свеце вакол нас і не выключаем унясення нейкіх зменаў у гэтую дактрыну», – дадаў ён.
Намеснік міністра замежных справаў Расеі Сяргей Рабкоў 11 чэрвеня развіў думку Пуціна. Дыпламат зазначыў, што «непрымальныя эскалацыйныя дзеянні ЗША і іх саюзнікаў» ставяць «на ўвесь рост пытанне аб тым, як базавыя дакументы ў сферы ядравага стрымлівання могуць быць прыведзеныя ў большую адпаведнасць з цяперашнімі патрэбамі».
Пры гэтым ні Пуцін, ні Рабкоў сутнасці магчымых зменаў не раскрылі.
Аналітыка
Лукашэнка прыгразіў знішчыць мільён чалавек. Тлумачым, чаму, хутчэй за ўсё, гэта блеф
2023.06.14 18:42
Што можна змяніць у ядравай дактрыне
Фактычна Масква пагражае перамаляваць «чырвоныя лініі» – то бок афіцыйна змяніць умовы выкарыстання ядравай зброі.
Паводле арт. 27 цяперашняй Ваеннай дактрыны РФ, ядравая зброя можа быць выкарыстана толькі ў двух выпадках: 1) калі праціўнік сам ударыць па Расеі або па яе хаўруснікам зброяй масавага знішчэння; 2) калі на Расею нападуць з выкарыстаннем звычайнай зброі, але пад пагрозу будзе пастаўлена існаванне расейскай дзяржавы.
Аналагічная норма ёсць у яшчэ адным базавым дакуменце – «Асновы дзяржаўнай палітыкі Расейскай Федэрацыі ў галіне ядравага стрымлівання». Там зазначаецца, што ядравае стрымліванне ажыццяўляецца ў дачыненні дзяржаваў або кааліцыяў дзяржаваў, якія валодаюць ядравай зброяй, а таксама тых дзяржаваў, якія валодаюць «значным баявым патэнцыялам сілаў агульнага прызначэння».
Умовамі, якія вызначаюць магчымасць выкарыстання Расеяй ядравай зброі, зʼяўляюцца:
- паступленне дакладнай інфармацыі аб старце балістычных ракет, якія атакуюць тэрыторыі РФ і (або) яе саюзнікаў;
- выкарыстанне праціўнікам ядравай зброі або іншых відаў зброі масавага паражэння па тэрыторыях РФ і (або) яе саюзнікаў;
- уздзеянне праціўніка на крытычна важныя дзяржаўныя або вайсковыя абʼекты РФ, вывад са строю якіх прывядзе да зрыву дзеянняў ядравых сілаў у адказ;
- агрэсія супраць РФ з выкарыстаннем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўлена само існаванне дзяржавы.
Што з гэтага можна змяніць? Насамрэч варыянтаў не шмат. Тэарэтычна Расея можа далей развіць канцэпцыю «эскалацыі дзеля дээскалацыі» і прапісаць у базавых дакументах магчымасць выкарыстання ядравай зброі ў выпадку больш абмежаваных формаў вонкавай агрэсіі. Або ўключыць настолькі расплывістыя фармулёўкі, што іх можна будзе трактаваць увогуле як заўгодна.
З ваеннага пункту перапісванне паперак нічога змяніць не можа. Так званая ядравая дактрына – гэта не закон і не міжнародная дамова, а, па сутнасці, добраахвотная дэкларацыя. Сама па сабе яна не з’яўляюецца перашкодай для выкарыстання ядравай зброі. Рашэнне ў любым выпадку прымае толькі адзін чалавек – Уладзімір Пуцін.
Адна з асноўных задачаў падобных публічных дакументаў – зрабіць больш празрыстымі свае намеры. Каб патэнцыйны праціўнік добра разумеў, дзе знаходзяцца тыя самыя «чырвоныя лініі», пры перасячэнні якіх распачнецца ядравая вайна. То бок насамрэч мэта любога карэктавання базавых дакументаў у ядравай сферы заключаецца не ў тым, каб стварыць умовы для нанясення ядравага ўдару, а ў тым, каб папярэдзіць праціўніка аб магчымых наступствах.
Праблема «чырвоных лініяў»
Падзеі апошніх двух гадоў паказваюць: рыторыка Масквы наконт «чырвоных лініяў» пераважна пабудаваная на блефе.
Напрыклад, улетку 2022 году намеснік старшыні Савету бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ў выпадку нападу на Крым для Украіны наступіць «судны дзень» (намёк на ядравы ўдар). Аднак пачынаючы са жніўня 2022 году ЗСУ рэгулярна бьюць па ваенных аб’ектах у Крыме і «судны дзень» дасюль не надышоў.
У верасні 2022 году перад правядзеннем «псеўдарэферэндума» на Луганшчыне, Данеччыне і Запарожжы Масква заявіла, што на новыя тэрыторыі будзе распаўсюджвацца ядравая дактрына і Расея гатовая выкарыстаць усе магчымыя сродкі для абароны сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці. Неўзабаве Расея страціла Херсон і гэта не прывяло да ядравай эскалацыі (хаця такі варыянт у пэўны момант, імаверна, абмяркоўваўся). Больш за тое, з цягам часу вайна ўсе далей стала распаўсюджвацца на міжнародна прызнаную тэрыторыю РФ. Няспынныя абстрэлы і атакі беспілотнікаў, якія часам даляталі да Масквы і Ленінградскай вобласці, серыя магутных дыверсійных рэйдаў у Белгародскую і Бранскую вобласці – усё гэта не пацягнула за сабой эскалацыю.
Пастаўкі Украіне заходняга ўзбраення, у тым ліку нямецкіх танкаў, Пуцін таксама не раз называў «чырвонымі лініямі». Нягледзячы на гэта, Захад паступова перадаваў ЗСУ ўсё больш прасунутую зброю, а свае пагрозы расейскі кіраўнік не зрэалізаваў.
У траўні 2024 году ўкраінскія беспілотнікі зладзілі шэраг атак на стратэгічна важныя РЛС, якія зʼяўляюцца часткай сістэмы ранняга папярэджання аб ядравым ракетным нападзе. Паводле медыяў, Злучаныя Штаты былі занепакоены сітуацыяй і баяліся «дэстабілізуючага эфекту» ад украінскай аперацыі. Пры жаданні Крэмль мог трактаваць гэты выпадак як атаку на «крытычна важныя дзяржаўныя або вайсковыя абʼекты РФ», пра што гаворыцца ў «Асновы дзяржаўнай палітыкі Расейскай Федэрацыі ў галіне ядравага стрымлівання». Замест гэага Масква проста зрабіла выгляд, што нічога сур’ёзнага не здарылася.
Натуральна, што на трэцім годзе вайны ў вачах Захаду ядравая рыторыка Крамля ў значнай ступені абясцэнілася. Падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму Пуцін нават трошкі паскардзіўся на гэта:
«Чамусьці на Захадзе лічаць, што Расея ніколі гэтага [ядравай зброі] не выкарыстае».
Праводзячы сумесныя з Беларуссю вучэнні і разважаючы пра змену ядравай дактрыны, Пуцін хоча прымусіць свет зноў успрымаць ягоныя пагрозы ўсур’ёз і такім чынам уплываць на рашэнні краінаў Захаду. Мэта Крамля – як мінімум не дапусціць далейшага рассоўвання межаў падтрымання Украіны з боку заходніх саюзнікаў (дазвол на ўдары «ATACMS», накіраванне натаўскіх вайскоўцаў і г.д.).
Hавiны
Байдэн: пагроза прымянення Пуціным тактычнай ядравай зброі – рэальная
2023.06.20 15:31
Глеб Нержын belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS