Наданне Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйнага статусу не прывядзе да інстытуцыянальная трансфармацыі рэжыму Аляксандра Лукашенкі. Вынікі першага дня паседжання УНС сведчаць пра тое, што УНС, імаверна, застанецца абсалютна дэкаратыўным органам, якому Лукашэнка не дазволіць нікуды ўмешвацца.
«Буфер» і «падстрахоўка»
Аляксандр Лукашэнка вырашыў прысвоіць УНС канстытуцыйны статус «вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя» неўзабаве пасля масавых пратэстаў 2020 года, якія ледзь не прывялі да падзення ягонага рэжыму. Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі тады шчыра патлумачыў сваю галоўную ідэю: УНС трэба надзяліць надзвычайнымі паўнамоцтвамі, каб мець «падстрахоўку» на той выпадак, калі «да ўлады прыйдуць не тыя, і ў іх будуць іншыя погляды». То бок Лукашэнка дэ-факта прапанаваў, каб ягоным паплечнікам была гарантаваная манаполія на ўладу ў абыход нават фармальнай працэдуры ўсеагульных выбараў.
Пад гэтую задуму ў лютым 2022 года была зменена канстытуцыя Беларусі. Дэ-юрэ УНС атрымаў вялізныя паўнамоцтвы: права ўводзіць ваеннае і надзвычайнае становішча, адмяняць рашэнні іншых дзяржорганаў і даваць ім абавязковыя для выканання даручэнні, фармаваць ЦВК, абіраць і перамяшчаць суддзяў. Акрамя таго, УНС можа зняць з пасады прэзідэнта ў выпадку сістэматычнага парушэння ім канстытуцыі або дзяржаўнай здрады.
У сваёй прамове на першым паседжанні УНС 24 красавіка Лукашэнка назваў новы орган «ахоўным буферам ад магчымых небяспечных працэсаў, якія ідуць насуперак інтарэсам грамадства і дзяржавы«. Аднак асаблівасць сітуацыі заключаецца ў тым, што гэты «буфер» або «падстрахоўка» яму патрэбныя не цяпер, а з разліку на аддаленую будучыню, калі ён праз фізічны стан не здолее кіраваць дзяржавай. Падчас паседжання 24 красавіка ён прама заявіў, што гэта робіцца «на будучыню».
«Мы, і я ў тым ліку, перш за ўсё я, – пакаленне адыходзячых палітыкаў. І я вельмі спадзяваўся і спадзяюся, што калі нас не стане, вы – УНС – утрымаеце краіну», – патлумачыў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі.
Пакуль Лукашэнка сам «трымае» краіну, яму не патрэбная новы дзяржаўны орган, які прынамсі на паперы можа абмяжоўваць ягоную ўладу. Таму заканадаўства загадзя было распрацаванае з разлікам на тое, што Лукашэнка атрымае права адначасова займаць пасаду прэзідэнта, і старшыні УНС. Гэтае палажэнне намесніца кіраўніка лукашэнкаўскай адміністрацыі Вольга Чупрыс назвала «дадатковым страховачным тросам».
Інтрыга палітбюро
24 красавіка Лукашэнка быў прадказальна зацверджаны старшынёй УНС, а намеснікам старшыні абралі ягонага памочніка, былога кіраўніка лукашэнкаўскай адміністрацыі Аляксандра Косінца.
«На ўсе пасады, у якіх ён працаваў, мне прыйшлося яго прызначыць, – прадставіў свайго намесніка Лукашэнка, – Яго асаблівасць у тым, што гэта працаголік і патрыёт. Так, ён бывае часам радыкальны, рэзкі, таму, можа, камусьці, асабліва з чальцоў урада, гэтая кандыдатура не зусім спадабаецца. Але такі Косінец».
Разам з тым, пэўная інтрыга яшчэ заставалася. Акрамя пасады старшыні і намесніка ва УНС ёсць калегіяльны кіроўны орган – прэзідыум. У адрозненні ад самога УНС прэзідыум мусіць дзейнічаць на сталай аснове і можа прымаць аператыўныя рашэнні. Паводле закону, па ініцыятыве старшыні (то бок Лукашэнкі) прэзідыум мае праводзіць паседжанні не радзей за адзін раз на 6 месяцаў.
Некаторыя аналітыкі выказвалі меркаванне, што прэзідыум УНС можа стаць аналагам палітбюро ў часы СССР – то бок органам, дзе абмяркоўваюцца і прымаюцца галоўныя палітычныя рашэнні. У сталінскія часы Палітбюро паслухмяна выконвала загады правадыра, у брэжнеўскія было сапраўды калегіяльным органам. Аднак у абодвух выпадкаў склад палітбюро інстытуцыянальна замацоўваў кола найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячаў у краіне, блізкае атачэнне кіраўніка дзяржавы.
Пасля падзеяў 2020 году на галоўныя ролі ў Беларусі выйшлі сілавікі. Калі б Лукашэнка хацеў зрабіць прэзідыуму УНС адлюстраваннем рэальнага ўзроўню ўплыву ў найвышэйшых эшалонах улады, то менавіта сілавікі мусілі скласці ягоную аснову. З іншага боку, Лукашэнка мог наадварот запрасіць ва УНС наменклатурных цяжкавікоў, стварыўшы процівагу сілавому блоку, які працягвае пашыраць свой уплыў у краіне. Сам закон аб УНС указваў хутчэй на другі шлях: месца сярод дэлегатаў апрыёры забраніравана для прадстаўнікоў выканаўчых, заканадаўчых і судовых органаў.
Аднак падобна на тое, што Лукашэнка абраў трэці шлях: не пашыраць уплыў сілавікоў, але і не ствараць альтэрнатыўны цэнтр сілы.
Сілавікоў у прэзідыум не пусцілі
Акрамя Лукашэнкі і Касінца, у склад прэзідыуму УНС 24 красавіка былі ўключаны 13 чалавек:
- старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік;
- старшыня Берасцейскага аблвыканкаму Юрый Шулейка;
- кіраўнік апарату савету міністраў Канстанцін Бурак;
- экс-кіраўніца Нацбанку, намесніца старшыні Назіральнай рады Белінвестбанку Надзея Ермакова;
- старшыня Беларускага саюза жанчын, прапагандыстка і ідэолаг Вольга Шпілеўская;
- суддзя Вярхоўнага суда Ірына Тылец;
- дэпутат Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская;
- сябра Савета Рэспублікі Сяргей Сівец;
- рэктар БДУІР Вадзім Богуш;
- намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар;
- генеральны дырэктар УП «Віцебскаблгаз» Аляксандр Бранцэвіч;
- дырэктар дзяржаўнай установы Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медычнай радыялогіі Сяргей Палякоў;
- дырэктар Гомельскага хімзавода Дзмітрый Чарнякоў.
Склад прэзідыуму атрымаўся вельмі разнамасны. Звяртае на сябе ўвагу некалькі прынцыпова важных акалічнасцяў.
Па-першае, у склад кіроўнага органу УНС не трапіў ніводны сілавік. З 13 чальцоў прэзідыуму раней працавала ў праваахоўных органах толькі Марына Лянчэўская – яна ў свой час даслужылася да пасады старэйшага пракурора аднаго з аддзелаў Генпракуратуры. Часткова звязаны з сілавой сферай Канстанцін Бурак: ён скончыў Маскоўскае вышэйшае памежнае каманднае вучылішча КДБ СССР, працаваў у інфармацыйным упраўленні Савету бяспекі Беларусі і быў прадстаўнікоў Беларусі ў структурах АДКБ. Аднак і Лянчэўская, і Бурака нельга назваць прадстаўнікамі сілавога блоку.
Па-другое, Лукашэнка не стаў складаць кіроўны орган УНС з топавых наменклатуршчыкаў. Большасць людзей у прэзідыўме не з’яўляюцца набліжанымі да Лукашэнкі асобамі, яны не займаюць высокіх пасадаў на нацыянальным узроўні і па-за межамі сваёй профільная сферы дзейнасці (медыцына, адукацыя, прамысловасць) нікому не вядомыя. Фактычна да наменклатурных цяжкавікоў можна аднесці толькі двух сябраў прэзідыуму: Караніка і Шулейку, кіраўнікоў рэгіёнаў. Шулейка да таго як узначаліць Берасцейскую вобласць быў памочнікам Лукашэнкі, а Каранік кіраваў міністэрства аховы здароўя. У 2021-м Лукашэнка ні тое ў жарт, ні тое ўсур’ёз назваў Караніка чалавекам, які мог бы ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.
Склад прэзідыуму УНС указвае на тое, што Лукашэнка насамрэч не збіраецца ствараць уласнае палітбюро. Цяжка ўявіць сабе, што ён раптам дапусціць да абмеркавання важных палітычных рашэнняў усіх гэтых людзей – рэктара БДУІР, суддзю, дырэктара РНПЦ і г.д. Складаецца ўражанне, што насамрэч кандыдаты ў прэзідыум падбіраліся не з разліку на іх вядомасць, апаратную вагу або набліжанасць да Лукашэнкі, а з разліку на прапагандысцкую карцінку, каб можна было пацвердзіць тэзіс, што «УНС прадстаўляе ўвесь зрэз беларускага грамадства».
«Недзе там наверсе ўбаку, але не ўмешваецца»
«Тут сабраліся лукашысты, ворагаў тут няма і не будзе!» – абвясціў падчас паседжання 24 красавіка Лукашэнка.
Нягледзячы на тое, што склад «найвышэйшага органа народаўладдзя» сапраўды стэрыльны ад іншадумства, Лукашэнка наўрад ці рызыкне падзяліцца з новым дзяржаўным органам нават часткай рэальных паўнамоцтваў. Ён перастрахаваўся з усіх бакоў: сам узналіў УНС, прызначыў намеснікам свайго памочніка, а кіроўны орган склаў пераважна з ноунэймаў, за якімі ніхто не стаіць.
Чаму Лукашэнка праявіў такую асцярожнасць? Імаверна, ён баіцца, што ў ягонай строга персаналісцкай сістэме ўзнікне новы цэнтр прыцягнення, на які хаця б фармальна пачнуць арыентавацца прыхільнікі рэжыму. Што ў сваю чаргу можа дэстабілізаваць сістэму і справакаваць унутраныя канфлікты.
Раней Лукашэнка неаднаразова казаў пра тое, у чым бачыць небяспеку. Гэтак, выступаючы са зваротам да Нацыянальнага сходу 31 сакавіка 2023 года, ён заклікаў ні ў якім разе не дапусціць сітуацыі, калі можа адбыцца «сутыкненне дзейнай сістэмы ўлады». «УНС – гэта не парламент. Не копія парламенту. Не дублюючы орган. УНС павінна вырашаць сур’ёзныя пытанні. Яно не павінна перашкаджаць працаваць існым органам улады. І прэзідэнту, і ўраду, губернатарам і гэтак далей», – заявіў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі. У сакавіку 2024 году ён зноў выказаўся на гэты конт: «Прэзідэнту, які б там ні быў прэзідэнт, давядзецца лічыцца з пастановамі, вынесенымі на Усебеларускім народным сходзе. Маё цяпер заданне – не дапусціць канфлікту гэтага. У гісторыі было заўсёды так – канфліктавалі. А нам нельга дапусціць гэтага».
Імаверна, каб не ствараць глебу для канфліктаў, Лукашэнка вырашыў зусім не даваць УНС рэальных паўнамоцтваў. У пачатку сваёй прамовы 24 красавіка ён, канешне, сказаў, што Усебеларускі народны сход «стаіць вышэй за ўсе галіны ўлады». Аднак пазней паправіўся і ўдакладніў, што гэта «не надпрэзідэнцкі орган».
«Гэта орган, які недзе там наверсе ўбаку, але не ўмешваецца ў працэсы, якія вырашае прэзідэнт, парламент, урад», – зазначыў ён.
То бок фактычна цяперашнюю канфігурацыю рэжыму змяняць не плануецца. Пакуль Лукашэнка жывы і здаровы, за УНС, імаверна, пакінуць выключна цырыманіяльныя функцыі.
Глеб Нержын belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS