Вы ведаеце, колькі людзей пабывала ў космасе пасля Юрыя Гагарына? Ягоны палёт адбыўся амаль 63 гады таму. І ці задумваліся вы, колькі людзей за гэтыя 63 гады пабывалі ў космасе? Дзесяць тысячаў? Можа пяць тысячаў? Ці толькі тысяча? Уявіце сабе гэтую лічбу. Праз хвіліну праверым, наколькі вы да яе блізкія. А я пакуль распавяду, куды і як лётала чалавецтва.
Па-першае, за гэтыя 63 гады розныя касмічныя караблі сотні разоў выходзілі на арбіту з людзьмі на борце. Амерыканцы шэсць разоў прыляталі на Месяц, Савецкі Саюз пасля серыі адна-, двух- і трохасабовых капсулаў запусціў некалькі касмічных станцыяў. Спачатку «Салют», а пазней – «Мір». На гэтых станцыях касманаўты неслі шматмесячныя вахты. Лічым далей, адныя толькі амерыканскія «Спэйс Шатлы» лёталі ў космас 135 разоў і маглі за адзін раз забраць семярых астранаўтаў. Ну, і ўжо сучасная гісторыя – Міжнародная касмічная станцыя, на якой адначасна можа быць 10 асобаў… Ну што, гатовыя пачуць лік і параўнаць з тым, што вы загадалі? За 63 гады на арбіце пабывалі 613 асобаў. З іх усяго 77 жанчын.
Параўнаем гэта з іншымі рэдкімі справамі. Напрыклад, з узыходам на самую высокую гару – Эвэрэст. Упершыню яе пакарылі 71 год таму, так што розніца ў часе з першым касмічным палётам не такая і вялікая – усяго восем гадоў.
Толькі вось за гэтыя 71 год на Эвэрэст узышло 12 000 асобаў. Прычым толькі за адзін 2018 год, калі там стаяла выключна добрае надвор’е, пік пакарыўся сямісот пятнаццаці асобам. За адзін год там пабывала болей людзей, чым за ўсе 63 гады ў космасе. Ці возьмем іншую статыстыку. У адной толькі Вялікай Брытаніі за адзін толькі 2023 год 365 асобаў сталіся доларавымі мільянерамі дзякуючы выйгранкам у латарэю. Так што цяпер вы можаце зразумець, наколькі элітарным можна назваць умоўны клуб асобаў, якія пабывалі на касмічнай арбіце. Імавернасць таго, што вы выгуляеце мільён долараў у латарэю ў тысячы разоў вышэйшая, чымся тое, што вы пабываеце ў космасе.
Для жанчыны, якая не ёсць грамадзянкаю ЗША, статыстыка ўвогуле бязлітасная. Неамерыканскіх касманаўтак за ўсю гісторыю чалавецтва было толькі 17. І калі я вам усё гэта апісаў, вы можаце зразумець, наколькі гэта важны момант, што нашая з вамі суайчынніца – беларуска Марына Васілеўская – адправілася ўчора ў космас. Для мяне асабіста – аматара ўсяго, што лётае ў атмасферы і за яе межамі, – гэтая падзея як мёд на сэрца. Калі б не адное «але».
Ёсць у гэтым мёдзе і лыжка дзёгцю, якая асабіста для мяне значна зніжае радасць ад гэтай падзеі. Гэта абставіны палёту і тое, як гісторыя запомніць гэтае касмічнае падарожжа. На вялікі жаль, я мушу канстатаваць, што ўсё гэта ёсць вялікім піяр-спектаклем аднаго дыктатара, у пастаноўцы якога дапамог іншы дыктатар. Кожны, хто хоць крышку цікавіцца космасам, адразу заўважыць розніцу ў статусе ўдзельнікаў учорашняга касмічнага старту. Алег Навіцкі – касманаўт, Трэйсі Дайсан – астранаўтка. А вось Марына Васілеўская – удзельніца касмічнага палёту. Навіцкі і Дайсан прабудуць у космасе паўгода, а Васілеўская вернецца праз два тыдні. На практыцы гэта азначае, што яна звычайная касмічная турыстка і яе проста вязуць у космас прагуляцца.
Такіх касмічных турыстаў у апошнія два дзесяцігоддзі было нямала.
Першым у гісторыі касмічным турыстам быў амерыканец Дэніс Тыта. У 2001 годзе ён заплаціў 20 мільёнаў долараў за палёт на дакладна такім жа касмічным караблі, на якім паляцела Марына Васілеўская – карабель называецца «Саюз». Пасля Тыта было адзінаццаць іншых турыстаў, якія лёталі на «Саюзах». Да іх дэ-факта далучылася беларуска. Цяпер гэтая турыстычная паслуга каштуе каля 50 мільёнаў долараў. І нешта мне падказвае, што дзеля піяру Лукашэнка проста заплаціў Пуціну за месца на караблі. Можа, расейцы прадалі нам гэтае месца не за камерцыйны кошт, не за 50, а, па-братэрску, напрыклад, за 25 ці 30 мільёнаў. Толькі ці мяняе гэта нешта? Бо гэта зноў грошы з нашых з вамі падаткаў, выкінутыя на піяр дыктатара Лукашэнкі і ягонага рэжыму, каб узурпатар мог пахваліцца, што мы тут вось разам з Расеяй касманаўтаў запускаем. Але сачыце не за словамі, а за справамі. Ніякай сапраўднай навуковай ці практычнай дзейнасці, у адрозненне ад касманаўтаў, Васілеўская на арбіце праводзіць не будзе. Ніякай рэальнай карысці гэты палёт не прынясе. Нават скандальна гучны палёт у космас акторкі Юліі Перасільд меў на мэце запіс мастацкага фільму. Тут нават такой мэты няма. Лукашэнкаўская прапаганда напружваецца, выдумляе нейкія паветраныя замкі і прыпісвае палёту цуда-сэнсы, бо па факце гэты палёт – чысты, голы, куплены за народныя грошы піяр.
А Пуцін і Лукашэнка разлічваюць на тое, што гэта яшчэ і добры піяр Саюзнай дзяржавы. Толькі па факце гэты палёт яшчэ раз яскрава падкрэсліў сапраўдную сутнасць адносінаў двух рэжымаў, якую можна апісаць адным словам – ІМІТАЦЫЯ. Замест таго, каб падрыхтаваць беларуса ці беларуску – пілота, навукоўца ці інжынера – і адправіць іх на сапраўдную паўгадавую касмічную вахту, два дыктатары проста робяць імітацыю касмічнае супрацы. І хоць я шчыра рады за тое, што ў космас выправілася мая суайчынніца, беларуска, я таксама разумею, што сапраўднага беларускага касманаўта мы, хіба, пабачым яшчэ вельмі няхутка.
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS