A A+ A++

Найбольш папулярны шлях легалізацыі беларусаў у Польшчы пасля 2020 года – міжнародная абарона: па стане на канец красавіка 2024 года яе атрымалі больш за 10 тысяч беларусаў. На другім месцы – атрыманне дазволу на жыхарства праз гуманітарную візу (так званы гуманітарны ДНЖ) і працу. Запыталіся ў кіраўніцы аддзелу прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасці Вольгі Дабравольскай, у чым розніца паміж гэтымі відамі легалізацыі.

Гадавіна Слуцкага збройнага чыну

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі марша на Дзень беларускіх герояў трымаюць сцягі і банэры з партрэтамі палітвязняў. Варшава, Польшча.

Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Міжнародная абарона

Міжнародная абарона ўключае ў сябе статус уцекача і дадатковую абарону. Выбраць самастойна свой статус нельга, зазначае Вольга Дабравольская – кіраўніца аддзелу прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасці, які займаецца прававой дапамогай у сферы міграцыйнага права. Суіскальнік падае заяву на адзіную працэдуру – міжнародную абарону, і шэф Упраўлення па справах іншаземцаў ужо вырашае, прызнаць заяўніка ўцекачом ці надаць дадатковую абарону, а магчыма – адмовіць у абодвух статусах.

Паглядзім на розніцу паміж двума відамі міжнароднай абароны.

Статус уцекача

Каму прадстаўляецца?

Асобе, якая ў выніку цалкам абгрунтаваных і індывідуальных перасцярогаў можа стаць ахвярай пераследу прынамсі праз адну з прыкметаў: раса, рэлігія, нацыянальнасць, палітычныя перакананні, прыналежнасць да пэўнай сацыяльнай групы.

«Кожная справа разглядаецца індывідуальна. Часта не так проста вызначыцца, які статус мусіць быць, таму ёсць другая інстанцыя, якая разглядае абскарджанне рашэнняў – Рада па справах уцекачоў, а таксама дзве судовыя інстанцыі», – зазначае Вольга Дабравольская.

Калі казаць пра беларусаў, статус уцекача часцей надаецца тым, хто ўжо даўно ў палітыцы ці грамадзянскім актывізме, прыйшоў у гэтыя сферы яшчэ да 2020 года. Найбольш шанцаў у публічных асобаў, а таксама журналістаў, праваабаронцаў, юрыстаў, кажа наша суразмоўца.

Калі падаеце заяву на міжнародную абарону, трэба звярнуць увагу на тое, да якой уразлівай сацыяльнай групы вы належыце.

«Жанчыны, актывісты ЛГБТК+, напрыклад, былыя сілавікі і інш. Зараз я змагаюся за тое, каб уразлівай сацыяльнай групай быў прызнаны працоўны рух Беларусі не як арганізацыя, а агулам людзі, якія працуюць на фабрыках і заводах, уваходзяць у прафсаюзы, каб ім давалі статус уцекача не толькі праз палітычныя перакананні, а таму, што падвяргаюцца пераследу як прадстаўнікі гэтай уразлівай групы. У нас, напрыклад, вялікая колькасць справаў са Швецыі, якая не прызнае прафсаюзы сацыяльнай групай і таму не надае міжнародную ахову такім асобам», – распавядае Вольга Дабравольская.

Сацыяльныя групы могуць быць рознымі.

«У маёй калегі была справа жанчыны, якая сарвала балаклаву з амапаўца. Калега старалася давесці, што такія жанчыны, якія зрывалі балаклавы з сілавікоў, могуць таксама быць уразлівай сацыяльнай група», – кажа юрыстка.

Каб прэтэндаваць на статус уцекача, важна, каб пераслед быў індывідуальны.

«Гэта значыць, што ўлада пра нас ведае, мы ёй не падабаемся, і яна нас будзе пераследаваць праз гэта», – зазначае экспертка.

Куды падаваць заяву?

Падаць заяву можна ў любую пляцоўку памежнай службы, адна з іх знаходзіцца ва Упраўленні па справах замежнікаў па адрасе: Варшава, ul.Tabarowa, 33. Абавязковыя ўмовы – знаходжанне на тэрыторыі Польшчы і немагчымасць атрымаць абарону ўладаў краіны паходжання.

Управление по делам иностранцев в Мазовецком воеводстве, Упраўленне па справах замежнікаў Мазавецкага ваяводства

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Упраўленне па справах замежнікаў Мазавецкага ваяводства. Варшава, Польшча.

Фота: Белсат

Якімі дакументамі рэгулюецца?

Жэнеўскай канвенцыяй аб правах уцекачоў 1951 года і польскім законам аб прадстаўленні іншаземцам абароны, а таксама еўрапейскім правам, напрыклад, дырэктывай пра агульныя працэдуры прадстаўлення і пазбаўлення міжнароднай абароны.

Калі могуць пазбавіць статусу ўцекача?

Калі вы добраахвотна звяжыцеся з уладамі Беларусі, напрыклад, папросіце беларускія ведамствы аб выдачы вам нейкіх дакументаў, выедзеце на тэрыторыю Беларусі, паўторна прымеце беларускае грамадзянства пасля таго, як вас яго пазбавілі, кажа кіраўніца аддзелу прававой дапамогі ЦБС. Таксама кантакты з беларускай амбасадай могуць прывесці да страты статусу.

Сярод падставаў для пазбаўлення ў тым ліку – прыняцце грамадзянства трэцяй краіны.

«Напрыклад, калі чалавек атрымаў абарону ў Польшчы, жыве ў Літве і атрымаў літоўскае грамадзянства», – зазначае юрыстка.

Яшчэ адна падстава – калі перастаюць існаваць абставіны, праз якія чалавек атрымаў статус уцекача.

«Напрыклад, у Беларусі адбылася змена ўлады, прайшлі дэмакратычныя выбары, чалавек больш не баіцца пераследу і можа вярнуцца і жыць у Беларусі. Аднак і ў выпадку змяненняў у краіне можна абскарджваць рашэнне першай інстанцыі і змагацца за свае правы, калі ўцякач мяркуе, што пагроза для яго яшчэ існуе. Напрыклад, у Беларусі змяняецца палітычная сітуацыя, але прыходзяць улады Расеі. У такім выпадку пагроза застаецца. Можна сустрэць меркаванне, што беларус можа бяспечна знаходзіцца ў Расеі, але мы ўвесь час кажам ва Упраўленні пра справах іншаземцаў, што гэта не так», – кажа Вольга.

Каментар

«Каб людзі мелі пэўнасць». Польшчу папрасілі выдаваць беларусам «замяняльнік пашпарту» на 3 гады

2024.04.24 22:36

Калі чалавек здзейсніў злачынства супраць міру, чалавецтва ці ваеннае злачынства, ці калі высветліцца, што ён схлусіў падчас падачы заяўкі, падаў падробленыя дакументы, яго таксама могуць пазбавіць статусу ўцекача.

«Да гэтага можа прывесці супраца з пасярэднікамі, якія прапануюць за вялікія грошы падробленыя дакументы. Калі высветліцца хоць праз 10 гадоў, што такое было і былі прадстаўленыя непраўдзівыя дакументы, чалавека могуць пазбавіць статусу ўцекача».

Статус уцекача дае права на судовую сістэму ў Польшчы. Калі чалавек са статусам уцекача здзяйсняе злачынства, яго будуць судзіць у Польшчы, ён будзе сядзець у польскай турме, але яго не дэпартуюць, як гэта можа быць, калі была прадстаўленая дадатковая ахова, кажа экспертка.

Калі можна прэтэндаваць на грамадзянства?

Праз 5 гадоў з моманту падачы заявы на міжнародную абарону можна падаць заяву на атрыманне дазволу на пастаяннае жыхарства і яшчэ праз два гады – грамадзянства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пашпартны стол, парадак падачы заявы і атрымання польскага пашпарта.

Фота: Daniel Dmitriew / Forum

Якую дапамогу можна атрымаць ад дзяржавы?

Міжнародная абарона прадугледжвае сацыяльную дапамогу як падчас працэдуры, так і пасля атрымання статусу ўцекача ці дадатковай абароны. Падчас працэдуры дапамога фіксаваная, пасля атрымання статусу можа быць рознай у залежнасці ад асабістай сітуацыі чалавека.

Таксама падчас працэдуры і цягам двух месяцаў пасля атрымання рашэння можна атрымліваць бясплатную медычную дапамогу.

У выпадку атрымання станоўчага рашэння аб абароне можна ўвайсці ў індывідуальную праграму інтэграцыі, у рамках якой можна атрымліваць медычную, фінансавую і інтэграцыйную падтрымку.

Ці можна працаваць?

Пасля атрымання статусу ўцекача чалавек можа працаваць і адкрываць ІП у Польшчы, без нейкіх дадатковых дазволаў. Калі замежнік падаў заяву аб прадстаўленні яму дазволу на знаходжанне ў Польшчы (часовае, сталае ці ў якасці доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ), ён мае права працаваць у Польшчы, калі непасрэдна перад падачай заяву меў доступ да рынку працы, які даюць, напрыклад, карта паляка, гуманітарная віза і інш.

Калі падчас працэдуры па атрыманні абароны ў чалавека скончыцца гуманітарная віза, ён страціць права працаваць да атрымання станоўчага рашэння.

Калі пры падачы на абарону ў чалавека была, напрыклад, толькі шэнгенская турыстычная віза, ён зможа працаваць толькі пасля атрымання станоўчага рашэння па прадстаўленні абароны. Таксама, калі працэдура па атрыманні абароны не скончылася па нейкіх прычынах і не па віне суіскальніка цягам 6 месяцаў, замежнік можа падаць заяву на выдачу яму шэфам упраўлення па справах іншаземцаў пасведчання – разам з часовым пасведчаннем асобы замежніка (tymczasowe zaświadczenie tożsamości cudzoziemca), якое выдаецца пры падачы прашэння аб абароне – яно дае доступ да рынку працы.

Больш падрабязна пра працаўладкаванне замежнікаў у Польшчы распавядаецца ў дапаможніку, складзеным Цэнтрам беларускай салідарнасці.

Разбор

Ад міжнароднай абароны да пашпарта пасля нараджэння: як беларусам легалізаваць дзіця ў розных краінах?

2024.02.07 07:18

Дадатковая абарона

Беларусам, якія пераехалі ў Польшчу пасля 2020 года, часцей даюць менавіта дадатковую абарону, зазначае Вольга Дабравольская і прыводзіць статыстыку: з 9 верасня 2020 года па 30 красавіка 2024 года больш за 10 тысяч беларусаў атрымалі міжнародную ахову. Статус уцекача атрымалі 635 асобаў, а дадатковую абарону 8111 чалавек. 117 адмоваў і 203 справы былі зачыненыя.

«Статус уцекача даюць мала, і гэта, на маё меркаванне, няправільна. Я лічу, што беларусам у большасці павінны даваць статус уцекача, а не дадатковую абарону. Дадатковую абарону Упраўленне па справах уцекачоў дае нават калі ёсць індывідуальны пераслед, мы гэтыя рашэнні абскарджваем, і ў другой інстанцыі людзі часта атрымліваюць статус уцекача», – кажа юрыстка.

Каму даюць?

Дадатковую абарону даюць, калі іншаземец не адпавядае крытэрам прадстаўлення статусу ўцекача, але ў выпадку вяртання ў сваю краіну можа быць падвергнуты рызыцы вынясення і выканання смяротнага прысуду, катаванням, бесчалавечнаму ці зневажаючаму годнасць абыходжанню ці пакаранню, сур’ёзнай персанальнай пагрозе жыццю ці здароўю ў выніку шырокага ўжывання гвалту супраць грамадскага насельніцтва ў сітуацыях міжнароднага ці ўнутранага ўзброенага канфлікту.

Падставай для дадатковай абароны не заўсёды можа быць пераслед з боку ўладаў. Напрыклад, дадатковую абарону атрымліваюць украінцы як ахвяры ваенных дзеянняў. І не заўсёды чалавек, які атрымаў дадатковую ахову, не можа звяртацца да ўладаў сваёй краіны. Грамадзяне Украіны, напрыклад, могуць звяртацца ў амбасаду сваёй краіны, зазначае экспертка.

А вось беларусы – часцей за ўсё не могуць.

«Калі Вам прадстаўленая дадатковая абарона на падставе п. 1 і 2 арт.15 Закону аб прадстаўленні замежнікам абароны на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, гэта значыць, што вяртанне ў краіну паходжання можа падвергнуць Вас рэальнай рызыцы прычынення цяжкай шкоды шляхам вынясення прысуду ў выглядзе смяротнага пакарання і прывядзення яго ў выкананне, катаванняў, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання або пакарання, Вы не можаце звязацца з уладамі Беларусі і, такім чынам, звярнуцца ў Амбасаду», – падкрэслівае Вольга Дабравольская.

Антываенная дэманстрацыя Варшава

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг ля расейскай амбасады з нагоды другой гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Варшава, Польша.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Калі могуць пазбавіць дадатковай абароны?

Гэтак жа, як і з уцякацтвам – калі перасталі існаваць абставіны, на падставе якіх абарона была прадстаўленая, яе могуць пазбавіць, а таксама, калі замежнік здзейсніў злачынства.

«Гэта мы бачым у сітуацыях, напрыклад, калі чалавек дапамагае мігрантам пераходзіць мяжу і вязе іх у Нямеччыну – у нас у ЦБС некалькі такіх справаў, калі чалавек прызнаны небяспечным для краіны. Ці калі чалавек здзейсніў злачынства на тэрыторыі Польшчы ці за яе межамі, але дзеянні з’яўляюцца злачынствам згодна з польскім заканадаўствам».

Злачынства – калі чалавеку пагражае пазбаўленне волі на тэрмін, большы за тры гады, тлумачыць Вольга Дабравольская. Напрыклад, калі абвінавачваюць у падробцы грошай, крадзяжы з узломам, продажы наркотыкаў, кантрабандзе ці прычыненні цяжкай шкоды здароўю. У такіх выпадках чалавека могуць пазбавіць дадатковай аховы, і ў яго не будзе права заставацца ў Польшчы, каб Польшча яго судзіла. Хоць не заўсёды. Часцей будзе проста менш магчымасцяў заставацца ў краіне і мець дадатковую абарону. Аднак у Польшчы прадугледжаныя іншыя формы легалізацыі, напрыклад, знаходжанне паводле гуманітарных прычынаў ці талерантнае знаходжанне, зазначае юрыстка.

Агулам жа, ануляванне міжнароднай аховы – гэта асобная адміністратыўная вытворчасць, сур’ёзная працэдура, якая не адбываецца хутка, кажа наша суразмоўца:

«Калі чалавека пазбаўляюць статусу ўцекача, трэба даказаць, што ў яго не будзе індывідуальнага пераследу. Калі пазбаўляюць дадатковай абароны, дастаткова паказаць, што ў краіне ўжо іншая сітуацыя і чалавеку даволі бяспечна туды вярнуцца. Гэта было бачна на прыкладзе Чачэніі, калі ў пэўны момант Польшча вырашыла, што там бяспечна і можна вяртацца і пазбавіла многіх чачэнцаў дадатковай абароны. Таму дадатковай абароны прасцей пазбавіць, бо гэта палітычнае рашэнне».

Калі можна атрымаць грамадзянства?

Праз пяць гадоў ад моманту падачы заяўкі можна падаць заяву на атрыманне сталага дазволу на жыхарства, а праз тры гады прэтэндаваць на грамадзянства.

Розніца паміж статусам уцекача і дадатковай абаронай падрабязна апісаныя ў падручніку, складзеным ЦБС: «Мае правы пасля атрымання міжнароднай абароны».

Hавiны

Польшча працягнула на паўгода спрошчаны парадак выдачы беларусам «замяняльніка пашпарту»

2023.12.30 15:32

Гуманітарны ДНЖ

Якімі дакументамі рэгулюецца?

Усе віды на жыхарства ў Польшчы рэгулюе Закон аб іншаземцах.

Гуманітарны ДНЖ не з’яўляецца статусам абароны і не дае абарону, не гарантуе дапамогу ў выпадку рызыкі экстрадыцыі, падкрэслівае Вольга Дабравольская:

«Гэта стандартная легалізацыя, такая, як на падставе навучання ў ВНУ ці вучобы ў паліцыяльнай школе ці працы. Гэты ДНЖ ствараўся спецыяльна, каб беларусы, якія маюць такі від на жыхарства, маглі спрошчана легалізавацца і мець магчымасць паехаць у Беларусь».

Хто можа атрымаць?

Атрымаць гуманітарны ДНЖ можа кожны беларус, які мае гуманітарную візу.

Якія дакументы падаваць?

Заяву, фотаздымкі, пашпарт з дзейснай гуманітарнай візай. Не трэба аплочваць гербавыя зборы, карта побыту выдаецца бясплатна, адразу на тры гады, але толькі адзін раз.

Што рабіць пасля сканчэння гуманітарнага ДНЖ?

«Далей чалавек можа падаць заяву на міжнародную абарону ці легалізавацца паводле сваіх мэтаў знаходжання ў Польшчы, напрыклад, паводле працы, паяднання з сям’ёй, навучання і т.п. Гуманітарны ДНЖ быў спрошчанай магчымасцю легалізацыі для беларусаў у першы перыяд пасля пратэстаў», – кажа Вольга.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі гуляюць па Замкавай плошчы ў Варшаве, Польшча.

Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Чалавек, які атрымаў гуманітарны ці любы іншы ДНЖ, можа падацца на міжнародную ахову.

«Міжнародная ахова дае магчымасць легалізацыі нават з нелегальнага знаходжання. Маючы часовы ці сталы ДНЖ, можна ў любы момант падацца на міжнародную абарону», – зазначае юрыстка.

Калі могуць пазбавіць?

ДНЖ пазбаўляюць, калі чалавек страціў мэту знаходжання.

«Напрыклад, чалавек казаў, што ён атрымаў гуманітарную візу праз рызыку пераследу, а насамрэч яе не было. Ці чалавек удзельнічаў у пратэстах, а потым кожны тыдзень ездзіць у Беларусь. Так, гуманітарны ДНЖ дазваляе выязджаць у Беларусь, але не можа быць, напрыклад, так, што чалавек жыве ў Беларусі і ездзіць у Польшчу пастаянна «на закупы», – тлумачыць экспертка.

Ці ёсць дапамога ад дзяржавы?

Сацыяльнай дапамогі няма. Аднак, пасля атрымання дазволу на жыхарства, можна прэтэндаваць на выплаты «800+» на дзяцей.

«Гэтая дапамога выплочваецца толькі ў выпадку ДНЖ з доступам да рынку працы. Былі выпадкі, калі людзі з гуманітарнай візай, без дазволу на жыхарства атрымлівалі, але гэта праз лакальнае няведанне чыноўнікамі закону», – кажа юрыстка.

Ці можна працаваць?

Так, гуманітарны ДНЖ дае адкрыты доступ да рынку працы без прывязкі да працадаўцы, але не дазваляе адкрываць ІП.

Працоўны ДНЖ

Хто можа атрымаць?

Атрыманне дазволу на жыхарства ў Польшчы па працы – найбольш складаная працэдура з пералічаных вышэй, у якой удзельнічае не толькі іншаземец, але і працадаўца, зазначае Вольга Дабравольская. Працадаўца афармляе адпаведны дакумент для замежніка – дадатак нумар 1 (załącznik nr 1), пасля чаго ён можа падаваць заяву на атрыманне працоўнага віду на жыхарства, які складаецца з непасрэдна дазволу на жыхарства і дазволу на працу.

Калі могуць пазбавіць?

Напрыклад, калі чалавек страціць працу ў канкрэтнага працадаўцы, які прапісаны ў дазволе на працу.

«Калі чалавек страціў працу, ён аўтаматычна губляе мэту знаходжання, калі не знойдзе новую працу. Тады, калі праца ёсць, але ў іншага працадаўцы, згодна з польскім заканадаўствам, можна замяніць дазвол на працу пасля змянення працадаўцы, – кажа экспертка. – Я лічу такі ДНЖ рабствам ХХІ стагоддзя менавіта праз прывязку да працадаўцы ў рашэнні і тое, што чалавек мае 15 каляндарных дзён, каб паведаміць ваяводзе, што ён страціў працу. Ваявода ж можа ануляваць яму ДНЖ».

Трэба адрозніваць іншаземцаў, якія маюць доступ да рынку працы і іншаземцаў, якія не маюць яго. Тым, што маюць доступ – замежнікам з картай паляка, выпускнікам дзённай форму навучання ў польскіх ВНУ прасцей – ім не трэба мяняць дазвол на працу, зазначае кіраўніца аддзелу прававой дапамогі ЦБС.

Калі доступу да рынку працы няма, трэба афармляць новы дазвол на працу – яго робіць працадаўца альбо іншаземец падчас працэдуры замены віду на жыхарства.

Працоўны ДНЖ цяпер не самы папулярны ў беларусаў, зазначае юрыстка ЦБС, бо пасля 2020 года шмат хто мае падставы для атрымання міжнароднай абароны.

Калі можна атрымаць грамадзянства?

З пералічанымі вышэй ДНЖ і пры ўмове трох гадоў рэгулярнага, законнага і бесперапыннага даходу на тэрыторыі Польшчы на працягу 5 гадоў непасрэдна перад падачай заявы, можна падаць заяву на атрыманне віду на жыхарства доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі спускаюцца ў метро ў цэнтры Варшавы, Польшча.

Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Дзеля гэтага трэба будзе здаць экзамен па польскай мове на ўзровень В1, што не патрабуецца, напрыклад, для сталага дазволу на жыхарства, калі чалавек мае міжнародную ахову. Праз тры гады пасля атрымання віду на жыхарства доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ можна прэтэндаваць на грамадзянства», – кажа юрыстка.

Яшчэ адзін шлях для атрымання грамадзянства – папрасіць аб гэтым прэзідэнта Польшчы. Гэтай магчымасцю можна скарыстацца ў любы момант, маючы любы від на жыхарства, незалежна ад тэрміну знаходжання ў Польшчы, кажа Вольга.

«Часцей за ўсё прэзідэнт дае грамадзянства людзям, якія маюць заслугі перад краінай, у якіх Польшча мае інтарэс – гэта могуць публічныя асобы, палітыкі, навукоўцы, артысты. Рашэнне прэзідэнта не падлягае абскарджанню», – зазначае юрыстка.

Якую дапамогу можна атрымаць?

Тое самае, што і ў выпадку гуманітарнага ДНЖ.

На якіх умовах можна працаваць?

Толькі ў рамках, акрэсленых у рашэнні.

Дадзены матэрыял не з’яўляецца крыніцай права і быў падрыхтаваны на падставе інтэрвʼю. Прыведзеная ў ім інфармацыя адносіцца да стандартных выпадкаў і не ў поўнай меры можа датычыць індывідуальных справаў. Цэнтр беларускай салідарнасці рэкамендуе скарыстацца кансультацыяй юрыста.

Разбор

Карта паляка: што гэта такое, як яе атрымаць і ці бяспечна гэта для беларусаў

2024.05.12 15:04

Ганна Ганчар belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułNajważniejsze wydarzenia z pierwszego dnia Miami 2024
Następny artykułSPINDER TX2 LED – składany bagażnik rowerowy na hak w nowej wersji!