Расейскае выданне «Sota» паведаміла, што «буйны польскі банк “Santander” спыніў адкрыццё рахункаў беларусам нават з ВНЖ». Аднак падобна, што ідзецца пра старыя правілы, якія пачалі дзеяць яшчэ напачатку чэрвеня. Крыніца «Белсату» у банку сцвярджае, што аніякіх новых абмежаванняў у дачыненні беларусаў не з’явілася. Афіцыйна «Santander» сітуацыю не каментуе. «Белсат» даслаў банку ўжо чатыры запыты і адказу не атрымаў.
Напачатку чэрвеня сталася вядомым пра патрабаванне банку «Santander» да кліентаў – грамадзянаў Беларусі прынесці ў офіс від на жыхарства тэрмінам дзеяння не менш за 12 месяцаў. Калі гэтага не зрабіць, то, як пісалі беларусы ў эмігранцкіх чатах, установа пагражала заблакаваць інтэрнэт-банкінг і мабільную праграму, забараніць зняцце гатоўкі ў банкаматах і ўвесці іншыя абмежаванні.
ВНЖ з тэрмінам дзеяння не менш за год таксама стаў патрэбны для адкрыцця рахунку. Крыніца «Белсату» у банку запэўнівала, што адпаведны загад установа атрымала ад Камісіі фінансавага нагляду, але там у адказ на наш запыт гэта зняпраўджвалі.
«Тэза пра тое, што польскія банкі на патрабаванне Камісіі фінансавага нагляду пачалі ўводзіць істотныя абмежаванні ў дачыненні кліентаў – грамадзянаў Беларусі, не адпавядае рэчаіснасці. Камісія не давала такога патрабавання», – заявіў «Белсату» кіраўнік дэпартаменту сувязяў з грамадскасцю Камісіі фінансавага нагляду (Komisja Nadzoru Finansowego, KNF) Яцэк Баршчэўскі.
Пры гэтым ён адзначыў, што кожны банк працуе з замежнікамі паводле ўласных правілаў:
«Палітыка банкаў пры адкрыцці рахункаў нерэзідэнтаў заснаваная на індывідуальным падыходзе ў кожным канкрэтным выпадку. Банк кіруе сваімі рызыкамі і ў межах гэтага кіравання прымае рашэнні аб наладжванні або скасаванні супрацы з кліентам».
«Santander», абгрунтоўваючы новае патрабаванне, спасылаўся на еўрапейскія санкцыі. У абвестках, атрыманых кліентамі, згадваліся дзве пастановы ЕЗ: «Аб абмежавальных захадах у звязку з сітуацыяй у Беларусі і датычнасцю Беларусі да агрэсіі Расеі супраць Украіны» і «Аб абмежавальных захадах у звязку з дзеямі Расеі, што дэстабілізуюць сітуацыю ва Украіне». Аднак у пункце адной з гэтых пастановаў (артыкул 5b) вядзецца пра абмежаванні толькі ў дачыненні грамадзянаў Расеі, але не Беларусі.
Беларусы палічылі такія паводзіны банку дыскрымінацыйнымі і склалі петыцыю з патрабаваннем скасаваць новыя патрабаванні. Зварот падпісалі амаль 3 тысячы асобаў. Да змагання далучыўся кіраўнік НАУ Павел Латушка, ён таксама падпісаў петыцыю і звярнуўся ў Камісію фінансавага нагляду. У адказ там пацвердзілі, што пастанова «Santander» не звязаная з санкцыямі або патрабаваннямі польскіх уладаў і параілі звяртацца да фінансавага омбудсмана ці рэгіянальных омбудсманаў у абароне правоў спажыўцоў, а таксама ў няўрадавыя арганізацыі, што абараняюць правы спажыўцоў.
Hавiны
У Польшчы стварылі петыцыю з патрабаваннем да банку «Santander» спыніць дыскрымінацыю беларусаў
2024.06.19 17:54
Дэдлайнам, да якога грамадзяне Беларусі меліся «актуалізаваць дадзеныя», то бок прынесці ў офіс ВНЖ, было вызначанае 26 чэрвеня. Аднак пасля гэтай даты масавага блакавання рахункаў не адбылося, канстатавалі ў эмігранцкіх чатах. Пры гэтым, падобна, «Santander» нават крыху спрасціў патрабаванне да карты побыту: калі раней была абавязковая пластыкавая картка, то цяпер дастаткова штампу, які ставяць у пашпарт пасля падачы дакументаў на легалізацыю. Пра гэта ідзецца ў адказе банку на зварот аднаго з кліентаў – беларусаў.
З увагі на тое, што пасля дэдлайну «Santander» не ўчыніў «расправы», актывісты абвесцілі перамогу і супакоіліся. Сёння ж расейскае выданне «Sota» са спасылкаю на «беларусаў, якія атрымалі адказ з банку» напісала, што «Santander» спыніў адкрыццё рахункаў грамадзянам Беларусі нават з ВНЖ і што «банк таксама высунуў патрабаванне да ВНЖ: тэрмін дзеяння дакументу мае быць больш за год».
Крыніца «Белсату» у «Santander» зняпраўдзіла новыя правілы для беларусаў:
«Не, гэта няпраўда. Аніякіх новых абмежаванняў у дачыненні грамадзянаў Беларусі не ўводзілася».
Падобна, расейскае медыя цяпер распаўсюдзіла інфармацыю, што з’явілася яшчэ месяц таму.
Падчас развіцця гэтай гісторыі «Белсат» накіраваў у «Santander» тры запыты з просьбаю на каментар, аднак адказу не атрымаў. Сёння рэдакцыя даслала чацвёрты запыт і спрабавала датэлефанавацца да дырэктаркі PR-дэпартаменту Манікі Навакоўскай, але беспаспяхова.
Hавiны
Польскі банк Santander не стаў масава блакаваць рахункі беларусаў. Магчыма, толькі пакуль
2024.06.28 00:58
Сцяпан Кубік belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS