Прэзідэнт Ірану Эбрагім Раісі загінуў ва ўзносьце 63 гадоў у выніку авіякатастрофы 19 траўня. Ён быў прыхільнікам рэпрэсій і падазраецца ў датычнасці да масавых пакаранняў смерцю дысідэнтаў. Таксама пры ім Іран упершыню атакаваў тэрыторыі Пакістана і Ізраілю. «Белсат» даведаўся, якія версіі гібелі Раісі і ці зменіць яго смерць становішча ўнутры краіны і замежную палітыку Ірану.
Верталёт Мі-171, на якім былі Эбрагім Раісі, міністр замежных спраў Ірану Хасейн Амір-Абдалахіян і яшчэ некалькі афіцыйных асоб, здзейсніў жорсткую пасадку ў горнай мясцовасці на ірана-азербайджанскай мяжы. Перад здарэннем Раісі сустракаўся з кіраўніком Азербайджану Ільхамам Аліевым.
Авіякатастрофа або забойства?
Умовы надвор’я былі складаныя – туман і снег, што перашкаджала і пошукам. Аднак выключна дрэннае надворʼе або няспраўнасць верталёта не ўсе ў Іране лічаць прычынай катастрофы, распавядае іранскі палітычны аналітык у праграме «Вот Так» Араш Азізі.
«Я размаўляў з людзьмі з ураду Ірану, якія лічаць, што Раісі быў забіты. Але рэжым старанна сочыць за тым, каб не абʼяўляць гэта да таго, як будзе план дзеянняў», – кажа Азізі.
Усходазнаўца Руслан Сулейманаў адзначае «Вот Так», што пакуль невыпадковыя версіі гібелі абмяркоўваюць эксперты і сацсеткі.
«Калі мы бярэм дзяржаўныя агенцтвы і заявы буйных чыноўнікаў, пакуль гаворка ідзе выключна пра складаныя ўмовы надворʼя, магчыма, пра няспраўнасць верталёта. Калі мы бярэм экспертную супольнасць, то многія не скідалі з рахункаў зношанасць авіяпарку ў Іране. Краіна доўгі час знаходзіцца пад санкцыямі і авіяцыя моцна пакутуе праз гэта.
Таму цяпер усе версіі разглядаюцца, але я б не сказаў, што на пярэдні план выбілася версія аб тым, што хтосьці мог стаяць за гібеллю Раісі. Думаю, мы можам чакаць абвінавачванняў галоўных ворагаў Ірану ў асобе Ізраілю і Злучаных Штатаў», – кажа Сулейманаў.
Намёкі на дачыненне праціўнікаў Ірану да катастрофы заўважыў у сацсетках ізраільскі палітолаг Міхаіл Пеліверт.
«У сацыяльных сетках нават афіцыйных асоб на ўзроўні намесніка міністра або кіраўніка рэгіёну кажуць, што трэба заўсёды задацца пытаннем, каму гэтая смерць была б выгадная. Некаторыя кажуць нават, што не выпадкова менавіта пасля сустрэчы з азербайджанскім прэзідэнтам Аліевым, які для многіх зʼяўляецца “агентам сусветнага сіянізму”, загінуў Раісі.
Сумняваюся, што хто-небудзь знойдзе доказы падобным сцвярджэннях, але кожны будзе шукаць выгадныя для сябе тлумачэнні. У Іране нямала сіл, якія паспрабуюць менавіта такім чынам зʼяднаць масу агульнай нянавісці да галоўнага ворагу – Ізраілю. Або да “вялікага сатаны” – ЗША. Мяркую, што так ці інакш гэта будзе выкарыстана для мабілізацыі грамадскай думкі, прынамсі прыхільнікаў улады», – кажа «Вот Так» Пеліверт.
Каментар
Чаму арабскія краіны дапамаглі Ізраілю адбіцца ад атакі Ірану
2024.04.18 08:00
Раісі быў жорсткім, але яго смерць зменіць мала
Эбрахім Раісі актыўна ўдзельнічаў у Ісламскай рэвалюцыі ў 1978 – 1979 гадах. Араш Азізі падкрэслівае, што ў Раісі на руках больш крыві, чым у іншага любога чыноўніка Ірану. Раісі нават атрымаў мянушку «тэгеранскі мяснік».
«Частку свайго жыцця ён правёў у судовай сістэме ў 1980-х гадах, самым крывавым дзесяцігоддзі Ісламскай Рэспублікі Іран, калі былі пакараныя тысячы дысідэнтаў. Самае галоўнае і сумна вядомае – у 1988 годзе ён уваходзіў у склад смяротнай камісіі з некалькіх чалавек, якая адправіла на смерць больш за тры тысячы палітычных зняволеных», – распавядае Азізі. Разам з тым Раісі быў нехарызматычнай і невыразнай фігурай, якая ўспрымалася як слабы прэзідэнт, адзначае суразмоўца.
«Раісі належаў нават не да кансерватыўнага, а да ультракансерватыўнага лагера. Гэта ў тым ліку тыя прадстаўнікі духавенства, якія выступаюць за забарону музыкі, за ўзмацненне жорсткасці нашэння галаўнога хусткі і гэтак далей», – дадае Руслан Сулкейманаў.
Hавiны
У Іране прыняты закон, паводле якога жанчынам за непакрытую галаву пагражае 10 гадоў турмы
2023.09.21 15:17
Апытаныя эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што для палітычнай сістэмы Ірану смерць Раісі – гэта стрэс, але не крытычны. Руслан Сулейманаў таксама кажа, што ролю прэзідэнта ў Іране пераацэньваць не варта.
«Гэта не першая асоба ў краіне. Першая асоба – гэта вярхоўны кіраўнік (рахбар) Алі Хаменеі. І менавіта яму належыць уся паўната ўлады. Прэзідэнт – гэта кіраўнік выканаўчай улады. У Іране няма пасады прэмʼер-міністра. Прэзідэнт Ірану па сутнасці кіруе Кабінетам Міністраў. І ў апошнія гады пасада прэзідэнта была вельмі дыскрэдытаваная, таму што часта знешнепалітычныя рашэнні прымаліся без уліку меркавання палітычнага класа. Гэтыя рашэнні прымаліся рахбарам з удзелам сілавікоў. Самы яскравы прыклад – рашэнне аб пачатку паставак зброі Расеі.
Таму пры ўсім тым, што гэта сапраўды выклік, небяспека новых пратэстаў, турбулентнасці, перабольшваць значнасць фігуры прэзідэнта ў Іране дакладна не варта», – кажа Сулейманаў.
Пакуль дзяржСМІ Ірану транслююць, як люлі аплакваюць смерць Раісі і смуткуюць, аднак незразумела, наколькі гэта насамрэч масава.
«У Іране ўлады вельмі непапулярныя, мы пераконваліся ў гэтым. 1 сакавіка 2024 года была зафіксавана самая нізкая ў гісторыі яўка на парламенцкія выбары. А большасць з тых, хто прыйшлі, сапсавалі бюлетэні. Складана судзіць аб тым, наколькі людзі сапраўды смуткуюць, а не радуюцца гібелі прэзідэнта, таму што ўчора іранскія СМІ, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі, распаўсюджвалі запісы, як людзі проста адзначаюць, вяселяцца ў сувязі з гібеллю Раісі», – працягвае ўсходазнаўца.
Hавiны
Міністр абароны Беларусі высока ацаніў «мудрую і абачлівую» атаку Ірану на Ізраіль
2024.04.28 12:23
Трэнд на ўзмацненне жорсткасці і агрэсіўнасць
Далей, згодна з Канстытуцыяй, кіраваць урадам Ірану павінен першы віцэ-прэзідэнт па ўзгадненні з вярхоўным кіраўніком. І на працягу 50 дзён павінны быць прызначаныя новыя прэзідэнцкія выбары, распавядае Руслан Сулейманаў.
Аднак трэнд на задушэнне іншадумства ў краіне, як гэта былі пры Раісі, захаваецца, мяркуе эксперт.
«Я б не выключаў, што цяпер на першы план могуць вылучацца нейкія палітыкі-рэфарматары, якія заварушыліся апошнім часам. Перыядычна такое здараецца, але ў цэлым вектар узяты на ўзмацненне жорсткасці, на кансерватызм, у чымсьці нават на агрэсіўнасць. Вось упершыню ў гісторыі Іран нанёс удары па тэрыторыі Пакістана і Ізраілю. Гэта таксама сведчанні ўзмацнення жорсткасці і ўмацавання ястрабаў», – кажа Руслан Сулейманаў.
Наступнае сапраўднае акно магчымасцяў для рэфарматараў у Іране наступіць, калі памрэ вышэйшы кіраўнік Алі Хаменеі, які ўжо стары, а з пераемнікам на яго месца яшчэ не вызначыліся, лічыць эксперт.
Hавiны
Лаўрэатка нобэлеўскай прэміі міру абвясціла галадоўку ў іранскай турме
2023.11.06 20:14
Арсен Рудэнка belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS