Аляксандр Лукашэнка 6 ліпеня выступіў на свяце «Александрыя збірае сяброў», расказвае «БелТА». Сярод іншага ён выказаўся пра «ўратаваныя» ім вёскі – іх, аказваецца, зноў трэба ратаваць. Заклікаў беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў купляць там зямлю – хоць прычынай «смерці» вёсак можа быць якраз тое, што зямлю там не прадаюць па-сапраўднаму.
Аляксандр Лукашэнка наракаў, што ліпень – адзін з самых цяжкіх для яго месяцаў, бо ў гэты месяц адбываецца «шмат масавых мерапрыемстваў», а яшчэ і пачынаецца ўборачная кампанія. Цяпер толькі вярнуўся з саміту Шанхайскай арганізацыі супрацы, будзе працаваць з Александрыі і глядзець, як рыхтуюцца да збору ўраджаю: «Пакуль Бог надарыў нас выдатным ураджаем, праца будзе найцяжэйшая».
Вяртанне з саміту на сяло для яго – як «у іншы свет»: «Ты прыходзіш да сваіх вытокаў, тут табе лепш, прасцей. І літаральна за дзень ты становішся здаровым, моцным, як і раней у тыя часы, калі ты хадзіў па гэтай зямлі». Толькі перад мясцовымі жыхарамі цяжка выступаць:
«Гэта самае складанае: прыйсці да вас, казаць тут нешта, выступаць, разумеючы, што людзі, якія сядзяць у гэтым амфітэатры, думаюць пра цябе рознае», – прызнаўся Лукашэнка.
Лукашэнка заклікаў беларусаў і «самых блізкіх нашых сяброў з Украіны і Расеі» купляць участкі «ў так званых неперспектыўных сёлах», бо яны прадаюцца «за грашы», а маюць плошчу ў 40–50 сотак, у адрозненне ад участкаў на 6 сотак блізу гарадоў. Прапанаваў рабіць там хаця б лецішчы, бо «ў вас ёсць дзеці і яны маюць хадзіць басанож па зямлі». Падганяў: купляйце сёння, бо «заўтра гэтых участкаў не будзе, бо Беларусь стала ціхім і спакойным, утульным кутком для расейцаў і ўкраінцаў».
«Вы ведаеце, што вёска ў нас выратаваная. Мы будуем больш за паўтары тысячы аграгарадкоў, ужо вызначана, дзе яны будуць. У нас засталіся сярэднія і зусім маленькія вёсачкі, дзе раней жыло шмат-шмат людзей, – казаў Лукашэнка. – Гэта ж выдатныя месцы, цуд месца. Яны не павінны загінуць, вось гэтыя сярэднія вёсачкі, маленькія. А хто іх адновіць, хто іх захавае? Мы з вамі!»
Лукашэнка не першы раз абураецца станам «уратаванай» ім вёскі. Напрыклад, у тым жа Шклоўскім раёне, дзе «Александрыя збірае сяброў», ён у 2019 годзе крычаў на чыноўнікаў за «абасраных» кароваў.
Дзе купляць? Якія менавіта раёны з таннай зямлёй меў на ўвазе Лукашэнка, ён не расказаў. Савет міністраў раней вызначаў рэгіёны, адсталыя ў сацыяльна-эканамічным развіцці, але абноўленых спісаў даўно не публікавалі. Цяпер Саўмін публікуе спіс тэрыторыяў «з напружанай сітуацыяй на рынку працы», у 2024 годзе такіх тэрыторыяў – 23 раёны са 118. У Магілёўскай вобласці, дзе «Александрыя збірае сяброў», гэта Асіповіцкі, Дрыбінскі, Клічаўскі, Краснапольскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Чэрыкаўскі.
Як купляць? Браць у дзяржавы ў арэнду. Фармальна ў Беларусі ёсць не толькі арэнда, але і прыватная ўласнасць на некаторыя землі – тыя, што пад будаўніцтва капітальных пабудоваў і вядзення падсобнай гаспадаркі. Але любы ўчастак могуць канфіскаваць у дзяржаўных мэтах, калі дзяржава захоча там нешта збудаваць. Землі для сельскай гаспадаркі не могуць быць у прыватнай уласнасці (супраць свабоднага продажу зямлі, паводле афіцыйных звестак, на «рэферэндуме» 1996 года нібыта выказаліся 82,88 %). Адсутнасць сапраўднай прыватнай уласнасці на зямлю называюць адной з прычынаў «смерці» вёсак.
Hавiны
«Выходзіць нейкае свінства». Эксперты падлічылі, як заняпала сельская гаспадарка Беларусі
2023.09.26 13:44
Алесь Наваборскі belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS