Кіраўнік НАУ Павел Латушка пракаментаваў смяротны вырак, які атрымаў у Беларусі грамадзянін ФРГ Рык Крыгер. Палітык мяркуе, што гэта зроблена на заданне Крамля з тым, каб абмяняць замежніка на афіцэра расейскіх спецслужбаў Вадзіма Красікава. Той адбывае пажыццёвы тэрмін у Нямеччыне за забойства былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі.
«Гэты вырак можна трактаваць як тэрарыстычны акт, і Лукашэнка насамрэч з’яўляецца тэрарыстам», – заявіў старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, каментуючы ў сваім блогу на YouTube смяротны прысуд грамадзяніну ФРГ Рыку Крыгеру.
Афіцыйнай інфармацыі пра тое, за якія менавіта дзеянні немца судзілі ў Беларусі і чаму мужчыну судзілі менавіта ў нашай краіне, няма. Паводле каналу «Мотолько. Помоги», Крыгера абвінавацілі ў «незаконных дзеяннях у дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў», «наўмысным прывядзенні ў нягоднасць транспарту і шляхоў спалучэння», «удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні», «агентурнай дзейнасці», «найміцтве» і «акце тэрарызму».
Латушка мяркуе, што Крыгеру далі смяротны вырак у Беларусі на заданне Крамля з тым, каб абмяняць немца на афіцэра расейскіх спецслужбаў Вадзіма Красікава. Той адбывае пажыццёвы тэрмін у Нямеччыне за забойства ў цэнтры Берліна былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі.
Масква намагаецца вызваліць з нямецкай турмы забойцу, якога Уладзімір Пуцін назваў патрыётам, які «зліквідаваў у адной з еўрапейскіх сталіц бандыта». Хадзілі чуткі, што Красікава могуць абмяняць на апазіцыянера Аляксея Навальнага або амерыканскага журналіста Эвана Гершкавіча. Карэспандэнту «The Wall Street Journal» 19 ліпеня суд у Екацярынбурзе прызначыў 16 гадоў калоніі нібыта за шпіянаж.
Пры гэтым, як пісалі медыі, Нямеччына не хацела адпускаць Красікава за вызваленне Гершкавіча, а Навальны, які мог быць удзельнікам абмену, раптоўна памёр за кратамі.
Hавiны
Расейскія СМІ: Пуцін абмяркоўваў абмен Навальнага ўсяго за некалькі гадзінаў да ягонай смерці
2024.03.08 12:01
«Цяпер Лукашэнка разам з Пуціным пастанавілі не пакідаць Берліну выбару і ўзялі ў закладнікі грамадзяніна Нямеччыны і прыгразілі яму карай смерцю. Павысілі стаўкі», – сказаў Латушка.
Ён мяркуе, што наступствам такога шантажу Нямеччыны – адной з галоўных краінаў Еўразвязу і свету – можа стаць сапраўдная жалезная заслона паміж Беларуссю і ЕЗ, прычым як для людзей, гэтак і для тавараў. Нашая краіна страціць выгаднае транзітнае становішча.
«Падавалася б, для Лукашэнкі найлепшым сцэнаром было б дамовіцца з Польшчаю, заручыцца падтрыманнем Кітаю, аднак замест гэтага высвятляецца, што ён плануе расстраляць грамадзяніна Нямеччыны. Можна сказаць толькі адно: Лукашэнка, які намагаецца ствараць з сябе геапалітычнага гульца і стратэга, на паверку проста ідыёт. Ён тэрарыст, неадэкватнасць якога не мае чырвоных лініяў», – заявіў кіраўнік НАУ.
Палітык папярэдзіў «прыхільнікаў і абслугу Лукашэнкі» пра пагрозу акупацыі Беларусі Расеяй, калі інтарэс да нашай краіны страціць і ЕЗ, і Кітай:
«Лукашэнкі ў любым выпадку аднойчы не стане, заўтра ён памрэ. І хай ён зыходзіць з логікі, што пасля яго хоць патоп, але вам потым жыць у краіне, якой неадэкватны дзед-тэрарыст падпісаў смяротны прысуд».
Да версіі, што Крыгера ўжо прапанавалі Берліну для абмену на забойцу-спецслужбоўцу, схіляецца таксама гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. У сваім Telegram-канале ён напісаў, што «Расея ўлучыла Лукашэнку ў гульню менавіта дзеля таго, каб прымусіць Нямеччыну перадаць Красікава і захаваць у сябе Гершкавіча для будучых абменаў з ЗША».
«Для Берліна кара смерцю Крыгера стане не толькі чалавечай трагедыяй, але і палітычным фіяска», – упэўнены Фрыдман.
Ён таксама выказаў здагадку, як немец апынуўся ў Беларусі:
«Крыгера ўзялі ў палон ва Украіне расейцы, а Беларусь яны традыцыйна выкарыстоўваюць для сваіх мэтаў. Цяпер гэта гульні з Захадам. Беларусь у гэтым выпадку патрэбная Крамлю ў якасці краіны з смяротным пакараннем – для ўзняцца ставак».
Выснову пра тое, што перамовы аб абмене пачаліся, умацоўвае паведамленне беларускага МЗС 20 ліпеня:
«Кантакты з нямецкім бокам у гэтай тэме, натуральна, былі. З улікам просьбы МЗС ФРГ канкрэтныя развязанні ў варыянтах развіцця сітуацыі, што маюцца, беларускім бокам прапанаваныя. Кансультацыі ў гэтай тэме трываюць паміж міністэрствамі замежных справаў двух краінаў».
Аб’ектыў
Смяротнае пакаранне ў Беларусі прысудзілі грамадзяніну Нямеччыны
2024.07.20 22:35
Сцяпан Кубік belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS